У сталічнай парафіі Божага Цела, якой апякуюцца айцы кармэліты босыя, 31 мая на ўрачыстай св. Імшы благаславілі вуглавы камень пад будаўніцтва новага касцёла і кляштара, якія размесцяцца на ўскрайку Паўночнага пасёлка ў Мінску.
З гэтай нагоды ў фундамент святыні, будаўніцтва якой ужо распачата, была ўмуравана капсула са змешчаным унутры дакументам на лацінскай мове з апісаннем гэтай падзеі.
Умураванне капсулы здзейсніў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«Вельмі сімвалічна, што цырымонія адбываецца ў парафіяльнае свята гэтай супольнасці — ва ўрачыстасць Божага Цела, — заўважыў арцыбіскуп. — Для парафіі з такой жа назвай гэта асаблівы дзень».
Урачыстасць сабрала шматлікія святары і вернікі з розных парафій, у тым ліку і з Дарава, роднай парафіі а. Сяргея Трысценя OCD — настаяцеля кармэліцкай супольнасці ў Мінску.
Вуглавы камень прывезлі з Іспаніі
Вуглавы камень быў прывезены з кляштара св. Тэрэзы ад Езуса ў Авіле (Іспанія). Як вядома, св.Тэрэза, якую называюць Вялікай, сама ў свой час была заснавальніцай каля 40 кармэліцкіх кляштараў.
Пасля таго, як вуглавы камень благаславілі, на адмысловым дакуменце, змешчаным пазней у капсулу, у знак сведчання аб пабачаным, прысутныя святары і госці пакінулі свае подпісы.
Сярод іх — подпіс архітэктара касцёла Аляксея Яроменкі і дэлегата правінцыяла Варшаўскай правінцыі кармэлітаў босых а. Роберта Марцінэка OCD.
Дакумент падпісалі і прадстаўнікі мясцовай улады: Алена Зелянко, намесніца кіраўніка адміністрацыі Завадскога раёна сталіцы, і Дзмітрый Сямёнаў, загадчык сектара культуры Упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Завадскога раёна, а таксама прадстаўнік будаўнічай фірмы «Стройтехсеть» — генеральнага падрадчыка будоўлі.
«Калі вуглавы камень моцны, моцны і ўвесь будынак»
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што любая будоўля пачынаецца з выкопвання катлавану і закладкі фундамента.
«У фундаменце галоўную ролю адыгрывае вуглавы камень, бо ён злучае яго часткі. Паглядзім на старыя будоўлі, асабліва касцёлы. Там мы ўбачым масіўныя камяні па яго вуглах.
Калі вуглавы камень моцны, то і ўвесь будынак моцны. Памятаю ў вёсцы, як распачыналі будаваць драўляны дом, найперш па яго вуглах клалі вялікія камяні, на якія абапіраліся бярвенні будучага дома. Цяпер змяніліся тэхналогіі, аднак у духоўным сэнсе роль вуглавога каменя не змянілася», — нагадаў іерарх.
«Мінску патрэбныя новыя святыні»
Мітрапаліт прывёў згадкі пра вуглавы камень са Старога і Новага Запаветаў. У прыватнасці, арцыбіскуп зазначыў:
«У Новым Запавеце Хрыстус называе сябе вуглавым каменем. Больш за тое, Ён кажа, што адкінуты будаўнічымі камень стаўся вуглавым.
Юдэі ўкрыжавалі Езуса і не прынялі Яго, але менавіта Ён стаўся вуглавым каменем Касцёла. Касцёл пабудаваны на фундаменце апосталаў, вуглавым каменем якога з'яўляецца сам Хрыстус».
Паводле слоў іерарха, будова новага касцёла — супольны клопат:
«Не толькі айцы кармэліты, але таксама і вернікі павінны прымаць у гэтым пасільны ўдзел.
Мінску патрэбныя новыя святыні, дзе будзе абвяшчацца заўсёды жывое і дзейснае Божае слова.
Наш удзел у будове касцёла будзе спрыяць стварэнню як матэрыяльнага касцёла, так і Касцёла Божага народа, які будуе сваё жыццё на хрысціянскіх каштоўнасцях».
«Няхай Эўхарыстычны Езус ўзмацняе распачатую справу будаўніцтва новага касцёла, каб яно як найхутчэй завяршылася і каб гэты касцёл стаў знакам прысутнасці Хрыста ў нашых сэрцах і на нашай зямлі», — заключыў Мітрапаліт.
Арцыбіскуп заўважыў, што гэта актуальна асабліва ў наш час, калі «сучаснае грамадства мае алергію на Бога»:
«Замест таго, каб прапагандаваць маральныя каштоўнасці, грамадства адмаўляецца ад іх, — адзначыў іерарх. — Мы жывем у часы неапаганства, калі культура больш не падтрымлівае веру... Таму вельмі важна асабістае навяртанне, да якога нас вядзе Эўхарыстыя».
Напрыканцы арцыбіскуп падкрэсліў, што гэты дзень — новы этап у жыцці Касцёла і кармэліцкай прысутнасці ў Беларусі.
Сам іерарх 31 мая адсвяткаваў 37-гадавіну з дня прэзбітэрскага пасвячэння.