10 чэрвеня ў цэнтры Caritas у пасёлку Ляскоўка каля Мінска адбылася сустрэча сем’яў, якія належаць да руху «Сужэнскія сустрэчы». Больш за 100 чалавек — бацькоў з дзецьмі — сабраліся, каб перажыць гэты дзень разам.
Члены руху адчуваюць вялікі гонар і надзею на тое, што праз такія сустрэчы Пан Бог перамяняе сем’і, адносіны ў сям’і, дазваляе ўбачыць сябе і свайго сужэнца іншымі вачыма, а таксама адкрывае перспектыву для сяброўства і плённага адпачынку.
Распавядаюць удзельнікі сустрэчы – Аляксандр і Вольга Панамаровы
Вольга: «Гэты вельмі прыгожы летні дзень быў напоўнены шматлікімі мерапрыемствамі і яшчэ раз пацвердзіў, што разам мы імкнёмся працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, разам хочам прыгожа трываць у малітве і разам умеем сумесна і весела бавіць час з нашымі дзецьмі. Вельмі важным момантам такіх сустрэчаў для нас з’яўляецца духоўная падтрымка, якую мы таксама мелі дзякуючы ўдзелу і слову, скіраванаму да сем’яў братам Алегам Шэндам OFM Cap. Мы цешымся, што сястра Аўгустына і брат Алег Вайцяховіч OFM Cap былі таксама з намі і маглі скарыстаць гэты час для свайго асабістага дыялогу з Богам і вясёлага адпачынку».
Аляксандр: «Для мяне было вельмі важным адчуваць гэты дух супольнасці „Сужэнскіх сустрэчаў“, гэтую еднасць у змаганні за пачуццё шчасця ў сямейнай штодзённасці. Адчуваю гонар за нашу супольнасць, дзе кожная сям’я, з аднаго боку, вельмі асаблівая, каларытная і непаўторная, але адначасова кожная сям’я, выкарыстоўваючы дар дыялогу, імкнецца да паглыблення і ўмацавання сваіх адносін… бо на сваім уласным досведзе сужэнскага дыялогу адчувае, наколькі гэта важна, наколькі дапамагае ў штодзённасці, наколькі дазваляе мужу і жонцы станавіцца нашмат больш блізкімі і адкрытымі адно на аднаго, на Пана Бога, на сваіх дзяцей. Вельмі цешыла сэрца тое, што ўсе мы — звычайныя і шчырыя людзі — хочам плённа праводзіць час са сваімі дзецьмі, разам дзякаваць Богу падчас святой Імшы, весяліцца, смяяцца, гуляць у футбол і дзяліцца сваёй радасцю з тымі, хто побач».
Вольга: «Для мяне асаблівай каштоўнасцю такіх супольных выездаў ад „Сужэнскіх сустрэчаў“ з’яўляецца час на дыялог са сваім мужам. Гэта той момант, калі я маю магчымасць сустрэцца з ім без масак і жадання выглядаць лепей, чым я ёсць на самай справе, а наадварот, пастарацца стаць у праўдзе, падзяліцца пачуццямі, разам пераадолець тыя сітуацыі і непаразуменні, якія перашкаджаюць шчаслівай штодзённасці.
Скразной тэмай нашай сустрэчы былі словы „Больш дзяліцца, чым дыскутаваць (і спрачацца)“. Гэты прынцып дыялогу мы стараліся выкарыстоўваць і разважаць над ім у розных сферах: у дыялогу паміж мужам і жонкай, у дыялогу з нашымі дзецьмі, з іншымі людзьмі і, безумоўна, у дыялогу з Панам Богам».
Аляксандр: «Я змог паразважаць пра тое, што адну і тую ж сітуацыю, праблему, словы муж і жонка могуць перажываць зусім па-рознаму. Адзначыў для сябе, як важна дзяліцца сваімі сапраўднымі пачуццямі і поглядам на праблему са сваім сужэнцам. Толькі такім чынам мы зможам стаць больш зразумелымі адно аднаму замест таго, каб назапашваць у сэрцы крыўду, што ён ці яна нават не імкнуцца мяне выслухаць і зразумець».
