Пошук

21.05.2018 17:03   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Фота: Марына Валасар / Catholic.by

20 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у мінскім касцёле Маці Божай Будслаўскай адбылася духоўная праграма «Насустрач Маці Божай».

У гэты дзень у парафіі адкрылася выстаўка Віктара Ведзеня «Дарогі, якімі мы Бога шукаем», якая нагадала пра мінскія пілігрымкі ў Будслаў.

Шмат хто з людзей мог пабачыць гэтыя выявы раней у іншых святынях Мінска і нават у Будславе падчас фэсту 2016 года, аднак гэтая парафія стала лагічным працягам новай прэзентацыі, асабліва цяпер, перад падрыхтоўкай да пілігрымкі.

«Кожны паказ выстаўкі — гэта яе новае жыццё. Спадзяюся, што прадстаўленая экспазіцыя будзе працягваць натхняць іншых на свой духоўны шлях да Маці Божай», — дзеліцца аўтар.

 

Кожная пілігрымка — гэта перш за ўсё малітва, разважанне над Божым словам, асабісты дыялог з Богам, падзяка і просьбы людзей да Маці Божай. Але заўсёды пілігрымку чуваць здалёк дзякуючы гучным спевам і музыцы. Добра вядомыя пілігрымкавыя песні парафіяне змаглі пачуць і падпяваць разам з выканаўцай Таццянай Дробыш.

«Мы заўсёды імкнёмся да нашай духоўнай Маці, ідзём да Яе з просьбамі аб дапамозе ў цяжкую хвіліну і бяжым падзяліцца радасцю, — адзначыў пробашч парафіі кс. канонік Францішак Рудзь. — Я задаволены праслаўленнем Апякункі нашай парафіі праз музычныя творы і фотавобразы, якія заахвочваюць да пілігрымкі».

Уладзімір Вайцяховіч, адзін з арганізатараў аўтобусных пілігрымак у Будслаў з мінскага Чырвонага касцёла, нагадаў, што магчымасць праславіць Будслаўскую Маці ёсць не толькі падчас фэсту, які сёлета адбудзецца 1-2 ліпеня, але і падчас здзяйснення сваёй пілігрымкі ў Будслаўскі санктуарый у першую суботу кожнага месяца.

 

Фотавыстаўка «Дарогі, якімі мы Бога шукаем» даступная для прагляду па 14 чэрвеня ў касцёле Маці Божай Будслаўскай (вул. Прытыцкага, 107а): панядзелак – пятніца — 17.30 – 19.00, субота — 09.00 – 11.00, нядзеля — 09.00 – 14.00

Абноўлена 21.05.2018 17:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.