Пошук

14.04.2018 22:56   Catholic.by
© 2014 - 2018 VEDAJ.BY

Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі адносна прадугледжаных зменаў у фармацыі будучых святароў.

Дарагія вернікі Пінскай дыяцэзіі!

Вы скіроўваеце шматлікія запыты адносна будучага лёсу нашай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, што звязана з прадугледжанымі Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі пэўнымі зменамі ў фармацыі будучых святароў.

У адпаведнасці з новымі правіламі падрыхтоўкі да святарства, было прынята рашэнне аб арганізацыі на 1-м курсе семінарыі прапедэўтычнай (уводна-падрыхтоўчай) супольнасці для ўсіх дыяцэзій Беларусі. Па просьбе Канферэнцыі Біскупаў для гэтых мэтаў быў адаптаваны будынак пры духоўнай семінарыі ў Пінску, які зможа прыняць у згаданую прапедэўтычную супольнасць да 40 кандыдатаў адначасова.

З моманту набыцця Гродзенскай семінарыяй статусу міждыяцэзіяльнай, наша Пінская духоўная семінарыя, заснаваная Слугой Божым біскупам Зыгмунтам Лазінскім 92 гады таму, працягвае фармацыю семінарыстаў на ўсіх курсах для Пінскай дыяцэзіі.

Семінарысты з парафій Пінскай дыяцэзіі і надалей будуць праходзіць поўную фармацыю ва ўласнай духоўнай семінарыі ў Пінску, рыхтуючыся да служэння Касцёлу сярод людзей, з якіх яны выйшлі і да якіх будуць пасланыя як душпастыры.

Усіх вернікаў і людзей добрай волі заахвочваю да малітоўнай, духоўнай і матэрыяльнай падтрымкі духоўнай семінарыі ў Пінску. Няхай як пры яе заснавальніку біскупе Зыгмунце Лазінскім, як пры яе аднавіцелю кардыналу Казіміру Свёнтку, так і ў нашыя часы Пінская духоўная семінарыя напаўняецца семінарыстамі, якія пасля адпаведнай фармацыі распачнуць сваё святарскае служэнне ў шматлікіх парафіях нашай дыяцэзіі, бо так шмат супольнасцяў пакуль не маюць сваіх пастаянных душпастыраў.

Мы ўсе молімся, з надзеяй гледзячы на цяперашніх кандыдатаў да святарства. Спадзяемся, што неўзабаве яны распачнуць сваё служэнне ў парафіях. Молім міласэрнага Пана, каб наша духоўная семінарыя ў Пінску напаўнялася новымі семінарыстамі, жадаючымі прысвяціць сябе служэнню Богу і людзям.

Выказваю ўдзячнасць кожнаму з вас за малітву і падтрымку ў клопаце пра будучых святароў нашай дыяцэзіі.

Абноўлена 16.04.2018 11:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа