29 верасня і 2 кастрычніка ў дзвюх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзе нясуць служэнне міхаліты — святары з Кангрэгацыі святога Арханёла Міхала, — з удзелам біскупаў Касабуцкага і Буткевіча ўрачыста адзначалі 100-годдзе з моманту кананічнага зацвярджэння гэтай законніцкай супольнасці.
Кангрэгацыя святога Арханёла Міхала (лац. Congregatio Sancti Michaelis Archangeli, CSMA), членаў якой называюць «міхалітамі», — гэта супольнасць святароў і братоў, заснаваная ў Польшчы на пачатку мінулага стагоддзя благаслаўлёным ксяндзом Браніславам Маркевічам, які з вялікай самаадданасцю клапаціўся пра дзяцей і моладзь, асабліва найбяднейшых, занядбаных, пакінутых і асірацелых. Для пашырэння служэння ў гэтым кірунку ён заснаваў кангрэгацыю, апекуном якой з’яўляецца святы Арханёл Міхал.
Кананічнае зацверджанне касцёльнымі ўладамі гэтай законніцкай супольнасці адбылося 29 верасня 1921 года.
На Беларусі міхаліты нясуць служэнне на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску (Лошыца) і ў парафіі святога Арханёла Міхала ў Гатаве, а таксама Гродзенскай дыяцэзіі: у парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Васілішках, у парафіі святых Пятра і Паўла ў Старых Васілішках і ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шылавічах.
У міжваенны перыяд святары з гэтай законніцкай супольнасці працавалі ў Дзедкавічах, што каля Баранавічаў, дзе займаліся выхаваннем сіротаў. Падчас Другой сусветнай вайны дом, дзе жылі і вучыліся сіроты, быў спалены, а дырэктар дабрачыннай установы ксёндз Вінцэнт Курас быў растраляны.
29 верасня ў Гатаве, што пад Мінскам, адзначылі парафіяльную ўрачыстасць святога Арханёла Міхала. З гэтай нагоды супольнасць, дзе нясуць служэнне ксяндзы міхаліты, наведаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Іерарх павіншаваў міхалітаў, якія нясуць служэнне ў Гатаве, з юбілеем іх кангрэгацыі і ўзначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы.
У прамоўленай гаміліі біскуп нагадаў прысутным пра духоўнае значэнне свята ў гонар святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала. Іерарх звярнуў увагу на тое, што аслаблены грахом чалавек можа трапіць у няволю зла, хлусні і фарысейства, і папрасіў святароў міхалітаў і даручаных іх душпастырскай апецы вернікаў як мага больш маліцца да святога Арханёла Міхала, просячы яго заступніцтва для нашага народа.
На заканчэнне святой Імшы гатаўскія парафіяне падзякавалі біскупу Касабуцкаму за яго ахвярнае служэнне, а таксама павіншавалі ксяндзоў міхалітаў з юбілеем іх кангрэгацыі. Завяршылася парафіяльная ўрачыстасць адарацыяй, падчас якой была прамоўлена малітва аб выбаўленні і аздараўленні ад залежнасцяў праз заступнтцтва святога Арханёла Міхала.
2 кастрычніка, у дзень успаміну святых Анёлаў Ахоўнікаў, святкаванне працягнулася ў парафіі Маці Божай Ружанцовай ў Мінску (мікрараён Лошыца). Урачыстую цэлебрацыю ў гэты дзень тут узначаліў Старшыня Канферэнцыіі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Падчас святой Імшы кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату ўдзяліў мясцовай моладзі сакрамэнт канфірмацыі.
У прамоўленай гаміліі біскуп падкрэсліў каштоўнасць веры, якая з’яўляецца адначасова Божай ласкай і чалавечай цнотай.
У адказ на пачутае Божае слова моладзь паабяцала, што будзе няспынна паглыбляць сваю веру дзякуючы рэгулярнаму чытанню Святога Пісання і частым сустрэчам з Хрыстом у святой Камуніі і сакрамэнце пакаяння, а таксама сведчыць пра яе праявамі дзейснай любові да бліжніх і добрымі ўчынкамі.