27 чэрвеня ў Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску адбыўся ўрачысты прыём, прымеркаваны да пяцігоддзя абрання на пасад св. Пятра папы Францішка.
Па запрашэнні Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел каталіцкія іерархі і духавенства, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка і іншыя прадстаўнікі дзяржаўнай улады, а таксама дыпламатычных прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь.
Паколькі пятая гадавіна абрання на папскі пасад аргентынскага кардынала італьянскага паходжання Хорхэ Марыё Берголіа, які абраў сабе імя Францішак, сёлета прыпала падчас Вялікага посту, святкаванне было перанесена на 27 чэрвеня — дзень, калі ў 1992 г. адбылося біскупскае пасвячэнне будучага Папы.
У сваёй прамове прадстаўнік Яго Святасці ў нашай краіне, прывітаўшы гасцей, адзначыў што пяць гадоў — тэрмін невялікі ў гістарычных маштабах, але дастатковы для таго, каб за гэты час адбыліся пэўныя змены.
Гаворачы пра пантыфікат папы Францішка, Апостальскі Нунцый адзначыў, што яго асноўнай рысай з’яўляецца радасць, якая вынікае са свядомасці таго, што Бог любіць кожнага чалавека і ўсё стварэнне.
На думку ватыканскага дыпламата, уласцівасцю дыпламатыі Святога Айца з’яўляецца імкненне да сустрэчы, дзякуючы якой будуюцца адносіны паміж людзьмі, народамі і дзяржавамі.
«Вера ўзнікае з сустрэчы, сустрэча вядзе да дыялогу, а сапраўдны дыялог — гэта абмен, які аб’ядноўвае ў пошуках супольнага дабра», — падкрэсліў арцыбіскуп Габар Пінтэр.
Ён звярнуў увагу на тое, што за гэты час адносіны паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь развіваліся і ўмацоўваліся, хоць паміж дзяржавамі няма супрацоўніцтва ў сферы эканомікі, прамысловасці ці абароны.
Між тым паглыблялася ўзаемнае ўзбагачэнне скарбамі духоўнасці і культуры, што нельга недаацэньваць. Прадстаўнік Папы асабліва падкрэсліў рост супрацоўніцтва паміж беларускімі і ватыканскімі музеямі, а таксама сумесную дзейнасць, скіраваную на барацьбу з сучаснымі формамі рабства і гандлю людзьмі, на падтрымку сямейных каштоўнасцяў, на развіццё рэлігійнай свабоды.
Апостальскі Нунцый не абмінуў і таго, што ўжо падчас пантыфікату папы Францішка ў 2015 г. Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П’етро Паралін наведаў Мінск, а прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка здзейсніў у адказ візіт у Ватыкан, падчас якога ў маі 2016 г. сустрэўся са Святым Айцом.
Было адзначана і тое, што ў верасні мінулага года ў Мінску адбылося Пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, а ў кастрычніку ў Мінску ўрачыста адкрыўся новы будынак Апостальскай Нунцыятуры.
На заканчэнне першай часткі выступлення, якую арцыбіскуп Пінтэр прамовіў на англійскай мове, ватыканскі дыпламат выказаў надзею на тое, што ў будучыні адносіны паміж Беларуссю і Святым Пасадам працягнуць развівацца, чаму заклікаў прысвяціць сілы і намаганні.
У другой частцы свайго звароту, прамоўленай па-беларуску, Апостальскі Нунцый назваў некалькі важных для жыцця Касцёла фактаў, якія адбыліся падчас пантыфікату папы Францішка.
За гэты час з’явіліся дзве яго Энцыклікі: Lumen fidei, прысвечаная веры, і Laudato si’ — пра клопат аб супольным доме і ахову стварэння, а таксама дзве Апостальскія Адгартацыі: Evangelii gaudium — у пэўным сэнсе, «праграма» цяперашняга пантыфікату, i Amoris lætitia, прысвечаная любові ў сям’і.
Усяго Папа выдаў 23 дакументы, правёў два Сіноды Біскупаў на тэму сям’і, абвясціў Юбілей Міласэрнасці, здзейсніў 23 замежныя падарожжы, наведаўшы пры гэтым 31 краіну. Пантыфік прамовіў восем цыклаў катэхез на агульных аўдыенцыях і амаль 600 гамілій падчас цэлебрацый Эўхарыстыі ў Доме святой Марты.
Папа мае больш за 46 мільёнаў падпісчыкаў у Твітары і больш за пяць мільёнаў у Інстаграме. Немагчыма палічыць усе ягоныя справы, а таксама ўсіх тых мужчын, жанчын і дзяцей ва ўсім свеце, з якімі ён сустракаўся.
Апостальскі Нунцый адзначыў, што сярод гэтых шматлікіх справаў у Святога Айца цяпер на першым месцы знаходзіцца моладзь, яе праблемы і надзеі. Менавіта моладзі папа Францішак прысвяціў Сінод Біскупаў, які адбудзецца ў Рыме ў кастрычніку гэтага года. А ў жніўні ў Ірландыі пройдзе Сусветная сустрэча сем’яў з Пантыфікам, якая павінна стаць крокам да ўвасаблення ў жыццё адгартацыі Amoris Lætitiа.
Пасля гэтай кароткай статыстыкі пантыфікату арцыбіскуп Габар Пінтэр выказаў папу Францішку словы падзякі за ўсё тое, што ён як пастыр паўсюднага Касцёла ўнёс у яго жыццё. Адначасова прадстаўнік Святога Айца ў Беларусі падзякаваў уладам краіны за добрыя адносіны, якія існуюць паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь.
«Яны з’яўляюцца крыніцай вялікай радасці для абодвух бакоў і ў той жа час заклікаюць да далейшага развіцця дзеля агульнага дабра ўсяго беларускага народа», — падкрэсліў Апостальскі Нунцый.
Сваю прамову ён завяршыў пажаданнямі моцнага здароўя, дабрабыту, супакою і радасці папу Францішку і народу «Богам любімай краіны Беларусь».