24 верасня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі абвясціў аб прызначэнні ксяндза Алега Мурзіча ганаровым канонікам Мінскага катэдральнага капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай.
Аб сваім рашэнні іерарх паведаміў падчас урачыстай святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Канстанцінаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат), дзе ксёндз Алег ужо дзясяты год з’яўляецца пробашчам. Да гэтага больш за дзесяцігоддзе ён быў душпастырам у парафіі Маці Божай Міласэрнасці ў Беразіне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Барысаўскі дэканат).
Сёлета ксёндз Алег Мурзіч адзначыў 25-гадовы юбілей з часу прэзбітэрскага пасвячэння, якое прыняў 1 чэрвеня 1998 года з рук тагачаснага арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага кардынала Казіміра Свёнтка. Таксама сёлета 19 верасня святару споўнілася 50 гадоў.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі павіншаваў свайго аднакурсніка па Гродзенскай духоўнай семінарыі з падвойным юбілеем і пажадаў яму далейшага плённага святарскага служэння ў вінаградніку Пана.