За плячыма кс. Паўла Салабуды з Гродна — 20 пешых пілігрымак у Тракелі. Сённяшні пробашч гродзенскай парафіі на Альшанцы расказаў, як выглядала пілігрымка раней і з якім настроем ён ідзе ў Тракелі сёлета.
«Ніхто з нас асабліва не ўсведамляў, як дакладна павінна выглядаць пілігрымка»
«Упершыню да Маці Божай Тракельскай я вырушыў са Скідзеля ў 1997 годзе. З Гродна у той час пілігрымкі яшчэ ніхто не арганізоўваў.
Сабраў нашу пілігрымку тагачасны пробашч скідзельскай парафіі кс. Адам Рудніцкі. Мы выйшлі маленькай групай, і ніхто з нас асабліва не ўсведамляў, як дакладна павінна выглядаць пілігрымка. Мы называлі яе то „паходам“, то „пераправай праз рэчку“. Зразумела, было шмат экспромту. Сёлета да Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў я буду крочыць ужо ў 21-ы раз.
Пілігрымка вучыць ахвярнасці. Яна дапамагае мне паверыць, што жыццё з усімі яго цяжкасцямі не пазбаўлена надзеі. Я з малых гадоў давяраю Марыі, і з кожным годам гэты давер мацнее.
У пілігрымцы галоўнае не просьба, а ўменне дзякаваць Марыі. І гэтаму таксама можна навучыцца падчас шляху. Калі дзякуеш, заўважаеш больш прыгожых рэчаў, якія адбываюцца ў тваім жыцці.
Пілігрымка, перш за ўсё, з’яўляецца формай малітвы, сведчаннем веры, спантаннай „маніфестацыяй пабожнасці“. Калі чалавек гэта разумее, ён цалкам прысвячае сябе гэтай справе і духоўна, і псіхічна, і фізічна. І ўжо не ўзнікае праблем з матывацыяй. Самае галоўнае — адважыцца і вырвацца з паўсядзённасці. З кожным наступным кіламетрам шляху ўзнікае ўсё больш ахвоты дайсці да мэты і ўзмацніцца духоўна.
У пілігрымцы відаць, як малітва перамяняе чалавека. За пяць дзён адбываецца цуд у жыцці кожнага пілігрыма.
«У першыя гады пілігрымкі людзі, пабачыўшы нас, пыталіся: пачалася вайна?»
У першыя гады пілігрымавання даводзілася сустракаць людзей, якія, убачыўшы нас, пыталіся, ці не пачалася вайна? Былі і такія, хто станавіўся на калені, заўважыўшы пілігрымаў, або падыходзіў пацалаваць рукі святарам.
Нязменна адно: тыя, каго мы сустракаем падчас шляху, заўсёды просяць аб малітве.
Пілігрымка Гродна–Тракелі — адна з самых вялікіх па маштабнасці пілігрымак Беларусі, у якой, тым не менш, пануе сямейная атмасфера. Перш за ўсё я ганаруся моцным духоўным аспектам пілігрымкі. Памятаю, некалькі гадоў таму мы маліліся Ружанец на працягу паловы дня, бо вернікі напісалі незлічоную колькасць інтэнцый…
Сёння ёсць група людзей, якія заўсёды дапамагаюць у арганізацыі пілігрымкі. Пасля маіх папярэднікаў — кс. Уладзіміра Гуляя і кс. Андрэя Радзевіча — арганізаваць пілігрымку ў Тракелі значна прасцей.
Апошнім часам узнікае праблема — „вырваць“ моладзь з гаджэтнага, камфортнага жыцця і заахвоціць пайсці ў пілігрымку. Таксама складана правільна разлічыць і забяспечыць неабходную колькасць начлегаў і ежы.
Ніколі не ведаеш, колькі людзей вырашыць адправіцца ў пілігрымку. Напрыклад, у мінулым годзе нас было крыху больш за дзве сотні. А некалькі гадоў таму была адзначана максімальная лічба паломнікаў — больш за паўтысячы.
Каб пайсці ў пілігрымку, трэба быць у добрым настроі і моцна верыць у тое, што Марыя дапаможа ва ўсіх сітуацыях. І пажадана — зручны абутак, кепку, дажджавік і вялікую талерку з лыжкай.
Пілігрымка — гэта пазітыў, радасць, моцны кантакт з Богам, новыя знаёмствы і свята веры. Таму запрашаю ўсіх далучыцца сёлета да юбілейнай пілігрымкі Гродна–Тракелі, каб пасля ў сэрцы засталося шмат яркіх і цёплых успамінаў!»