Пошук

14.08.2021 21:35   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Відэа: кс. Аляксандр Улас і Марцін Палінеўскі / Catholic.by

У суботу 14 жніўня ў Барысаве арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў пасвячэнне новазбудаванага касцёла Спаслання Духа Святога.

Сімвалічна, што гэтая ўрачыстая падзея, якую вернікі маладой каталіцкай супольнасці аднаго з найбуйнейшых райцэнтраў Беларусі чакалі больш за дзесяць гадоў, адбылася ў год святога Юзафа — Апекуна паўсюднага Касцёла.

Падзея для горада на Бярэзіне сапраўды гістарычная, бо да гэтага часу ў Барысаве існаваў толькі адзін касцёл, які памятае яшчэ Напалеона.

Новы касцёл з’явіўся ў маладой частцы горада, якая хутка расце і дзе жыве шмат католікаў.

Ва ўрачыстасці пасвяэння бралі ўдзел Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі мясцовай улады і шматлікія вернікі.

Перад уваходам у касцёл працэсію духавенства сустрэлі парафіяне, якія шчыра прывіталі арцыбіскупа Кандрусевіча і ўручылі яму сімвалічны ключ ад новазбудаванай святыні. Заслужаны іерарх выказаў радасць ад таго, што часы, калі касцёлы на нашай зямлі зачыняліся і руйнаваліся злачыннай савецкай уладай, змяніліся часам адраджэння Касцёла, калі ў Беларусі будуюцца і адчыняюцца новыя святыні. Са слязьмі радасці на вачах, арцыпастыр запрасіў усіх увайсці ўсярэдзіну касцёла: «З радасцю ўвойдзем у дом Божы!»

Дух Святы паступова і няўхільна змяняе аблічча беларускай зямлі.

За гэты год у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пасвячаецца ўжо другі касцёл у Яго гонар: у студзені арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пасвяціў касцёл Святога Духа ў мікрараёне Чыжоўка ў Мінску.

На пачатку ўрачыстасці пасвячэння касцёла Спаслання Духа Святога ў Барысаве пробашч парафіі ксёндз канонік Аляксей Раманчук, чыімі намаганнямі вялося будаўніцтва святыні і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, коратка распавёў пра гісторыю таго, як у Барысаве з’явіўся гэты новы касцёл.

«Усё пачыналася на пачатку 2000-х гадоў, калі святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк стварыў у Барысаве новую парафію, першым душпастырам якой стаў „патрыярх“ барысаўскай зямлі ксёндз Юзаф Пятушка.

Дзякуй Богу за тое, што сёння ён прысутнічае сярод нас», — сказаў ксёндз Аляксей. Ён дадаў, што яшчэ адзін былы пробашч, барысаўчанін ксёндз Аляксандр Тарасевіч, які цяпер нясе служэнне ў Іспаніі, далучаецца да ўрачыстасці з дапамогай прамой трансляцыі, арганізаванай парталам Catholic.by. Святар падзякаваў яшчэ двум душпастырам, якія прычыніліся да станаўлення і развіцця парафіі: ксяндзу Адаму Дынаку і ксяндзу Уладзіславу Лазару, які распрацаваў праект будучага касцёла.

На заканчэнне ўрачыстасці словы падзякі прагучалі і ў адрас усіх тых, хто дапамагаў у гэтай высакароднай Божай справе, а гэта вялікая колькасць людзей як у Беларусі, так і з замежжа. Асаблівым чынам пробашч адзначыў заслугі тутэйшага парафіяніна Юзафа Зубовіча, чый унёсак быў адзначаны памятнай шыльдай на ўваходзе ў касцёл, а таксама папскім медалём, які ўручыў яму арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Распачынаючы цэлебрацыю святой Імшы, арцыпастыр сказаў, што ахвяруе яе ў інтэнцыі ўсіх тых, хто прычыніўся да будаўніцтва святыні і добраўпарадкавання тэрыторыі вакол яе.

На пачатку іерарх здзейсніў благаслаўленне вады і акрапіў ёю людзей — жывы Касцёл Божы, а таксама сцены рукатворнай святыні, якая становіцца бачным домам Божым, дзе бруіць крыніца духоўнага адраджэння вернікаў.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што дзень пасвячэння новага касцёла ў Барысаве — гэта дзень духоўнага нараджэння новай святыні, якая становіцца домам малітвы і месцам сустрэчы чалавека з Богам.

