Пошук

23.07.2018 14:17   Catholic.by

Пастырскі ліст
Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
на жнівень 2018 года — месяц цвярозасці

Дарагія браты і сёстры!

У нашай Пінскай дыяцэзіі ўжо стала традыцыяй, што жнівень мы адзначаем як месяц цвярозасці і заахвочваем да ўстрымання ад алкаголю. Праблема злоўжывання алкаголем — вельмі актуальная. З году на год у свеце расце спажыванне алкаголю. Гэтая сітуацыя выклікае яшчэ большую заклапочанасць у сувязі з тым, што злоўжываць алкаголем пачынаюць штораз маладзейшыя людзі. Алкагалізм становіцца не толькі медыцынскай, але і грамадскай праблемай, бо спараджае такія з’явы, як хатняе насілле, канфлікты з законам, дэмаралізацыю дзяцей і моладзі, распад сям’і і многае іншае.

Біблійны погляд на алкаголь можна акрэсліць наступным чынам: ён існуе для людзей, але трэба асцерагацца яго злоўжывання. Псальміст славіць Бога за Яго веліч, якая праяўляецца ў стварэнні, і кажа, што хлеб і віно — гэта Божыя дары для чалавека, якія падмацоўваюць і весяляць сэрца (пар. Пс 103 (102), 15). Падобна кажа і мудрэц Сірах: «Віно для жыцця чалавека, калі будзеш піць яго ўмеркавана. Што за жыццё без віна? Яно створана для радасці людзей. Палёгка сэрцу і суцяшэнне душы — віно, калі п’юць яго ў свой час» (пар. Сір 31, 31–24). Але пасля пахвалы віну Сірах адразу ж дадае: «Гора для душы, калі п’юць яго шмат».

Такая перасцярога ўласцівая і для Старога, і для Новага Запавету. Першым цудам, здзейсненым Панам Езусам, было перамяненне вады ў віно на вяселлі ў Кане Галілейскай. З гэтага відаць, што Езус не з’яўляецца ворагам чалавечай радасці, а алкаголь, які п’ецца з умеркаванасцю, не толькі дазволены, але і добры. Ацэнка радыкальна мяняецца, калі чалавек пераходзіць меру (пар. Мц 24, 48–51).

Агульна кажучы, бяда наступае тады, калі не чалавек кантралюе спажыванне алкаголю, а алкаголь захоплівае кантроль над чалавекам. Важна практыкавацца ва ўмеркаванасці. Таму, хто не можа адмовіцца ад другога кілішка, лепш не браць і першага. У Новым Запавеце шмат разоў гучыць перасцярога, што п’яніца рызыкуе быць асуджаным навечна. Святы Павел, апостал народаў, называе п’янства грахом, з-за якога чалавек можа быць выключаны з удзелу ў жыцці вечным: «Ні злодзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні паклёпнікі, ні рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае» (пар. 1 Кар 6, 10). Збаўлення таксама пазбаўляюць «распуста, нячыстасць, разбэшчанасць, ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, нязгоды, ерасі, нянавісць, п’янства, непрыстойнасць і падобнае да гэтага. Кажу вам зноў, як і казаў, што тыя, хто гэта робіць, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага» (пар. Гал 5, 19–21). А між тым святы апостал Павел не быў ворагам алкаголю, бо сам наказваў Цімафею: «Адгэтуль не пі вады, але патроху ўжывай віна з увагі на страўнік і твае частыя немачы» (пар. 1 Цім 5, 23).

Што рабіць, калі хтосьці знаходзіцца ў залежнасці і не можа ад яе пазбавіцца? Выратаванне ад алкагалізму — гэта сапраўды цяжкая справа. Не ўсім удаецца вырашыць праблему. Ці гэта значыць, што ўсе практыкуючыя алкаголікі будуць асуджаныя згодна са словамі апостала Паўла? Мы не можам зрабіць такой высновы. Трэба памятаць, што Апостал напісаў гэтыя словы зусім не для таго, каб мы на іх падставе асуджалі іншых. А напісаў ён іх для таго, каб кожны адносіў гэтыя словы да сябе асабіста. І тады яны маюць моц, здольную перамяніць нас. Няхай прыкладам гэтага будзе святы Аўгустын, які пачуў голас: «Бяры і чытай!» Калі ён разгарнуў Святое Пісанне, яго позірк натрапў на радок з Паслання да Рымлянаў: «Як у дзень, будзем паводзіць сябе прыстойна, не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці» (пар. Рым 13, 13). Словы апостала Паўла сталі для Аўгустына імпульсам да перамены жыцця. Таму ён стаў святым. А калі б Аўгустын падумаў, што гэтыя словы адносяцца не да яго, а да іншых, то былі б яны бясплённымі.

