28 верасня ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбылася святая Імша падзякі Богу за 25 гадоў пастырскага служэння біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі.
4 ліпеня 1998 года дэкрэтам Святога Айца Яна Паўла ІІ Антоні Дзям’янка быў прызначаны дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі.
Пасвячэнне новапрызначанага біскупа адбылося 29 верасня 1998 года ў Гродне.
Галоўным пасвячаючым біскупам быў тагачасны арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк.
Павіншаваць біскупа Антонія Дзям’янку са срэбным юбілеем пастырскага служэння прыбыў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
Перад уваходам у старадаўнюю пінскую базыліку прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне сустрэў сам біскуп-юбіляр і тутэйшыя вернікі.
Нунцый Ёзіч неаднаразова бываў у Пінскай дыяцэзіі, але гэтым разам упершыню наведаў некаранаваную сталіцу беларускага Палесся; горад, дзе неслі служэнне вялікія светачы Касцёла на беларускай зямлі — першы Пінскі біскуп, Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі і яго дастойны наступнік Казімір Свёнтэк, першы і адзіны кардынал у сучаснай гісторыі Беларусі.
Павіншаваць цяперашняга пастыра Пінскай дыяцэзіі прыбылі таксама іерархі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі і бліжэйшы паплечнік юбіляра біскуп Казімір Велікаселец ОР, а таксама Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
У пінскай катэдры Апостальскі нунцый узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы з нагоды 25-годдзя з часу біскупскага пасвячэння Антонія Дзям’янкі.
Прывітаўшы прысутных у святыні іерархаў, святароў, кансэкраваных асоб, вернікаў і прадстаўнікоў улады, нунцый Ёзіч перадусім выказаў радасць ад магчымасці ўпершыню цэлебраваць Эўхарыстыю ў слаўнай базыліцы. Звяртаючыся да прысутных, прадстаўнік Папы Францішка дадаў: «Я рады дзякаваць Пану за служэнне вашага пастыра, які на працягу 25-і гадоў штодня ахвяруе сябе вернікам і святарам, манахам і манахіням, рупліва супрацоўнічаючы з усімі ў будаванні Нябеснага Валадарства на гэтай зямлі, дадзенай нам Провідам Божым.
«Ад імя Святога Айца выказваю шчырую падзяку вашаму біскупу і з задавальненнем перадаю яму падарунак ад Папы Францішка на памяць аб гэтай сярэбранай гадавіне, якая дасць вашаму біскупу новы штуршок у пастырскім кіраўніцтве гэтай дыяцэзіяй», — з гэтымі словамі нунцый перадаў біскупу Дзям’янку памятны медаль Пантыфікату.
Каротка звярнуўшыся да біяграфіі іерарха, да яго шматгадовага святарскага і біскупскага служэння, Апостальскі нунцый адзначыў:
«Працуючы ў розных дыяцэзіях, біскуп Антоні быў верным слугой у вінаградніку Пана, таму Касцёл даручае яму розныя важныя заданні ў справе кіравання народам Божым».
Выказаўшы юбіляру віншаванні і найлепшыя пажаданні, Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч заахвоціў удзельнікаў урачыстай цэлебрацыі ў супольнай малітве прасіць «шматлікіх Божых ласкаў для біскупа Антонія дзеля яго плённага служэння ў гэтай дыяцэзіі, каб ён мог мужна весці сваю паству да нябеснай мэты праз заступніцтва Панны Марыі, Маці Божай Будслаўскай».
У гаміліі, якую прамовіў айцец Аркадзь Куляха OCD, удзельнікі літургіі былі запрошаныя паразважаць над тым, чаму навучаў і да чаго заахвочваў вернікаў Пінскі біскуп.
Паказваючы розныя аспекты яго біскупскіх настаўленняў, прыводзячы цытаты з пастырскіх лістоў і заклікаў іерарха, айцец Аркадзь засяродзіў увагу на шырокіх гарызонтах пастырскага клопату біскупа Дзям’янкі, яго ўвагі да патрэбаў і перажыванняў кожнага чалавека без выключэння.
Напрыканцы літургіі біскуп Касабуцкі, Генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, зачытаў адмысловы віншавальны адрас ад імя ўсяго епіскапату краіны для юбіляра.