У нядзелю 30 студзеня ксяндзы з законніцкай супольнасці міхалітаў і сёстры міхаліткі адзначылі свята свайго заснавальніка благаслаўлёнага Браніслава Маркевіча.
З гэтай нагоды ў мінскай парафіі Маці божай Ружанцовай, што ў Лошыцы, адбылася ўрачыстая святая Імша, а пасля яе — калядны канцэрт, традыцыйна прысвечаны ўспаміну благаслаўлёнага заснавальніка супольнасці, прадстаўнікі якой нясуць служэнне ў парафіі.
У прамоўленай гаміліі пробашч парафіі ксёндз Ян Юшко CSMA узгадаў асобу і дзейнасць благаслаўлёнага Браніслава, які ад самага пачатку свайго святарства клапаціўся пра дзяцей і моладзь з бедных сем’яў, чыё рэлігійнае і маральнае выхаванне было занядбана, а таксама пра патрэбы простага народа.
Пасля святой Імшы адбылося праслаўленне Бога спевам.
Сваімі талентамі з парафіянамі падзяліліся ўдзельнікі хора «Хэрубімы», які ўжо год існуе ў лошыцкай парафіі. Потым выступіў дзіцячы хор «Міхаэлькі», які заахвоціў усю парафію супольным спевам праслаўляць Бога, а самых малодшых слухачоў — нават танцаваць.