Дзень 15 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, правёў у Вільні, дзе па запрашэнні мясцовай супольнасці канвентуальных айцоў францішканцаў узначаліў цэлебрацыю адпустовай урачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Віленскі францішканскі комплекс складаецца з вялізных кляштара і касцёла. У савецкія часы будынкі былі канфіскаваныя і ў іх размяшчаліся розныя арганізацыі. Некалькі гадоў таму комплекс быў перададзены Гданьскай правінцыі францішканаў. Служэнне ў ім нясуць айцы францішкане з Польшчы. Для служэння ў Вільні ім давялося вывучыць літоўскую мову, бо св. Імшы тут цэлебруюцца па-польску і па-літоўску.
Віленскія касцёл і кляштар францішканаў вельмі блізкія для арцыбіскупа Кандрусевіча, бо падчас служэння ў Вільні ў 1981–1988 гадах ён жыў непадалёк і кожны дзень праходзіў побач.
У той час малады святар не аднойчы задаваў сабе пытанне: «Ці ў гэтых мурах будзе калісьці зноў гучаць малітва? Ці яны духоўна ажывуць?»
Тое, што давалася тады немагчымым для чалавека, стала магчымым для Бога.
У вернутым францішканскім касцёле арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю дзвюх св. Імшаў: адну на літоўскай а другую на польскай мовах. Беларускі іерарх таксама прамовіў казанне на трэцяй Імшы, якую цэлебраваў адзін з айцоў францішканцаў. Пасля Імшаў на падворку комплекса адбылося музычна-культурнае святкаванне ўрачастасці.
У прамоўленым Божым слове іерарх засяродзіўся на значэнні праўды веры пра ўзяцце Панны Марыі з целам і душой у неба. Ён адзначыў, што, калі ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця перадусім прысвечана душы Марыі, то ўрачыстасць Унебаўзяцця — Яе душы і целу. Яна яшчэ раз пацвярджае, што Езус збавіў усяго чалавека, і таму да нябеснай славы прызначана не толькі душа, але і цела чалавека. Першай асобай, якая дасягнула такой славы, стала Марыя.
Езус не мог дапусціць, каб цела Яго Найчысцейшай Маці распалася ў пыл і ў такім стане чакала канцу свету, каб увайсці ў радасць вечнага шчасця. Акрамя гэтага, Марыя была поўная ласкі, без граху, і таму заслужыла, каб адразу пасля завяршэння свайго зямнога жыцця перайсці ў радасць вечнага шчасця.
«Актуальны стан унебаўзятай Марыі — гэта наша будучыня. Шлях да яе ўказвае наша духоўная Маці. Гэты шлях — гэта згода з Божай воляй, гэта наш адказ Fiat — „Няхай станецца“ — Богу, які кожны дзень ставіць нам канкрэтнае пытанне. На жаль, сучасны чалавек усё часцей не згаджаецца з Божай воляй і жыве паводле сваёй уласнай, якая не супадае з Боскай. Гэта ўсё вядзе да шматлікіх трагедый, прычына якіх — крызіс веры, які распачынаецца з адмаўлення жыць паводле Божай волі», — сказаў Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп.
На жаль, канстатаваў ён, таксама і Літва, якая ў савецкія часы ганенняў на веру была яе фарпостам, усё больш паддаецца ўплыву секулярызму. Пра гэта, на думку іерарха, красамоўна сведчаць апошнія падзеі.
Некалькі дзён таму ў сталіцы Літвы распачалася рэкламная акцыя Вільні як пункту «Г» Еўропы з далёкім ад маральнага афармленнем. «Улады горада такім чынам імкнуцца прыцягнуць больш турыстаў. Але яны не думаюць пра тое, якую вялікую маральную шкоду робяць людзям, бо гэтая рэклама прапагандуе… секс-турызм! І гэта перад візітам Папы, які адбудзецца 22–23 верасня! Літоўскі Касцёл выступў супраць такой рэкламы, але, відаць, у сучасным свеце грошы вартыя больш, чым маральнасць», — з горыччу заключыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Ён дадаў, што, як на паратунак у свеце, які знаходзіцца ў маральным бязладдзі, Касцёл указвае на Марыю, на Яе прыклад згоды з Божай воляй і прыклад служэння бліжняму.
«Марыя ў Фаціме прадказала свабоду ад ганенняў і навяртанне. І так сталася. Гэтая тая вялікая рэч, якую сапраўды Бог нам учыніў. Нельга адкінуць ад сябе гэтага дару», — сцвердзіў іерарх.
Старшыня беларускага епіскапату заклікаў шматлікіх вернікаў маліцца і навяртацца, пра што Марыя прасіла ў Фаціме.
«Гэта нялёгка ў сучасных абставінах. Але з Божай дапамогай магчыма.
Як францішканскі комплекс патрабуе шмат намаганняў для яго аднаўлення, таксама трэба вельмі шмат намаганняў для нашага духоўнага аднаўлення.
Няхай Унебаўзятая Марыя выпрошвае для ўсіх нас ласку навяртання на шлях, які прывядзе да порту вечнага шчасця ў небе, каб там заняць месца побач з Унебаўзятай», — заключыў гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.