«Кожная рэлігія мае сваё святое месца, дзе людзі адчуваюць блізкасць Бога. <…>

Для нас, католікаў, такім месцам з’яўляецца касцёл, дзе абвяшчаецца Божае слова, цэлебруецца Эўхарыстыя і іншыя сакрамэнты, здзяйсняецца дабрачыннасць», — адзначыў арцыпастыр.

Нагадаўшы вучэнне Езуса пра тое, што Богу неабходна пакланяцца ў духу і праўдзе (пар. Ян 4, 19–24), напамін апостала Пятра, што мы з’яўляемся жывымі камянямі духоўнага дома (пар. 1 П 2, 4–9), а таксама словы святога Паўла пра тое, што мы з’яўляемся святынямі Святога Духа (пар. 1 Кар 3, 9–17; 6, 19–20), іерарх прапанаваў паразважаць над тым, навошта хрысціянам патрэбна святыня.

«Што робіць касцёльны будынак святым месцам? Літургічны акт пасвячэння, а таксама тое, што адбываецца тут пасля гэтага: абвяшчэнне Божага слова, цэлебрацыя сакрамэнтаў, перадусім Эўхарыстыі, і іншыя набажэнствы. У выніку касцёл становіцца не столькі будынкам, колькі прысвечаным Богу месцам. <…>

У касцёле здзяйсняюцца незвычайныя справы: людзі становяцца дзецьмі Божымі, хлеб і віно перамяняюцца ў Цела і Кроў Хрыста, грэшнікі — у святых… Такія выключныя справы патрабуюць выключнага месца!» — сцвердзіў заслужаны іерарх.

Дадаўшы, што сапраўдным Касцёлам з’яўляецца Божы Народ, які складаецца з жывых камянёў чалавечых сэрцаў, ён выказаў пажаданне, «каб мы сталі Божым Народам, які будуе сваю будучыню на каштоўнасцях Евангелля і адчуве адказнасць за евангелізацыю сучаснага свету».

«У гісторыі нашай краіны і ва ўсім свеце Барысаў вядомы перамогай над напалеонаўскім войскам на рацэ Бярэзіне. Мы — мірныя людзі, але павінны змагацца з новым ворагам, імя якому секулярызм і маральны рэлятывізм.

Нашыя продкі перамаглі ва ўмовах бязбожнага і нялюдскага савецкага рэжыму, але ці пераможам мы ў час свабоды?

Яны захавалі веру і перадалі яе маладому пакленню падчас ганенняў. Ці мы зможам яе захаваць і перадаць наступным пакаленням ва ўмовах свабоды веравызнання? Для гэтага неабходна карыстацца тымі духоўнымі магчымасцямі, якія нам дасць новазбудаваны касцёл. Не толькі цешыцца яго прыгожай архітэктурай, але праз малітву і ўдзел у сакрамэнтах самім станавіцца духоўна прыгожымі сятынямі Святога Духа», — заахвоціў вернікаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Адзначыўшы, што пасвячэнне новага барысаўскага касцёла адбываецца ў вігілію ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, сваю гамілію арцыпастыр завяршыў кароткай малітвай:

«Духу Святы, якому прысвечана новая святыня, кіруй намі і дапамагай узрастаць у святасці, каб мы на зямлі будавалі цывілізацыю любові, міру, супакою і жыцця, а ў вечнасці дасягнулі радасці прабыванняя ў нябесным Ерузалеме разам з нашай духоўнай Маці Марыяй».

Пасля гаміліі ўдзельнікі ўрачыстасці узнеслі малітву літаніі да Усіх Святых, просячы іх заступніцтва і апекі. На яе заканчэнне з вежы святыні загучалі званы. Пад іх радасны перазвон арцыбіскуп Кандрусевіч прачытаў малітву пасвяэння касцёла і алтара, пасля чаго разам з біскупам Касабуцкім намасціў сцены і алтарную менсу алеем хрызмам.

Новапасвячаны алтар быў засцелены белым абрусам, пасля чаго жанчыны і дзяўчаты ўпрыгожылі яго кветкамі.

Нарэшце, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перадаў пробашчу парафіі ксяндзу Аляксею запаленую свечку, ад якой святар запаліў свечкі на алтары, і на ім адбылася першая пасля пасвячэння Эўхарыстычная ахвяра Хрыста.

На заканчэнне ўрачыстасці канцлер Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі прачытаў дэкрэт — афіцыйны дакумент аб пасвячэнні касцёла ў Барысаве.

 

Абноўлена 16.08.2021 14:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа