24 чэрвеня каля касцёла святой Барбары ў Віцебску адбылося адкрыццё памятнай табліцы ў гонар Зыгмунта Юркоўскага, фатографа, вынаходніка фіранкава-шчыліннага затвора фотаапарата. У гэтым годзе адзначаецца 185-годдзе з дня нараджэння фатографа і 135 гадоў ягонаму вынаходніцтву.
Доўгі час жыццё Юркоўскага, католіка паводле веравызнання, было звязана з Віцебскам. Тут на вуліцы Замкавай у 1867 годзе ён адчыніў фотаатэлье, якое спыніла сваё існаванне толькі са смерцю яе ўладальніка. Сам Юркоўскі быў пахаваны на каталіцкіх могілках каля касцёла святой Барбары.
Cярод шматлікіх фатаздымкаў, якія складаюць яго спадчыну, — партрэты вядомых людзей, пейзажы, здымкі вуліц і шматлікія культавыя будынкі Віцебска, сярод якіх і фотаздымак касцёла святога Антонія, падрыхтоўчыя працы па адбудове якога вядуцца ў Віцебскай дыяцэзіі.
Падзея адбылася ў межах ўжо трэцяга, з гэтага года Міжнароднага фестываля «ФотаКрок», адным са стваральнікаў і ідэйным натхняльнікам якога з’яўляецца дырэктар Віцебскага аддзялення «Карытас» ксёндз Андрэй Аніскевіч. Дарэчы, менавіта ксёндз Андрэй выступіў фундатарам памятнай дошкі, а зрабіў яе віцебскі скульптар Сяргей Сотнікаў.
Разам з Васілём Пруднікавым і дырэктарам Мясцовага фонда фатаграфіі «ФотаКрок» на адкрыцці памятнай дошкі прысунічалі ўсе ўдзельнікі фестываля разам з яго кіраўніком.
Пробашч касцёла святой Барбары айцец Кшыштаф Коц’ян ОР, дзякуючы стараннямі і дапамозе якога адбылася гэтая падзея, у сваім прывітальным слове адзначыў, што такія людзі, як Зыгмунт Юркоўскі, ствараюць гісторыю тут і цяпер, праз штодзённую працу з людзьмі і для людзей. «Важна заўважаць такіх людзей у нашым жыцці, тых, хто знаходзіцца побач. Дзякуючы такім постацям Віцебск з’яўляецца цэнтрам падзеяў, а не горадам на перыферыі», — дадаў святар.
Пасля адпаведных узгадненняў памятная дошка ў гонар фатографа і вынаходніка будзе ўсталявана на камені і зойме пачэснае месца каля касцёла, дзе і будзе благаслаўлёна.