Пошук

15.05.2018 14:28   Тэкст і фота: Іаланта Валуевіч / Catholic.by

13 мая ў клюшчанскім касцёле адбылася імпрэза, прысвечаная 92-м угодкам смерці кс. Канстанціна Стаповіча — святара і паэта Казіміра Сваяка.

Сёлетняя сустрэча атрымалася з прысмакам горычы, таму што праходзіла не як заўсёды раней: не ў прыгожым і светлым, нібы з сонца сатканым, касцёле, дзе сцены яшчэ памяталі голас святара-паэта, а таксама захоўвалі галасы дзядоў-прадзедаў і нядаўна адышоўшых у вечнасць родных, суседзяў, тутэйшых парафіянаў…

Сутрэча праходзіла не ў касцёле, бо клюшчанскага касцёла, на вялікі жаль, больш няма…

Менш за месяц засталося да гадавіны непапраўнай трагедыі. Таму распачалася імпрэза з таго, што, як блізкаму і роднаму чалавеку, аддалі даніну памяці, хвалы і пашаны клюшчанскаму касцёлу.

Напачатку вядучая імпрэзы прачытала верш «Клюшчаны», напісаны былой парафіянкай, якая цяпер жыве ў Ляндварове (г. Лянтварыс, Літва), з нагоды асвячэння адноўленай святыні ў 1989 г. Рыжанін Фелікс Станевіч, таксама былы парафіянін, пачуўшы пра гэтую балючую страту, свае пачуцці выказаў у песні-баладзе «Нашых душ фундаменты». Прыехаць на імпрэзу ён не змог, але перадаў усім удзельнікам і ўсёй клюшчанскай зямлі нізкі паклон і спецыяльна пераклаў песню, якая была напісана на латышскай мове, на рускую. Людзі праслухалі абодва варыянты, стаіўшы дыханне.

Потым прысутныя паглядзелі ролік «Гісторыя клюшчанскага касцёла ў фотаздымках», узгадалі, якім быў касцёл, якія прыгожыя і радасныя адбываліся тут фэсты, успомнілі святароў, якія тут служылі… Гэтая святыня, нібы магнітам, «прыцягвала» да сябе яркіх, таленавітых асобаў. Гэта не толькі кс. Канстанцін Стаповіч, але і кс. Ян Галіч-Сулінскі, кс. Юзаф Бародзіч, кс. Адам Вайцяхоўскі. Паказ суправаджаўся музычнымі эцюдамі Фелікса Станевіча і паланезам Міхала Клеафаса Агінскага «Развітанне з Радзімай». Многія ў гэты момант не стрымалі слёз…

Другая частка сустрэчы была прысвечана Казіміру Сваяку — ксяндзу Канстанціну Стаповічу, які быў не толькі святаром, але і паэтам, драматургам, філосафам і грамадскім дзеячам.

Ён усім сэрцам любіў клюшчанскі касцёл, даручаных яго пастырскай апецы людзей, родную мову і Бацькаўшчыну.

Уступаючы на шлях святарства, стараючыся заўсёды «быць чыстай і простай мыслі», кс. Канстанцін Стаповіч нават не падазраваў, колькі церняў і пакут чакае яго наперадзе. Але ж наўрад ці святар-паэт мог здагадвацца і пра тое, якой удзячнасцю і пашанай будзе ён акружаны з часам не толькі ў сваёй парафіі, але і ва ўсёй краіне. Каб разам з мясцовымі вернікамі памаліцца і ўшанаваць памяць кс. Канстанціна Стаповіча, у Клюшчаны ў гэты дзень прыехалі госці з Мінска, з Віцебшчыны і Астравеччыны.

Паэт, пісьменнік і перакладчык Віктар Шніп спецыяльна для імпрэзы напісаў журботны верш «Балада Казіміра Сваяка».

Да родных ніў, да роднага касцёла

Вяртаешся, самотны, з Закапанэ.

Грукочуць цягнікі і плачуць колы,

І прыбліжаюць твой апошні ранак…

Свой верш «Роздум» прачытала таксама Генавэфа Дубіловіч, настаўніца, якая прыехала ў складзе групы вернікаў з Камаяў (Пастаўскі дэканат, Віцебская дыяцэзія) на чале з пробашчам кс. Яцэкам Хутманам.

Менавіта камайскі пробашч быў ініцыятарам імпрэзаў у Клюшчанах, якія ўжо сталі традыцыйнымі і набылі неафіцыйную назву «Сваякоўскіх сустрэчаў».

Шмат добрых словаў клюшчанскім вернікам і іх душпастыру кс. Анатолю Захарэўскаму выказалі і іншыя госці: літаратар Язэп Янушкевіч, мастацтвазнаўца Святлана Радзевіч і мастак Алег Драбышэўскі, які сваю карціну «Клюшчанскі касцёл» перадаў у дар музею Казіміра Сваяка да яго адкрыцця.

    

На заканчэнне імпрэзы, падчас якой, канечне, гучалі таксама вершы Казіміра Сваяка, выступіў мастацкі кіраўнік гурта «Балцкі субстрат» Максім Іўкін, які ўзбагаціў спадчыну святара-паэта тым, што напісаў на словы ягоных вершаў восем песень.

Атмасфера, якая панавала на памятнай імпрэзе ў Клюшчанах, была сапраўды сяброўскай, «сваякоўскай». Людзі ўсміхаліся праз слёзы, шчыра дзякавалі кс. Анатолю за яго служэнне і намаганні не толькі не пакінуць без належнай душпастырскай апекі сваіх вернікаў, якія засталіся без святыні, але і захаваць памяць пра свайго папярэдніка ў клюшчанскай парафіі. Удзельнікі сустрэчы пасля яе заканчэння яшчэ доўга не разыходзіліся, абменьваючыся ўражаннямі ад усяго перажытага.

Абноўлена 15.05.2018 17:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.