Выйшаў з друку вераснёўскі нумар часопіса «Ave Maria» (№ 9 (342) 2023), у якім шэраг публікацый прысвечаны нябачным духоўным істотам — анёлам.
Анонс новага нумару прапануецца на сайце выдання ave-maria.by.
Іх мы ніколі не бачым і надзвычай рэдка пра іх успамінаем, а ў той жа час яны штохвілінна назіраюць за намі, вядуць нас праз цяжкасці і аберагаюць: Анёлы Ахоўнікі… Як жа мала мы ведаем пра іх і кантактуем з імі, нягледзячы на тое, што Касцёл стараецца заахвочваць да гэтага! І не толькі ў літургічнае свята Арханёлаў напрыканцы верасня, ва ўспамін Анёлаў Ахоўнікаў на пачатку кастрычніка.
Вераснёўскі нумар часопіса «Ave Maria» таксама дапамагае прыадкрыць таямніцы існавання анёлаў у нашым жыцці.
Перад тым, як прапанаваць чытачам матэрыялы, непасрэдна прысвечаныя згаданай тэматыцы, аўтары часопіса знаёмяць іх з некаторымі важнымі падзеямі ў жыцці Касцёла ў Беларусі. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў публікацыі «Хрыстус — найпрыгажэйшая Маладосць гэтага свету» распавёў рэдакцыі пра свае ўражанні ад удзелу ў Сусветных днях моладзі, якія праходзілі ў Лісабоне з 1 да 6 жніўня.
Айцец Павел Раманчук OFM прапанаваў артыкул «Перэгрынацыя абраза благаслаўлёных мучанікаў Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня», распавёўшы пра шлях мучаніцкага цярпення пяршайскіх душпастыраў, якія загінулі 80 гадоў таму, і пра сімволіку іх абраза, намаляванага айцом францішканінам Андрэем Букам. Сваім асэнсаваннем яшчэ аднаго сумнага юбілею — 80-годдзя трагедыі ў Росіцы — дзеліцца з чытачамі Паліна Грыб у артыкуле «Не губляць чалавечага аблічча».
У пастаяннай рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» ксёндз Андрэй Рылка разважае на тэму «Ці ведае Анёл Ахоўнік нашыя думкі?». З апораю на Святое Пісанне, працы тэолагаў і вучэнне Касцёла аўтар паказвае, якім чынам анёлы, нематэрыяльныя істоты, суправаджаюць нас у нашым цялесным жыцці. Айцец Юрый Кулай OCD у артыкуле «Арганізаваць людзей добрай волі» распавядае пра ролю анёлаў у гісторыі збаўлення і ў гісторыі жыцця кожнага верніка, які павінен заставацца актыўным удзельнікам супольнасці людзей добрай волі і пазнаваць цалкам іншае вымярэнне свайго існавання — свет веры і малітвы.
Дзе знаходзіцца анёл? Ці ведае анёл будучыню?
На гэтыя пытанні чытач знойдзе адказы ва ўрыўку з кнігі сястры Ганны Мрочэк CSA «У суправаджэнні анёлаў», які публікуецца ў часопісе пад загалоўкам «З Анёлам Ахоўнікам па жыцці».
Іншыя цікавыя матэрыялы пра анёлаў і пра шматлікія аспекты штодзённага хрысціянскага жыцця прапануюць ксёндз Кірыл Бардонаў, сястра Паўла Бобер MSF, Галіна Калевіч, Іна Бігель, Віктар Ведзень і іншыя нашыя аўтары.
Набыць часопіс можна ў парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій, а таксама ў кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску (пл. Свабоды, 9).