Пошук


Урачыстай св. Імшой апоўдні 4 жніўня завяршыліся ўрачыстасці ў Росіцы ў гонар благаслаўлёных марыянскіх мучанікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча ў 75-ю гадавіну іх пакутніцкай смерці, якую яны прынялі разам з жыхарамі спаленай нацысцкімі карнікамі вёскі.

У памяць пра тыя падзеі, трагічныя і гераічныя адначасова, штогод у жніўні ў Росіцу прыбывае вялікая колькасць пілігрымаў з усёй Беларусі, каб праз заступніцтва благаслаўлёных мучнікаў выпрошваць для сябе і сваіх блізкіх патрэбныя ласкі, перадусім мужнасці і трываласці ў пераадоленні жыццёвых цяжкасцяў.

Найбольш пілігрымаў прыязджае сюды, на беларуска-латвійскае памежжа, на аўтобусах ці машынах, але частка з іх пераадольвае гэты шлях пешшу, на роварах і матацыклах.

Сёлета ў Росіцу таксама прыйшлі дзве пешыя пілігрымкі: з Друі і з Полацка, прыбыла велапілігрымка з Жодзіна і пілігрымка на байках з Браслава.

Дасведчаныя пілігрымы адзначаюць, што дарога ў Росіцу заўсёды нейкім невытлумачальным, амаль містычным чынам даецца значна цяжэй, чым пілігрымкі ў іншыя святыя месцы.

Апошнія гады пілігрымкі ў Росіцу адбываліся заўсёды ў моцную спёку. Сёлета, пераадолеўшы амаль увесь шлях пад палячым сонцам і ў задусе, апошнія некалькі кіламетраў пілігрымы ішлі літаральна пад сцяною дажджу. Аднак менавіта гэты момант пілігрымкі назваў самым шчаслівым кс. Канстанцін Анашка МІС у гаміліі для ўдзельнікаў.

Пасля моцнай залевы ў небе над касцёлам з’явілася вясёлка, якую вернікі ўспрынялі як знак Божага благаслаўлення.

На парозе росіцкай святыні стомленых пілігрымаў, як заўсёды, сардэчна прывітаў апякун месца мучаніцтва благаслаўлёных ксяндзоў марыянаў кс. Чэслаў Курэчка МІС.

Урачыстасці ў Росіцы заўсёды маюць асаблівы характар. Тут няма «выпадковых» людзей; тут не відаць непатрэбнай мітусні каля гандлёвых намётаў з рознай драбязой.

Дабірацца сюды, на ўскраіну Беларусі, не вельмі зручна, таму людзі без моцнай духоўнай матывацыі сюды зазвычай не даязджаюць. І атмасфера тут пануе бадай што сямейная.

Але галоўнае тут — гэта непаўторны малітоўны дух. Малітва ў Росіцы працягваецца цэлыя суткі.

Найбольш хвалюючы момант урачыстасці — працэсія апоўначы на месца мучаніцтва, куды вернікі  ідуць, несучы знічы. Там яны пакідаюць іх каля крыжа, які потым адаруюць у цішыні. У цемры начы трапяткія агеньчыкі знічоў імкнуцца ў неба, нібы душы тых, хто тут загінуў у жахлівым полымі, у нялюдскіх пакутах.

Пра тое, чым прыцягвае шматлікіх пілігрымаў Росіца, у чым сакрэт прывабнасці гэтага месца для вялікай колькасці вернікаў, разважаў у гаміліі падчас св. Імшы на завяршэнне ўрачыстасці біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

«Людзі, якія ідуць гэтай дарогай, прысвяціўшы свой час і намаганні, праслаўляючы Бога, абуджаюць у іншых штосьці вельмі глыбокае,

— адзначыў іерарх. — Таму мы і кажам пра каштоўнасць нашых пілігрымак не толькі для тых, хто ў іх удзельнічае, але і для тых, хто іх сустракае па дарозе. Гэта — евангелізацыя». Па словах біскупа, свет, у якім усё нібыта скіравана на задаволенне патрэбаў чалавека, не можа задаволіць тугі па Божым Валадарстве.

«Гэтую ролю выконваюць і сведкі Езуса Хрыста; тыя, хто пайшоў да канца, хто не пашкадаваў свайго жыцця дзеля Божага Валадарства. Такімі з’яўляюцца благаслаўлёныя мучанікі Юрый і Антоній, — падкрэсліў іерарх. — Менавіта таму гэтае месца прыцягвае шматлікіх пілігрымаў. Праз іх прыклад мы адчуваем у сабе гэтую тугу па небе, па Божым Валадарстве. Каштоўнасць гэтага месца ў тым, што яно дазваляе гэтай тузе ў нашым сэрцы не загаснуць».

Сярод шматлікіх святароў абодвух абрадаў, якія сёлета ўдзельнічалі ў росіцкіх ўрачыстасцях, быў таксама адзін з найстарэйшых мясцовых прэзбітэраў — кс. Юзаф Пятушка, марыянін. У 1942 г. благаслаўлены Антоні Ляшчэвіч удзяліў будучаму святару Першую св. Камунію.

Ксёндз Юзаф дагэтуль памятае, як ён малым хлопцам служыў пры алтары ў росіцкім касцёле, як не раз ягоны бацька ў нечым пераконваў айца Антонія…

Напрыканцы ўрачыстасці заўсёды гучаць словы ўдзячнасці тым, хто спрычыніўся да яе арганізацыі. Асаблівая падзяка, канешне, кс. Чэславу Курэчку МІС, пробашчу росіцкай парафіі, які сваёй нястомнай працай ператварыў занядбаны калісьці кавалак зямлі ў прыгожы сад.

Ягонае служэнне ў Росіцы — яшчэ адно сведчанне таго, як праз шэрую руплівую працу чалавек з Божай дапамогай стварае тут, на зямлі, тую прыгажосць, што нагадвае нам пра дасканалае хараство Божага Валадарства.

Абноўлена 06.08.2018 12:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.