У Карэлічах у свята Маці Божай Нястомнай Дапамогі, галоўнай апякункі парафіі, адзначылі 25-годдзе служэння ў Беларусі Ордэна святога Паўла — першага пустэльніка (паўлінаў).
Першае служэнне на тэрыторыі Беларусі айцоў паўлінаў непрацяглы час праходзіла пры гродзенскай катэдры, а таксама ў парафіях у Ваўкавыску і Новым Двары.
На працягу 25 гадоў айцы нясуць служэнне ў парафіях Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах і Св. Ганны ў Варончы (Навагрудскі дэканат). Тут сёння служаць тры манахі: а. Леанард Адушкевіч OSPPE, а. Ануфрый Альховік OSPPE і а. Юрый Саковіч OSPPE.
На ўрачыстую Імшы-падзяку за служэнне паўлінаў, якія звязаны з «Чорнай Мадоннай» з Чэнстаховы (Польшча), прыбылі шматлікія госці — духоўныя і свецкія асобы, а таксама сябры парафіі і парафіяне. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У час літургіі дзякавалі за служэнне ў Беларусі першых паўлінаў: спачылага а. Марка Смея OSPPE, спачылага а. Януша Вітоўскага OSPPE і а. Войцеха Вішнеўскага OSPPE.
Іерарх падзякаваў айцам паўлінам за адданае служэнне Касцёлу на Гродзеншчыне і за штодзённую працу вядзення вернікаў да Бога, а таксама за пашырэнне культу Маці Божай на нашых землях.
Даведка:
Ордэн святога Паўла — першага пустэльніка (паўлінаў) быў заснаваны ў Венгрыі бл. Еўзэбіем з Астрыхома. Назва супольнасці паходзіць ад імені св. Паўла з Тэб, першага пустэльніка, прызнанага Каталіцкім Касцёлам. Мэтай ордэна з’яўляецца сузіранне, малітва, пакаянне, распаўсюджванне культу Маці Божай і здзяйненне сакрамэнту пакаяння і паяднання. Заклік ордэна — Solus cum Deo solo («сам-насам з Богам»).
Паўліны вядуць душпастырскую дзейнасць у Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы, многіх краінах Еўропы: Венгрыі, Польшчы, Харватыі, Украіне, Латвіі, Славакіі, Чэхіі, Германіі, Францыі, Англіі, Іспаніі, Румыніі. З 1993 года яны служаць таксама ў Беларусі.