Часам чалавек пачынае выпіваць па кілішку штовечар і не заўважае, як трапляе ў сеці залежнасці. Дык калі ж спажыванне алкаголю не ўяўляе сабою небяспекі, а калі ўжо можна казаць пра сімптомы алкагольнай хваробы? Не заўсёды ўжыванне алкаголю сведчыць пра залежнасць. Перш, чым да гэтага дойдзе, праяўляюцца пасрэдныя стадыі, якія лекары акрэсліваюць як «станы рызыкі». Спачатку рызыкоўнае, а потым і шкоднае піццё з’яўляюцца этапамі на шляху да алкагалізму. Рызыкоўнае піццё праяўляецца тады, калі чалавек празмерна шмат выпівае, але гэта яшчэ не вядзе да яўных фізічных ці псіхічных праблем. Рызыкоўным лічыцца таксама піццё ў неадпаведных акалічнасцях: на працы, падчас хваробы і да т.п.

Прынята лічыць, што ёсць пэўныя межы ўжывання алкаголю, якія могуць указваць, што чалавек стаў на дарогу рызыкоўнага піцця. Для жанчын гэта прыкладна 20–40 грамаў чыстага этанолу ў дзень, а для мужчын — 40–60 грамаў. Але пры гэтым варта памятаць, што ўніверсальных параметраў няма. Таму некаторыя людзі могуць трапіць у залежнасць, п’ючы нават менш за гэтую норму. Усё залежыць ад індывідуальных асаблівасцяў арганізму чалавека. Празмернае піццё вядзе да развіцця алкагалізму. Тут з’яўляюцца наступствы злоўжывання алкаголем: павялічваецца печань, расце ціск, узнікаюць дэпрэсіўныя станы, павялічваецца ўзбуджальнасць і раздражняльнасць, з’яўляюцца праблемы на працы, канфлікты ў сям’і, агрэсія ў адносінах да дзяцей.

Напэўна, нікога не трэба пераконваць у тым, што алкагольная залежнасць разбуральна ўздзейнічае на арганізм. Этанол прытупляе псіхічную актыўнасць мазгоў, парушае функцыі інтэлекту, матывацыю і сферу эмоцый. Мова становіцца неразборлівай, а рухі нескаардынаванымі. Алкаголь вядзе да парушэнняў працы сэрца, страўніка, падстраўнікавай залозы і печані, а скура пачынае старэць значна хутчэй.

Злоўжыванне алкаголем нясе з сабою дрэнныя наступствы для жыцця сям’і. Алкагалізм, насамрэч, — гэта хвароба, што закранае ўсіх яе членаў. У доме, дзе п’юць, пастаянна пануе стан эмацыйнай напружанасці і стрэсу. Алкагалізм вядзе да насілля, агрэсіі, матэрыяльных праблем, да канфліктаў з законам. У сям’і алкаголіка няма пачуцця бяспекі і стабільнасці. Там пачынаюць дамінаваць страх, сорам, жаль, смутак, пачуццё віны і гнеў. Такая сям’я стараецца схаваць сваю праблему ад іншых, робячы выгляд, што ўсё нармальна. Такім чынам, праблема паглыбляецца. Алкагалізм у сям’і можа выклікаць у іншых яе членаў псіхічныя захворванні, напрыклад, неўрозы і дэпрэсію. Нярэдка алкагалізм становіцца прычынай разводу.

Каб справа не зайшла аж так далёка, важна не «праспаць» першыя трывожныя сігналы злоўжывання алкаголем. Алкаголь — гэта не спосаб вырашэння праблем, а прычына яшчэ больш сур’ёзных цяжкасцяў. Змагацца з алкагольнай залежнасцю дапамагае поўнае ўстрыманне ад алкаголю, рэгулярная споведзь і сакрамэнтальнае жыццё. Пазітыўныя вынікі праяўляюцца тады, калі залежны чалавек дабраахвотна згаджаецца лячыцца і праходзіць неабходную тэрапію, а таксама падтрымлівае сваю цвярозасць дзякуючы групам самадапамогі, такім, як Ананімныя алкаголікі (АА). Рух АА быў створаны ў 1935 г. у ЗША і сёння вядомы ва ўсім свеце. Удзел у групах самадапамогі з’яўляецца спраўджаным эфектыўным сродкам падтрымання цвярозасці і дапамагае супрацьстаяць залежнасці. Але нават адзін кілішак алкаголю вядзе да вяртання хваробы.

Дарагія браты і сёстры, поўнае ўстрыманне ад алкаголю — гэта радыкальная мера, і не ўсе абавязаны яе прытрымлівацца. Але нават часовае ўстрыманне паляпшае сітуацыю ў сям’і і грамадстве. Важна памятаць, што алкаголь не аказвае добрага ўплыву на здароўе. Жнівень, як ужо было сказана напачатку, — гэта месяц устрымання ад алкаголю. У гэтым годзе пастараемся ахвяраваць нашае ўстрыманне ў інтэнцыі пакліканняў да святарства і вытрымкі ў пакліканні.

Усіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі на месяц цвярозасці сардэчна благаслаўляю.

+Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 17 ліпеня 2018 г.

Святарам належыць абвясцяць альбо выкарыстаць тэкст ліста ў гаміліі вернікам падчас кожнай св. Імшы ў нядзелю 29 ліпеня. Ліст неабходна змясціць на дошцы аб’яваў перад касцёлам на ўвесь месяц жнівень.

Абноўлена 24.07.2018 01:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.