Пошук

Моладзь з Ubi Caritas на прэзентацыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Як навучыцца любіць Бога мацней за жыццё? Дзе шукаць крыніцу паклікання? Чаму біскупская піуска такога колеру? Што варта змяніць, каб замежныя святары маглі працягваць служэнне ў Беларусі?

На гэтыя і іншыя пытанні ўдзельнікаў ІІІ усебеларускай сустрэчы моладзі ў Гродне адказалі біскупы Беларусі на чале са старшынёй Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам.

Пра пакліканне

«Мы ўсе пакліканыя да Нябеснага Валадарства, да збаўлення і вечнага жыцця. Каб распазнаць пакліканне, важна зрабіць крок наперад: даверыцца Богу і ісці за яго голасам», -- зазначыў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Іерарх дадаў, што вялікая праблема сучаснасці – гэта страх. Але, пераадолеўшы яго, як заўважыў біскуп, можна знайсці сваю дарогу ў жыцці.

Чаго не хапае беларускай моладзі?

«Нам не хапае даверу і дыялогу паміж сабой – біскупамі і моладдзю», -- адказаў на пытанне дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Паводле яго слоў, кожнае наступнае пакаленне моладзі мае сваю асаблівасць.

«25 гадоў таму перадача Евангелля адбывалася крыху іншым шляхам. Але важна прыслухоўвацца адно да аднаго, мы хочам прыслухоўвацца да вашых меркаванняў і пытанняў», -- дадаў іерарх.

«Важна, каб кожны з вас быў апосталам і перадаваў Евангелле іншым. Часта нам не хапае адвагі сказаць іншаму чалавеку, што Бог яго любіць. Калі мы будзем гэта рабіць, то Беларусь будзе мець дастаткова надзеі, а святары і сёстры законныя – дастаткова працы», -- заключыў біскуп.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваю чаргу распавёў уласную гісторыю паклікання да святарства, а таксама дадаў, што «ад моладзі можна чуць шмат крытыкі ў бок іерархаў, але важна, каб моладзь таксама хацела браць адказнасць за сваё душпастырства».

Пра служэнне замежных святароў

Адно з пытанняў датычыла сітуацыі з замежнымі святарамі, якія не атрымліваюць дазвол на працяг свайго душпастырства.

Як прыклад – гісторыя кс. Кшыштафа Пасвяты, які вымушаны быў пакінуць Беларусь.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што ні ў адной краіне свету ён не сутыкаўся з тым, што святар павінен атрымліваць дазвол ад свецкай улады на служэнне, і сітуацыя, якая склалася ў Беларусі, выглядае як нонсенс.

«Улічваючы ўсё гэта, магу сказаць, што заканадаўства, якое рэгулюе парадак служэння замежных святароў у нашай краіне, мае патрэбу ў рэфармаванні», -- заключыў арцыбіскуп.

Сярод іншага моладзь цікавілася паходжаннем колеру біскупскай піускі, а таксама шукала адказ на пытанне, ці можа быць у чалавеку лішак веры і як навучыцца любіць людзей мацней за жыццё.

«Памятайце, што знакам нашай прыналежнасці да Хрыста з'яўляецца крыж. Гэта знак нашай сапраўднай любові. Памятайма, што на цяжкасці і цярпенні трэба адказваць любоўю. Любіць – гэта ў тым ліку і ўмець браць на сябе адказнасць», -- нагадалі біскупы.

Хто мы і адкуль: прэзентацыя як магчымасць расказаць пра дыяцэзію

Прэзентацыя моладзі з чатырох рыма-каталіцкіх дыяцэзій Беларусі і моладзі Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі прайшла на тэму «Па прыкладу Марыі не баяцца давяраць сваё жыццё Богу».

Кожная дыяцэзія магла абраць сваю форму прэзентацыі – тут былі і танцы, і пантаміма,  і тэатральныя пастаноўкі. Кожная з дыяцэзій завяршала сваю прэзентацыю спевамі.

Мінска-Магілёўскую дыяцэзію прадставіў гурт Ubi Caritas з Івянца на чале з а. Яўгенам Голубам OFMConv, Гродзенскую дыяцэзію – тэатр імя св. Яна Паўла ІІ з гродзенскай парафіі на Дзевятоўцы, Пінскую дыяцэзію – моладзь з розных яе парафій на чале з гуртом CROSSWAY і кс. Паўлам Рудзьманам, Віцебскую дыяцэзію – моладзь з Браслава і Глыбокага.

Моладзь Грэка-Каталіцкай Царквы падзялілася з прысутнымі сведчаннямі, а таксама выканала кандак з Акафіста да Маці Божай Жыровіцкай.

Абноўлена 01.05.2018 00:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа