Пошук

28.05.2018 12:34   с. Яна Аляксеева CSSH / Фота: Святлана Лабковіч / Catholic.by

26 мая ў парафіі св. Антонія ў Слуцку адбыліся ўрачыстасці, звязаныя з юбілеем 25-годдзя служэння ў Беларусі сясцёр ядвіжанак.

Касцёл св. Антонія быў напоўнены вернікамі. Сярод іх прысутнчалі родныя і блізкімі сясцёр, якія прыехалі ў Слуцк з розных мясцін, каб падзяліць з імі супольную радасць. Урачыстую св. Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Сярод святароў, якія разам з ім канцэлебравалі Эўхарыстыю, былі кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч і кс. канонік Павел Салабуда.

У гаміліі іерарх нагадаў, што ў гэты дзень Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін апостала Рыма св. Філіпа Нэры, які ў XVI ст. вылучаўся надзвычайным духам апостальства.

Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што гэты святы ў маларэлігійным асяроддзі Вечнага горада не толькі выконваў функцыі таго, хто навучае, асвячае і кіруе Божым народам, але таксама займаўся апекай моладзі і служэннем міласэрнасці.

Падобнай харызмай кіраваўся таксама айцец Роберт Спіске, заснавальнік кангрэгацыі сёсцёр ядвіжанак. І сёння яны дапамагаюць найбольш патрабуючым, выхоўваюць дзяцей і моладзь у евангельскім духу, самаахвярна служаць Богу і бліжнім, абвяшчаючы Добрую Навіну аб Божай любові і міласэрнасці словам і чынам.

З нагоды 25-годдзя служэння сясцёр ядвіжанак арцыбіскуп згадаў таксама асобу св. Ядвігі, княгіні Сілезіі, якая жыла на мяжы ХІІ–ХІІІ ст. Будучы княгіняй, яна не была беднай, аднак вяла сціплы стыль жыцця і прысвячала сябе справам міласэрнасці.

Кангрэгацыя сясцёр Ядвіжанак была заснавана ў 1859 г. у Вроцлаве. Галоўнай яе харызмай з’яўляецца хрысціянскае выхаванне дзяцей і моладзі, а таксама апека над дзецьмі з абмежаваннямі і занядбанымі дзецьмі.

25 гадоў таму, калі Касцёл на Беларусі перажываў вясну свайго адраджэння пасля трох пакаленняў атэізацыі, сёстры ядвіжанкі адгукнуліся на скіраваную да іх просьбу дапамагчы яму, і самі ўжо сталі яго неад’емнай часткай.

  

Добры самаранін не прайшоў міма параненага чалавека, але дапамог яму. Як адзначыў арцыбіскуп, менавіта такім моцна параненым і духоўна абяскроўленым быў 25 гадоў таму Касцёл на Беларусі. Сёстры Ядвіжанкі не прайшлі міма, а міласэрна схіліліся над ім з мэтай намасціць яго раны алеем Божай ласкі і перавязаць іх бінтам міласэрнасці.

Шлях служэння сясцёр ядвіжанак у Беларусі распачаўся са Слуцка. Чвэрць стагоддзя таму ў касцёле, які яшчэ толькі будаваўся, у спартанскіх умовах распачалі служэнне тры сястры, якія прыехалі з Польшчы. Распачалі ў духу добрага самараніна і сваёй духоўнай настаўніцы св. Ядвігі.

Яны дапамагалі і працягваюць дапамагаць у духоўных і матэрыяльных справах. Іх асаблівае заданне — гэта катэхізацыя дзяцей і моладзі, а таксама дапамога патрабуючым.

У служэнні сясцёр таксама ажыццяўляецца сённяшняе Евангелле, якое ўтрымлівае фрагмент Нагорнага казання Езуса. Восем Яго благаслаўленняў — гэта не што іншае, як праграма, якую дае нам Хрыстус для дасягнення дасканаласці. Сярод благаслаўленняў ёсць і такія словы: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць». Менавіта адсюль узяты дэвіз кангрэгацыі сясцёр ядвіжанак.

Свету ва ўсе часы патрэбна міласэрнасць. Міласэрнасць з’яўляецца асаблівай рысай Бога. Уся гісторыя чалавецтва — гэта гісторыя Божай міласэрнасці.

Наш час гэта таксама час новага праяўлення Божай міласэрнасці. Бог злітаваўся над намі і дараваў свабоду веравызнання. Наша заданне — навучыцца ёй карыстацца. І тут узнікаюць новыя праблемы. Захліпнуўшыся свабодай, чалавек успрымае яе як дазвол рабіць усё, што хоча.

Касцёл супрацьстаіць выклікам нашага часу, калі нішчыцца сям’я, забіваецца ненароджанае жыццё, як бульдозер пракладае сабе дарогу гендэрная ідэалогія. У гэтым працэсе важна выхаванне новага чалааека для новых часоў. Божы Провід паклікаў для гэтага таксама і сясцёр ядвіжанак.

  

Іх ахвярнае служэнне ў Слуцку, Асіповічах і Замосці, а з мінулага года і ў Гродне, іх адкрытасць для людзей і гатоўнасць дапамагаць ім у вырашэнні іх праблемаў, прыносяць добры плён у выхаванні дзяцей і моладзі, а таксама ў справах дабрачыннасці — практычнай рэалізацыі міласэрнасці, да чаго заклікае і прыклад чаго дае папа Францішак.

Такое служэнне сясцёр ядвіжанак прыцягвае іншых, пра што сведчаць 11 пакліканняў у Кангрэгацыю з Беларусі.

«25 гадоў у гісторыі Касцёла — гэта няшмат, але ў гісторыі Касцёла ў нашай краіне і ў гісторыі яго адраджэння пасля трох пакаленняў ганенняў — гэта нямала. І гэтую гісторыю пішуць таксама сёстры ядвіжанкі», — завяршыў сваю гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч. На заканчэнне іерарх падзякаваў сёстрам за іх ахвярнае служэнне і пажадаў Божага благаслаўлення на будучае служэнне і новых дасягненняў.

Пасля Эўхарыстыі дзеці і моладзь у падрыхтаванай імі інсэніроўцы наблізілі вобраз святой Ядвігі Сілезскай і прадставілі кароткую гісторыю пачатку апостальскай працы сясцёр ядвіжанак на Беларусі. Урачыстасць упрыгожыў ансамбль «Вясна» малодшых скрыпачоў са слуцкай музычнай школы, якія падрыхтавалі для сясцёр і гасцей духоўны падарунак — прыгожыя музычныя творы.

Абноўлена 28.05.2018 14:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа