
16 красавіка ў Воршы на Кабыляцкай гары адбылася супольная малітва за ўсіх тых, чыё жыццё трагічна абарвалася на гэтым месцы масавых расстрэлаў. У малітве бралі ўдзел пробашч аршанскай парафіі Св. Юзафа кс. Вадзім Мiзер МІС і старшыня габрэйскай супольнасці «Сімха» Андрэй Дарафееў.
Перад малітвай сваякі рэпрэсаваных у Воршы добраўпарадкавалі месца масавых расстрэлаў — мемарыял на Кабыляцкай гары. Адзін са сваякоў усталяваў тут помнік у гонар расстраляных аднавяскоўцаў з вескі Хаменічы Горацкага раёна.

Апошнім часам грамадская ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы», якая аб’ядноўвае грамадскіх актывістаў і сваякоў ахвяраў, усталявала тут больш за дзясятак шыльдаў і некалькі крыжоў з імёнамі расстраляных у Воршы падчас бальшавіцкага тэрору і масавых рэпрэсій у 1920–1940 гадах.
Паводле даследаванняў гісторыка Змітра Дразда, ў Воршы каты з НКУС расстралялі па меншай меры каля 1900 чалавек, сярод якіх было больш за 1100 беларусаў, звыш 500 палякаў, каля 40 габрэяў, а таксама прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў.
І гэта толькі тыя, чые імёны ўдалося адшукаць у адкрытых базах дадзеных.

У 1982 г. падчас будавання тупіковай веткі чыгункі на Кабыляцкай гары былі знойдзены парэшткі 50 чалавек. Афіцыйная камісія, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі міністэрстваў абароны, унутраных спраў, пракуратуры і судмедэксперты, агледзела знойдзеныя косткі і чарапы з адтулінамі ад куляў і ўстанавіла, што гэтыя людзі былі забітыя ў Кабыляках у 1937–1940 гадах. Яшчэ жывыя сведкі тых трагічных падзеяў пацвердзілі, што людзей у Кабыляцкім лесе забівалі каты з НКУС.
Знойдзеныя парэшткі перазахавалі, а ў лістападзе 1990 г. па рашэнні аршанскага райвыканкама на Кабыляцкай гары ў гонар ахвяраў масавых рэпрэсій быў усталяваны мемарыял. Адна з аршанскіх школ нават узяла над ім шэфства. Аднак пазней афіцыйнае стаўленне да рэпрэсій у краіне змянілася і мемарыял закінулі. Больш за 20 год за ім даглядалі грамадскія актывісты.




















Ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» паўстала напрыканцы 2017 г. Галоўнымі ініцыятарамі сталі нашчадкі ахвяраў, якія выступаюць за наданне гэтаму месцу афіцыйнага мемарыяльнага статусу. Ініцыятыва таксама шукае нашчадкаў забітых і вядзе пошук звестак пра расстраляных.



