Пошук

02.05.2018 15:10   Тэкст: Кс. Андрэй Рылка / Catholic.by
Фота: Хенрык Паддэмбскі (1936 г.) / © pinsk-history.ru

1 мая вернікі з розных парафій Пінска і ваколіц, святары, выкладчыкі і студэнты МВДС імя св. Тамаша Аквінскага на чале з біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам сабраліся ў катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў гадавіну яе пасвячэння, каб падзякаваць Богу за 622 гады няспыннага Божага культу на гэтым месцы і 288 гадоў з апошняй рэкансэкрацыі святыні.

Падчас св. Імшы пастыр Пінскай дыяцэзіі, якая ўключае ў сябе тэрыторыю Брэсцкай і Гомельскай вобласцяў, нагадаў вернікам пра слаўную і драматычную гісторыю Касцёла на Палессі, сімвалам якой з’яўляецца пінская катэдра.

Іерарх звярнуў увагу ўдзельнікаў літургіі на тое, што ў старажытнасці хрысціянскія святыні ўзносіліся на хвалу адзінага і сапраўднага Бога там, дзе дагэтуль панавала паганства. Шмат стагоддзяў таму таксама і на Палессе прыйшлі першыя хрысціянскія місіянеры, каб абвяшчаць Евангелле, хрысціць і будаваць святыні — месцы сустрэчы чалавека з Богам.

Напрыканцы XIV ст., праз некалькі дзясяткаў гадоў пасля смерці св. Францішка Асізскага, браты з заснаванай ім манаскай супольнасці прыбылі на берагі Піны.

Тут яны разам з мясцовымі вернікамі пабудавалі касцёл і кляштар, якія пазней неаднаразова перабудоўваліся пасля драматычных гістарычных падзеяў, войнаў, пажараў. Сёння гэтая старадаўняя святыня з’яўляецца катэдрай, а ў кляштарным комплексе месціцца Вышэйшая духоўная семінарыя.

Нагадаўшы, што свой сучасны выгляд пінская катэдра набыла падчас апошняй перабудовы святыні ў 1730 г., біскуп Антоні адзначыў:

«З таго часу да нашых дзён ужо амаль 300 гадоў гэты касцёл няспынна збірае вернікаў на штодзённую малітву, святую Імшу. Гэта — асаблівае месца яднання чалавека з Богам».

Паказваючы на велічныя фрэскі і абразы катэдры, іерарх падкрэсліў, што ўсе яны з’яўляюцца сімваламі, якія нагадваюць нам пра тую найважнейшую святыню, якою з’яўляецца кожны чалавек — жывы санктуарый Пана на зямлі.

На думку пастыра дыяцэзіі, у клопаце пра чалавека нам неабходна дбаць таксама пра касцёлы — старыя і новыя — каб, як пінская катэдра на Палессі, яны надалей былі выразным, бачным знакам і месцам асаблівай сустрэчы чалавека з Богам у кожным куточку зямлі.

На заканчэнне літургіі біскуп Антоні Дзям’янка падзякаваў усім прысутным за супольную малітву і за клопат пра Касцёл, а таксама зноў заахвоціў старанна маліцца аб пакліканнях да святарскага і манаскага служэння.

Абноўлена 02.05.2018 18:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа