Пошук

25.04.2018 07:30   Фота: Servizio Fotografico de "L'O.R." / Catholic.by

На тыдзень малітваў аб пакліканнях да святарскага, манаскага і місійнага служэння ў Касцёле, які з 22 красавіка праходзіць у Пінскай дыяцэзіі, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка звярнуўся з заклікам да вернікаў. Гэты заклік павінен быць прачытаны ва ўсіх касцёлах Пінскай дыяцэзіі ў нядзелю 29 красавіка.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

«Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на сваё жніво» (пар. Лк 10, 2).

Гэтыя словы Пана Езуса набываюць асаблівае значэнне ў літургіі чацвёртага Велікоднага тыдня, які называецца тыднем Добрага Пастыра. Узгаданыя словы Хрыста расказваюць нам пра дзве рэчы: пра жніво і пра работнікаў. Што ж з’яўляецца жнівом? Евангельскі пасеў з’яўляецца жнівом, дадзеным у рукі і сэрцы людзей. У гэты пасхальны перыяд жнівом таксама з’яўляецца абвяшчэнне праўды пра Змёртвыхпаўстанне, што апошняе слова належыць не смерці, а Жыццю. Бог з’яўляецца Гаспадаром жыцця. Акрамя таго, велікодныя таямніцы адкрываюць нам яшчэ адну праўду: Бог — Пан жыцця і смерці — ёсць любоў. Гэтая хрысціянская ісціна, засеяная ў сэрцах, як зерне, прыносіць багаты плён, шчодрае жніво. Гэтым жнівом з’яўляецца супольнасць Касцёла, якая расце і развіваецца. Яе росквіт стаў магчымым дзякуючы ахвярным работнікам, у першую чаргу Апосталам, іх вучням, біскупам і іх супрацоўнікам: святарам і дыяканам. Яны сеюць і збіраюць, а Пан заўсёды дае шчодры плён.

Сёння нам таксама трэба нястомна прасіць Гаспадара Жніва, каб адарыў нас работнікамі на Яго ніве. Трэба прасіць аб новых і шматлікіх пакліканнях да святарства і кансэкраванага, манаскага жыцця. Яны будуць, калі маладыя людзі адгукнуцца і велікадушна выйдуць служыць на Божую ніву ў сучасным свеце. Нам неабходна аб гэтым маліцца, прасіць, а таксама дзякаваць за тое, што ўжо маем.

На працягу тыдня Езуса Добрага Пастыра мы асабліва молімся аб пакліканнях да Божай службы. Сёлета гэты тыдзень прыпадае на значныя даты ў гісторыі Пінскай дыяцэзіі. Гэта 80-я гадавіна кананізацыі святога Андрэя Баболі і 100-я гадавіна біскупскага пасвячэння першага пастыра Пінскай дыяцэзіі слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага.

З гэтай нагоды супольнасць нашых семінарыстаў разам са святарамі-фарматарамі і біскупам пабывала з пілігрымкай у Апостальскай Сталіцы, у Рыме. Там мы дзякавалі Пану Богу за дар вялікіх пастыраў, працаўнікоў на Божай ніве на нашай зямлі. Вялікай падзеяй не толькі для саміх пілігрымаў, але і для ўсяго Пінскага Касцёла стала аўдыенцыя са Святым Айцом Францішкам, падчас якой семінарысты і іх выхаваўцы сустрэліся з наступнікам святога Пятра. Семінарыя атрымала благаслаўленне ад прадстаўніка Хрыста на зямлі — папы Францішка.

З гэтым благаслаўленнем семінарысты з яшчэ большым энтузіязмам веры і служэння вярнуліся ў Пінск, каб тут, на Палессі, падрыхтавацца да будучай працы па прыкладу вялікіх заступнікаў нашай семінарыі і дыяцэзіі: святога Андрэя Баболі і слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага.

Верым, што папскае благаслаўленне стане яшчэ адным імпульсам для абуджэння новых і высакародных пакліканняў да святарства.

На заканчэнне гэтага асаблівага Тыдня малітваў звернем наш позірк на тых, хто здзяйсняе ў Хрыстовым Касцёле пастырскае служэнне. Як піша св. Ян Павел II, пакліканне да гэтай службы з’яўляецца «дарам і таямніцай» (пар. Ян Павел ІІ, «Дар і таямніца»). Гэты незвычайны дар мы атрымліваем ад самога Хрыста.

Кандыдаты да святарства, якія распазнаюць сваё пакліканне, выпрацоўваюць у сабе адпаведныя якасці, што будуць ім дапамагаць у здзяйсненні далейшага служэння ў Касцёле. Адной з такіх рысаў і адначасова ўмовай добрай рэалізіцыі святарскага паклікання з’яўляецца ўсеабдымная любоў да бедных, хворых, згубленых і адкінутых. Кандыдат да святарства — гэта той, хто па прыкладу Хрыста мае вялікае сэрца, здольнае агарнуць усіх патрабуючых, як навучае папа Францішак (пар. Гамілія папы Францішка ва ўрачыстасць Найсв. Сэрца Езуса, Рым, з чэрвеня 2016 г.). Гэта той, хто зможа ахвярна адмовіцца ад стварэння ўласнай сям’і, каб агарнуць чыстаю Хрыстоваю любоўю кожнага чалавека, як свайго роднага брата і сястру. Кандыдат да святарства — гэта той, хто асаблівым чынам здольны любіць тых, каго іншыя не любяць. Сапраўдны пастыр і вучань Хрыста заўсёды бескарыслівы ў сваёй любові. Яго сэрца адкрытае для тых, хто не можа адплаціць за аказаную ім любоў і сардэчнасць. Глыбокае спачуванне і шчыры клопат пра лёс бедных матэрыяльна, духоўна і маральна — гэта неабходныя ўмовы вернасці пастырскай місіі Божага Сына, які прыйшоў, каб здабыць нам збаўленне (пар. Мц 20, 28).

Молімся за нашых кандыдатаў да святарства, бо яны пакліканы да асаблівага сведчання аб Евангеллі ў трэцім тысячагоддзі хрысціянства, у часы вялікіх пераменаў, сярод разнастайных чалавечых крызісаў. Сучаснасць патрабуе ад іх сфармаваць у сабе моцную і цвёрдую асобу ў кожным з наступных вымярэнняў: духоўным, інтэлектуальным, маральным і грамадскім. Таму кожнаму кандыдату да святарства неабходна прайсці шматгадовую фармацыю, каб дасягнуць пэўнай ступені сталасці і трываласці ў добрым, каб належна рэалізаваць Хрыстовае пакліканне.

Дзякуем Пану Богу за дар нашай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, якая забяспечвае высокі ўзровень падрыхтоўкі кандыдатаў да святарскага служэння ў самых розных умовах душпастырства на нашай зямлі. Дзякуем Богу за адпаведна падрыхтаваных выкладчыкаў і выхаваўцаў, якія на працягу гадоў рупліва фармуюць будучых работнікаў на жніве Пана.

Заклікаю вас, дарагія браты і сёстры, і моцна прашу аб малітве за нашу пінскую семінарыю і за новыя пакліканні да святарства і манаскага жыцця. Няхай сведчаннем вашага клопату пра Божую справу будзе трывалая супольная малітва, асабліва ў коле сям’і. Бо сям’я — гэта першая калыска пакліканняў. Заклікаю душпастыраў і парафіяльныя групы ўключыцца ў руплівую малітву Касцёла, каб Хрыстус Добры Пастыр абудзіў шматлікія пакліканні да святарства з нашых парафій.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця