2 ліпеня мінская парафія Маці Божай Будслаўскай на Каменнай горцы адсвяткавала ўрачыстасць ў гонар сваёй Апякункі. З сэрцамі, поўнымі любові і ўдзячнасці, вернікі далучыліся да супольнай малітвы, якую ўзносілі сёння ў гонар Маці Божай Будслаўскай.
У гэтым дзень мінская святыня Маці Божай Будслаўскай стала месцам пілігрымкі для тых, хто праз працу, пажылы ўзрост або клопат пра маленькіх дзяцей не змог удзельнічаць у пілігрымцы ў Нацыянальны санктуарый.
«Мне 79 гадоў. Маё здароўе не дазваляе паехаць у Будслаў, — прызнаецца Вольга Каменская з Мінска. — Раніцай я ўстала, каб прыехаць на малітву ў гэту святыню. Сёння я папрасіла ў Маці Божай Будслаўскай здароўя, каб зноў мець магчымасць маліцца Ёй».
У сваёй святочнай гаміліі пробашч парафіі ксёндз-канонік Францішак Рудзь адзначыў, што ва ўсім свеце на працягу стагоддзяў у душах людзей Маці Божая была атулена асаблівым шанаваннем.
Словы прызнання за Яе ўзор веры, надзеі і любові былі прапісаны ў 1964 г. у Дагматычнай канстытуцыі Каталіцкага Касцёла Lumen Gentium («Святло Народаў»). У сваю чаргу, клапоцячыся пра людзей, Маці Божая абрала абраз як сродак пастаянных і блізкіх зносін.
«Мы ганарымся і цэнім, што наш касцёл названы ў гонар Апякункі Беларусі, якая падарыла нашай зямлі свае цуды, — адзначыў святар. — Хай словы нашай малітвы стануць звяном ўсеагульнага шанавання абраза. Не толькі ў гэтае свята, але і штодня нам трэба пацвярджаць сваю падзяку за дапамогу Маці Божай», — дадаў кс. Францішак.
Паводле святара, «зрабіць гэта вельмі проста — трэба пастарацца выканаць запаведзі яе Сына».
Варта адзначыць, што 10 гадоў таму ў Мінску быў закладзены першы камень у фундамент святыні ў гонар Маці Божай Будслаўскай.
Ахвяраванні для будаўніцтва касцёла складалі людзі з усіх куткоў Беларусі і з-за мяжы. У падмурак святыні была ўмуравана цэгла, прывезеная з Будслаўскага санктуарыя, як сімвал яднання ўсіх святыняў у гонар Маці Божай Будслаўскай.
Падчас парафіяльнай урачыстасці пробашч паказаў альбом, створаны ў гонар 10-годдзя будаўніцтва святыні. Ён упрыгожаны малюнкамі вернікаў і фатаграфіямі з гісторыі парафіі.