Пошук

16.07.2018 20:20   Ігар Станкевіч / Catholic.by

Грамадская ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» высветліла лёс ксяндза Адольфа Кашыца, які загінуў падчас вялікага бальшавіцкага тэрору.

Кс. Адольф Кашыц
Адольф нарадзіўся ў сям’і Каэтана Кашыца ў 1888 г. у в. Казяны тагачаснай Віленскай губерні, непадалёк ад Ашмянаў. Скончыў духоўную семінарыю ў Жытоміры і ў 1914 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.

З 1917 г. быў адміністратарам парафіі ў в. Клявань у Ровенскім дэканаце, а з 1920 г. нёс святарскае служэнне ў пасёлку Ружын Сквірскага дэканату (Украіна).

Падчас бальшавіцкага пераследу Касцёла, калі асабліва пераследвалася духавенства, кс. Адольфа неаднаразова арыштоўвалі.

Падчас першага арышту ў 1927 г., які меў месца ў сяле Белагародка Ізяслаўскага дэканату, бальшавіцкія ўлады абвінавацілі святара ў «марнаванні грамадскай маёмасці і грошай» супольнасці, якая дала яму працу, і асудзілі яго на 3 месяцы прымусовых працаў.

У 1931 г. яго зноў арыштавалі і кінулі ў вязніцу ў Бярдычаве. Гэтым разам абвінавачанне было больш сур’ёзным: «правядзенне сістэматычнай контррэвалюцыйнай агітацыі супраць сацыялістычных уладаў сярод грамадзян польскай нацыянальнасці». Ксяндза вінавацілі таксама ў тым, што, «выкарыстоўваючы рэлігійныя пачуцці, ён рыхтаваўся да пераходу мяжы». У абвінаваўчым заключэнні следствам было прапанавана справу кс. Кашыца накіраваць на разгляд сумнавядомай «тройкі» з прапановай прымяніць у адносінах да яго спецыяльную меру — змясціць у лагер на восем гадоў.

Доўгі час далейшы лёс рэпрэсаванага святара быў невядомы. Але нядаўна пры апрацоўцы базы дадзеных расстраляных у Воршы, змешчанай «Адкрытым спісам», удалося даведацца пра тое, што адбывалася з кс. Адольфам пазней.

У 1937 г. ён служыў у касцёле ў Воршы і жыў у гэтым горадзе ў доме 25 па вуліцы Кірава. 26 верасня 1937 г., у самы пік сталінскага тэрору, святар быў арыштаваны НКУС. 22 кастрычніка камісія НКУС СССР і пракурора СССР абвінаваціла кс. Кашыца ў супрацоўніцтве з польскай разведкай і ў адпаведнасці з артыкулам 68 Крымінальнага кодэксу БССР асудзіла яго на вышэйшую меру пакарання — расстрэл. У бальшавіцкай вязніцы, чакаючы выканання прысуду, святар правёў 113 дзён.

Кс. Адольфа Кашыца расстралялі 17 студзеня 1938 г.

Яго справа знаходзіцца ў УКДБ Віцебскай вобласці.

Дзякуючы інфармацыі «Адкрытага спісу» ўдалося высветліць імёны 17 іншых святароў, расстраляных у Воршы. Усяго ў базе ёсць звесткі пра 1750 савецкіх грамадзянаў, расстраляных аршанскімі чэкістамі ў перыяд «вялікага тэрору» 1937–1938 гг. Сярод іх больш за 1100 беларусаў, больш за 500 палякаў, каля 40 габрэяў, а таксама латышы, літоўцы, украінцы, рускія. Відавочна, што гэта — далёка не поўны спіс расстраляных на аршанскай зямлі.

У Воршы вядома прынамсі пра шэсць месцаў расстрэлаў. Найбольш масавыя пахаванні знаходзяцца на Кабыляцкай гары і на Магілёўскай шашы каля вёскі Панізоўе. У 1982 г. пры будаўніцтве чыгункі на Кабыляках былі знойдзены парэшткі 50 чалавек. Афіцыйная дзяржаўная камісія высветліла: расстрэлы тут адбываліся ў перыяд 1937–1940 гг. і праводзіліся ворганамі НКУС.

Цяпер на месцы масавых расстрэлаў усталяваны памятны знак, а грамадская ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» займаецца стварэннем народнага мемарыялу на ўшанаванне нявінных ахвяраў злачыннага савецкага рэжыму.

Абноўлена 18.07.2018 01:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа