З 22 па 27 чэрвеня ў Навагрудку адбыліся курсы-рэкалекцыі для сем’яў, якія арганізавала Рада па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі для тых, хто рыхтуецца быць кансультантамі сямейнага жыцця ці ўжо працуе імі, і ўсіх зацікаўленых.
У рэкалекцыях прынялі ўдзел сем’і з Мінска і Мінскай вобласці, з Гродна і Брэста, у тым ліку навучэнцы «Школы сямейнага жыцця» і тыя, хто ўжо працуе сямейнымі кансультантамі пры парафіях.
У адпаведнасці з жаданнем, якое ўдзельнікі выказалі ў мінулым годзе, рэкалекцыі былі прысвечаны тэме Бібліі, а таксама былі арганізаваны заняткі з элементамі трэнінгу.
Вельмі важным момантам з'яўлялася духоўная падтрымка, якую ўдзельнікі мелі дзякуючы слову, скіраванаму да іх ксяндзом Адамам Дынакам і прысвечанаму біблейскай тэматыцы.
Калі мы чытаем евангельскія ўрыўкі аб тым, як Хрыстус уваскрасіў мёртвага або вылечыў хворага, мы рэдка задумваемся аб тым, што чалавечае цела азначае для нас саміх. Калі б наша цела не было такое ж дарагое Богу, як і наша вечная душа, Бог не стаў бы аздараўляць цела або клапаціцца пра яго вечнае жыццё пасля ўваскршэння памерлых.
І калі мы задумваемся аб чалавечым целе, у сувязі з вечнасцю ці ў сувязі з часовым жыццём, у сувязі з зямным ці нябесным, мы можам паставіць сабе пытанне: хіба мы не атрымліваем усё наша веданне, пра Бога ці пра свет, праз цела? З маленства, з самага нараджэння мы спазнаём пяшчоту і любоў пры дапамозе нашага цела, задоўга да таго, як можам зразумець што-небудзь розумам.
Першыя практыкаванні з элементамі трэнінгу ў межах рэкалекцый былі накіраваны на пазнанне свайго цела, сваіх межаў, бо Бог стварыў не толькі душу, але і цела.
Мяжа — гэта падзел паміж чымсьці. З пункту гледжання псіхалогіі, межы – гэта нябачнае, але адчуваецца падзел паміж «Я» і не-«Я».
Здольнасць рэгуляваць мяжу і прастору межаў важная для здаровага функцыянавання чалавека. Тое, як мы на цялесным узроўні адстойваем нашу прастору, як рэагуюць нашы мышцы, як мы адчуваем нашу скуру ў кантакце, як адзначаем дыстанцыю паміж аб'ектамі, у якім тонусе знаходзіцца цела, так і на псіхалагічным узроўні мы абыходзімся з нашымі межамі. Некаторыя так зліваюцца з іншым, што ўжо не разумеюць, дзе праходзяць свае, а дзе чужыя межы, дзе «Я», а дзе прастора іншага, не могуць вызначыць, дзе праходзіць адказнасць за ўласнае жыццё.
Гэтыя практыкаванні дапамаглі ўдзельнікам паклапаціцца пра сябе. Бо клопат пра сябе — гэта здолець прыняць сябе сапраўдным, а не спрабаваць адпавядаць ідэалу. Жыць, не капіруючы пастаянна іншых людзей, а пражыць сваё ўласнае жыццё — такое, якое, магчыма, не падыходзіць іншым, але падыходзіць вам. Затым мы сталеем у пазнанні, мудрасці, дасведчанасці; усё, чым валодае наш розум, усё, што робяць нашы сэрцы такімі багатымі, калі Бог дасягае нас праз нашы пачуцці.
Наступныя практыкаванні былі накіраваны на пазнанне самога сябе, свайго мужа або жонкі, на зносіны адно з адным, з уласнымі дзецьмі.
Практыкаванні дапамагалі сумленна паглядзець на свае няўдачы і расчараванні і вырашыць, што з імі рабіць. Гэта азначае прыняць тое, што якіясьці нашы жаданні не будуць задаволеныя. Гэта значыць здолець адпусціць тое, што трэба адпусціць; выбраць новае.
Практычныя элементы і навыкі падмацоўваліся тэорыяй.
Самай любімай часткай праграмы ўдзельнікі называюць «100 пытанняў да...», калі кожны меў магчымасць задаць пытанні на тэмы, якія яго хвалююць, пацікавіцца досведам рэкалекцыяністаў.
Вялікая ўвагу ўдзялялася не толькі працэсу навучання, але і духоўнаму аспекту. Дзень распачынаўся малітвай, галоўным пунктам дня была святая Імша, а таксама адарацыя. Штодзённа адбывалася малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці, вечарам быў час для праслаўлення і падзякі Богу.
На гэтыя духоўныя практыкаванні прыязджаюць не толькі за новымі ведамі, але і для адпачынку душы. Праз такія рэкалекцыі Бог перамяняе сем’і ўдзельнікаў, яны чэрпаюць у Яго сілы для далейшага жыцця, служэння і працы. Немалаважным фактам было і тое, што на рэкалекцыях працавала няня. У апошні вечар рэкалекцый дзеці падрыхтавалі ўсім удзельнікам сюрпрыз: спявалі і танцавалі.
Удзельнікі курсаў-рэкалекцый асабліва ўдзячныя кс. Адаму Дынаку за выдатную працу і навуку, удзячныя рэкалекцыяністам за працу, прафесіяналізм, шырыню ведаў і інавацыйны падыход у працы з людзьмі і спадзяюцца, што гэты вопыт будзе карысны для ўсіх.
Асаблівую падзяку ўдзельнікі выказваюць сёстрам назарэтанкам за атмасферу ўтульнасці, добразычлівасці і любові.