Пошук

18.07.2018 12:52   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

17 ліпеня ў капліцы Маці Божай Ружанцовай, што ў мтінскім мікрараёне Лошыца, з удзелам Апостальскага нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупа Габара Пінтэра адзначылі юбілей законніцкага жыцця кс. Генадзя Кухарэвіча CSMA.

Свае першыя законніцкія абяцанні ў кангрэгацыі Святога Міхала Арханёла (міхалітаў) кс. Генадзь прынёс 25 гадоў таму ў дзень успаміну Маці Божай Шкаплернай. За дзень да важнай падзеі, якая стала першым крокам на шляху яго законніцкага жыцця, ён адзначыў сваё 18-годдзе.

Павіншаваць пробашча лошыцкай парафіі Маці Божай Ружанцовай з юбілеем законніцкага жыцця прыбыў сам прадстаўнік папы Францішка, які на пачатку ўрачыстай св. Імшы з гэтай нагоды сказаў:

«Дзякуем Богу за дар, якім ёсць для нас ксёндз Генадзь: за яго вернасць пакліканню Пана, за ахвярнае прысвячэнне Божым справам, за яго энтузіязм і нястомнае, шчодрае служэнне Касцёлу, асабліва за пятнаццаць гадоў адданай місіянерскай працы ў гэтай парафіі».

На жаль, служэнне кс. Генадзя, прысвечанае самаадданаму будаўніцтву супольнасці Божага народа і касцёла ў Лошыцы — спальным раёне сталіцы, які ў гэтыя гады няспынна рос і разбудоўваўся, — падыходзіць да завяршэння. У сувязі з гэтым Апостальскі нунцый зазначыў:

«Хоць сёння мы адчуваем у сэрцах смутак з прычыны непазбежнага і блізкага расстання з дарагім ксяндзом Генадзем, мы яшчэ мацней будзем разам маліцца за яго будучае святарскае служэнне, каб яно было для яго крыніцай радасці і глыбокага духоўнага задавальнення».

З гэтымі словамі арцыбіскуп Габар Пінтэр узначаліў цэлебрацыю св. Імшы ў інтэнцыі юбіляра.

У разважанні над Божым Словам Апостальскі нунцый засяродзіўся на фігуры Арханёла Міхала, які з’яўляецца апекуном Касцёла на Беларусі, а таксама кангрэгацыі міхалітаў, да якой ужо дваццаць пяць гадоў належыць ксёндз Генадзь.

«У Святым Пісанні асоба і роля Арханёла Міхала паказаныя вельмі красамоўна. <…> Ён быў пастаўлены абараняць выбраны народ, з якога павінен быў нарадзіцца Збаўца. Сёння новым Божым народам з’яўляецца Касцёл. Вось чаму ён лічыць Арханёла Міхала сваім апекуном і ахоўнікам», — падкрэсліў прадстаўнік Святога Айца.

Па словах арцыбіскупа Пінтэра, Арханёл Міхал абараняе вернікаў ад ілжывых ідэалогій нашага часу, ад спакусаў матэрыялізму і рэлятывізму, ад намаганняў пэўных сіл упэўніць чалавецтва ў тым, што Бог сёння «не ў трэндзе», што ў час неабмежаванага развіцця тэхналогій і інтэлекту Ён непатрэбны.

Далей у сваёй гаміліі пастыр закрануў пытанне, якое часта становіцца крыніцай сумнення для многіх людзей: «Калі Бог ёсць Любоў, калі Ён стварыў усё, што існуе, то як растлумачыць існаванне зла ў свеце?» Нунцый праліў святло на гэтае пытанне на прыкладзе адной гісторыі, у якой даводзілася, што само па сабе зло не існуе.

«Зло — гэта наступства таго, што адбываецца, калі чалавек адкідае Бога, які ёсць Дабро. Гэта падобна, як з холадам, які мы адчуваем пры адсутнасці цяпла, або як з цемрай, якая з’яўляецца вынікам адсутнасці святла», — такое тлумачэнне зла, па словах нунцыя, яшчэ ў свае студэнцкія гады даў Альберт Эйнштэйн.

«Несправядлівасць, няпраўда, цяжкасці, перашкоды і трагедыі — гэта наступствы першароднага граху і кожнага наступнага таксама; гэта плады кожнага „не“ Богу і Яго Любові», — зрабіў выснову прадстаўнік Папы. Разам з тым, на падставе абяцання Бога, дадзенага людзям у Святым Пісанні, ён запэўніў, што зло не пераможа, бо яно ўжо пераможанае менавіта Арханёлам Міхалам.

Сваю гамілію нунцый Габар Пінтэр завяршыў кароткай малітвай:

«Святы Арханёле Міхале, абараняй Касцёл, нашыя сем’і, нашых дзяцей, нашую зямлю ад усялякага зла і падману і падтрымай у нас адвагу быць сведкамі Божай Праўды ў нашых асяроддзях».

Абноўлена 19.07.2018 01:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа