Пошук

20.08.2018 06:00   Catholic.by

16 жніўня ў мемарыяльнай крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія спрычыніліся да ўратавання нашай Айчыны, у межах мерапрыемстваў, прымеркаваных да 75-годдзя перамогі ў Курскай бітве, адбылася закладка капсулы з зямлёй з пасёлка Залатухіна Курскай вобласці Расійскай Федэрацыі. У мерапрыемстве браў удзел прадстаўнік каталіцкага Касцёла ксёндз канонік Францішак Рудзь.

У сваёй прамове святар адзначыў, што падчас Другой сусветнай вайны, якая для многіх стала Вялікай Айчыннай, людзі незалежна ад канфесіі, ўзросту, нацыянальнасці, прафесіі ішлі на смерць за святыя каштоўнасці, галоўнай з якіх з’яўляецца мір на зямлі.

У шэрагах загінулых былі і мучанікі розных канфесій. Іх ахвяра стала ўнёскам у агульную Перамогу. Так, у 1942 г. каля горада Глыбокае быў арыштаваны і расстраляны каталіцкі святар Мечыслаў Багаткевіч. У сваіх казаннях ён рэзка асуджаў Гітлера i развязаную ім вайну. У 1943 г. адзінаццаць сясцёр назарэтанак аддалі свае жыцці за асуджаных карнікамі на смерць мірных жыхароў і былі расстраляныя нацыстамі пад Навагрудкам.

Самае важнае сведчанне данеслі да нас тыя, хто быў удзельнікам тых трагічных і адначасова гераічных падзей. Курская бітва стала самай маштабнай ваеннай аперацыяй ў гісторыі. Сярод яе ўдзельнікаў было нямала беларусаў.

Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія спрычыніліся да ўратавання нашай Айчыны, — гэта ўвекавечванне іх памяці і праява нашага пачуцця годнасці, гонару і ўсеагульнай малітвы. Гэта сведчанне здольна ўздзейнічаць на свядомасць і сэрцы сучасных людзей; нагадваючы ім пра каштоўнасць міру.

Да міру на зямлі заклікаюць прадстаўнікі ўсіх канфесій. У 1963 г. папа Ян XXIII выдаў адмысловую энцыкліку Pacem in Terris («Мір на зямлі»), якую прысвяціў праблемам міру. У ёй адзначана, што мір на зямлі, якога ва ўсе часы прагнуць людзі, можна ўсталяваць і ўмацаваць толькі пры поўным захаванні парадку, створанага Богам.

У межах мерапрыемства ў храме прайшло набажэнства, у якім прынялі ўдзел запрошаныя прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, Каталіцкага Касцёла, а таксама юдэйскай і мусульманскай супольнасцяў. Прадстаўнік Касцёла кс. канонік Францішак Рудзь узяў за аснову Малітву за Радзіму знакамітага тэолага і пісьменніка XVI ст. Пятра Скаргі:

«Божа, Валадару і Пане народаў, з рук сваіх і волі сваёй не выпускай нас, а праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны і Каралевы нашай благаславі Айчыну нашу, каб яна была заўсёды верная Табе і хвалу прыносіла Твайму святому імені, а сыноў і дачок сваіх вяла да вечнага шчасця.

Усемагутны вечны Божа, адары нас глыбокаю і шчыраю любоўю да братоў, сясцёр і наймілейшай маці — Айчыны нашай, каб мы ёй і люду Твайму, забыўшыся пра ўласную карысць, годна служыць маглі.

Спашлі Духа Святога на слугаў Тваіх, якія кіруюць нашай краінай, каб яны згодна з Тваёю воляю маглі мудра і справядліва кіраваць давераным ім народам.

Божа, Ойча Нябесны, аддаем Табе ў апеку нашых памерлых ваяроў. Ты ведаеш іх любоў да Радзімы, працу і цяжкасці жыцця. Праз муку і смерць Твайго Сына, у якога яны верылі, прабач ім усе грахі і прымі іх у сваё Валадарства. Дапамагай нам весці годнае жыццё, каб мы маглі сустрэцца з імі ў шчаслівай вечнасці. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн».

«Курская бітва як пераломны момант Вялікай Айчыннай вайны назаўсёды павінна застацца ў памяці народнай як падзея эпахальнага значэння», — сказаў на заканчэнне святар.

Абноўлена 20.08.2018 12:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.