Вольга: «Калі люблю, то давяраю… калі давяраю, то дзялюся сабой; тым, што ў сэрцы; тым, што адчуваю. Для мяне асабіста важным было адкрыць тое, што бываюць моманты, калі дзяліцца сабой з мужам вельмі цяжка. Ці гатовы Саша зараз прыняць тое, што ў мяне ў сэрцы па канкрэтным пытанні, дзе ў гэты момант не маем паразумення? Ці не выкарыстае ён маё дзяленне пачуццямі потым супраць мяне? На дапамогу мне ў гэтыя моманты прыходзіць дыялог з Панам Богам, калі я доўга дзялюся сваімі цяжкімі пачуццямі з Езусам... І настае той момант, калі хапае сіл і словаў, каб падзяліцца з Сашам. Маё дзяленне з Панам Богам дапамагае мне падзяліцца з мужам».
Аляксандр: «Вельмі карысным было сведчанне на тэму дзялення пачуццямі са сваімі дзецьмі. На прыкладах штодзённага дыялогу як з падлеткамі, так і з дашкольнікамі закраналіся пытанні аб тым, што нашыя дзеці могуць зусім інакш перажываць падзеі і словы, якія чуюць ад нас. Мы як бацькі павінны быць вельмі ўважлівымі да таго, што носяць нашыя дзеці ў сэрцах… Мусім знайсці гэты час, адкласці абавязкі і слухаць нават тады, калі гэтая размова нам здаецца па-дзіцячы бессэнсоўнай і вельмі нязручнай. Асаблівай увагі заслугоўваюць дзяленні з намі нашых дзяцей-падлеткаў. Каб не страціць блізкасці адносін, еднасці сям’і, мы павінны прыкладаць намаганні для дзялення з імі і выслухоўвання іх дзялення з намі.
Чым больш я прыкладу намаганняў, каб выслухаць і пастарацца зразумець сваё дзіця, тым больш шанцаў на тое, што яно будзе ведаць, як выслухаць маё дзяленне, мае клопаты і перажыванні. Хацелася б таксама больш практыкавацца з імі ў дзяленні сабой, агучваючы, што я, як бацька, адчуваю, калі чую дрэнныя словы, бачу непрыстойныя паводзіны і гэтак далей. Тады, напэўна, мой сын ці дачка будуць нашмат больш мяне разумець замест таго, каб баяцца ад мяне нейкага пакарання».
Вольга: «Было таксама пераасэнсаванне дыялогу з іншымі людзьмі: мамай, татам, сёстрамі, братамі, супрацоўнікамі… Калі пачынаем у праўдзе дзяліцца сваімі пачуццямі і перажываннямі канкрэтнай сітуацыі, то ў адказ адтрымліваем адкрытасць і дыялог, а не чарговую дыскусію ці спрэчку. Іншая асоба перастае агрэсіўна абараняцца, і тады змяняецца тон размовы. Вельмі важным для нас было дзяленне брата Алега ўласным досведам выкарыстання гэтага прынцыпу дыялогу».
Аляксандр: «Праца працай, але нельга занядбаць і сумеснага адпачынку, калі разам можна пасмажыць кілбаскі і шашлыкі, паставіць на вялікі стол хатнія прысмакі і іншыя пачастункі, размаўляць і дзяліцца адно з адным тым, чым жывем і што маем у сэрцах. А потым разам з дзецьмі гуляць у футбол, падскокваць і смяяцца ў розных вясёлых забавах. А спевы пад гітару надоўга застануцца ў нашых сэрцах. Дзякуем Богу, кожнай сям’і і манахам за такі цёплы, прыемны і плённы адпачынак!»
Удзельнікі сустрэчы асабліва ўдзячныя брату Андрэю Жылевічу OFM Cap за выдатныя ўмовы для дыялогу і адпачынку, якія прапанавала ім дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas у гэты летні дзень.