Пошук

15.06.2018 16:27   Тэкст і фота: Ілья Ваніслаўчык / Catholic.by

15 чэрвеня Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску завяршыла 2017–2018 навучальны год, які стаў апошнім годам, калі гэтая вышэйшая духоўная навучальная ўстанова дзейнічала як міждыяцэзіяльная.

З гэтай нагоды ўся супольнасць семінарыі — выкладчыкі, выхавацелі і студэнты — сабралася падзякаваць Богу на св. Імшы ў семінарыйнай капліцы Найсвяцейшага Імя Марыі. Калі семінарыя з’яўляецца сэрцам дыяцэзіі, дык капліца, несумненна, з’яўляецца сэрцам семінарыі.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка — Вялікі канцлер Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага, якая ўжо стала гісторыяй.

У сваёй гаміліі біскуп звярнуў увагу прысутных на неабходнасць верна слухаць Бога і ў кожнай сітуацыі больш давяраць Ягонаму Провіду, а не паддавацца ўласным чалавечым страхам і слабасцям. Як прыклад такіх адносінаў з Богам біскуп Дзям’янка ўзгадаў прарока Іллю, пра якога ішла гаворка ў Літургіі слова. Іерарх параўнаў з палымяным прарокам Старога Запавету адданых пастыраў нашай зямлі мінулага стагоддзя, якія перажылі часы пераследу і адраджэння Касцёла, паказаўшы ўзор хрысціянскай і святарскай вернасці і трываласці.

На заканчэнне навучальнага года семінарыст пятага курса Януш Чарнамораў быў урачыста прыняты ў шэраг кандыдатаў да сакрамэнту пасвячэння. У цэлебрацыі заключнай св. Імшы браў удзел таксама выпускнік семінарыі кс. Эдуард Мажаеў, які нядаўна стаў святаром і на заканчэнне ўдзяліў усім прысутным прыміцыйнае благаслаўленне.

Пасля св. Імшы біскуп Антоні Дзям’янка разам з рэктарам семінарыі кс. Андрэем Рылкам уручылі дыпломы аб заканчэнні Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску чатыром яе апошнім выпускнікам, двое з якіх — дыяканы Андрэй Бурак і Яўген Баланёў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — ужо зусім хутка стануць святарамі.

З наступнага навучальнага года Вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску ў якасці эксперыменту будзе дзейнічаць як дыяцэзіяльная.

 

Абноўлена 15.06.2018 17:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.