Пошук

21.04.2018 15:49   Grodnensis.by / Catholic.by

«Сёння мы молімся не толькі за тых, хто ўжо пакліканы служыць Богу і людзям, але асабліва аб новых і шматлікіх пакліканнях да святарскага, законнага і місіянерскага жыцця менавіта з гэтых месцаў, з нашай парафіі, з нашых сем’яў», — адзначаецца ў лісце.

Сённяшняя чацвёртая велікодная нядзеля адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле як Нядзеля Добрага Пастыра — дзень асаблівых малітваў аб пакліканнях. Мы пачынаем тыдзень малітвы ў гэтай інтэнцыі. Вось чаму клерыкі нашай семінарыі ў Гродне наведваюць розныя парафіі і дзеляцца сведчаннем свайго паклікання, тым, чым яны жывуць і радуюцца. Яны хочуць паказаць і давесці да маладых сэрцаў, што сёння, будучы святаром або законнай сястрой, можна быць шчаслівым і рэалізаваць у пакліканні Божую волю.

Варта адзначыць, што Тыдзень малітваў аб пакліканнях ахоплівае пакліканне не толькі да святарства, але і да кансэкраванага і місіянерскага жыцця. Ды і сама малітва аб пакліканні не абмяжоўваецца толькі адным тыднем у годзе.

Дзякуем за вялікі дар паклікання, але просім у Хрыста ў гэтыя святыя дні, каб дапамагаў маладым людзям з новай любоўю распазнаць і палюбіць пакліканне і як найлепей з дапамогай Святога Духа яго напаўняць. Сёння мы молімся не толькі за тых, хто ўжо пакліканы служыць Богу і людзям, але асабліва аб новых і шматлікіх пакліканнях да святарскага, законнага і місіянерскага жыцця менавіта з гэтых месцаў, з нашай парафіі, з нашых сем’яў. Бо просьба і заклік Найвышэйшага Пастыра «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё» (Лк 10, 1-3) заўсёды актуальныя і асабліва ў сённяшнія часы і дні.

Калі сёння адчуваецца недахоп пакліканняў, гэта ў першую чаргу таму, што маладыя людзі не ведаюць, што такое пакліканне. Яны не ведаюць, кім з’яўляецца святар, законная сястра. Не ведаючы сутнасці паклікання, яны не бачаць яго глыбокі сэнс і не могуць гэтым захапіцца. Цяжка дакладна адказаць, чым з’яўляецца пакліканне. Бо няма адной дакладнай дэфініцыі. Кожны адказ будзе правільным, але не вычарпальным. Вялікі папа Ян Павел II гаварыў, што пакліканне — гэта дар і таямніца. Хтосьці сказаў, што пакліканне з’яўляецца вельмі далікатнай кветкай. Яе трэба старанна абараняць і песціць. Вельмі важным з’яўляецца распазнанне свайго паклікання. Аднаму Бог з юнацтва гаворыць «Ідзі за Мной», другому здаецца, што дасягнуў у жыцці ўсяго: кар’еры, прызнання людзей, але ў адзін момант кідае ўсё, каб аддаць сябе цалкам Богу. Акрамя таго, здараецца і так, што нехта чуе голас паклікання, заглушае яго, хоча сам паводле свайго меркавання будаваць жыццё. Святы Аўгустын, калі распавядаў аб сваім пакліканні, сказаў: «Пане, Ты захапіў мяне, а я не мог супраціўляцца. Доўга ўцякаў, але Ты бег за мной. Абыходзіў вакол, але Ты бачыў гэта. Дагнаў мяне. Я абараняўся. Ты перамог. І вось я, Пане, сказаў “так”».

«Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала»… Напэўна, мы, маладыя, гэтага ўжо не памятаем. У нас ужо ёсць сучасная камбайны, якія ўсяго толькі за некалькі дзён ці тыдняў збіраюць збожжа на палях. Але некалі жніво выглядала зусім інакш. Некалькі дзесяцігоддзяў таму жніво збірала ўсю сям’ю, а нярэдка і суседзяў. Патрэбна было шмат людзей, каб сабраць збожжа з вялікага поля. Гэта была цяжкая праца, але ў той жа час і вялікая радасць, што будзе хлеб.

Жніво сімвалізуе сітуацыю ў Касцёле. Вялікае жніво — мільёны людзей, якім не хапае праўды, не хапае Бога, такіх, хто ніколі не чуў пра Яго, шмат тых, хто адышоў ад Яго. У справе апостальскага служэння, у евангелізацыі свету ўдзельнічаюць усе – святары, законнікі і свецкія. Кожны з нас, вучань Езуса, можа абвяшчаць: «Наблізілася да вас Валадарства Божае». Хрыстус не дае спецыяльных парадаў, але паўтарае: ідзіце і абвяшчайце: «Наблізілася да вас Валадарства Божае» (Лк 10, 9). Гэта азначае, што мы павінны сведчыць пра Езуса, сведчыць пра тое, што мае месца ў нас. Апостальства з’яўляецца працай, падобнай на працу жняяркі. Але гэта радасная праца. У яе плённасці запэўнівае сам Бог. Для тых, хто працуе на Яго жніве, накіроўвае словы надзеі: «Весяліцеся з Ерузалемам і радуйцеся за яго, усе, хто любіць яго!» (Іс 66, 10). Хай гэта сведчанне дапаможа ўсім нам задумацца пра таямніцу паклікання; асабліва цяпер, у гэтыя дні, калі мы молімся аб новых і шматлікіх пакліканнях да служэння Богу і людзям. А гэта ўспамін адной законнай сястры.

«Калі я ўзгадваю гісторыю майго паклікання, мне ўспамінаюцца словы Шарля дэ Фуко: “З таго моманту, калі я паверыў, што Бог існуе, я зразумеў, што я не магу жыць інакш, чым толькі для Яго”.

Тое ж самае здарылася і са мной. Я паверыла, што Бог існуе, калі мне было амаль 16 гадоў. Раней пра Яго я чула няшмат. Бацькі пасля шлюбу і хросту дзяцей перасталі цікавіцца Богам і Касцёлам. Яны не хацелі, каб я прымала ўдзел у катэхізацыі, мяркуючы, што рэлігія з’яўляецца чымсьці непатрэбным і бескарысным ў жыцці.

Я любіла сваіх бацькоў і з упэўненасцю прымала іх адказы на мае пытанні, якія датычыліся веры і Бога да пэўнага часу. Пазней я пачала цікавіцца тым, што гавораць пра Бога мае сяброўкі, якія рыхтаваліся да Першай святой Камуніі. Дзеці дакучалі мне, называлі “недавярак”, бацькі не хацелі запісваць на катэхізацыю, а я адчувала сябе вельмі самотнай і ўсё больш і больш замыкалася ў сабе разам са сваімі пытаннямі і хваляваннямі. У падлеткавым узросце ўнутраны канфлікт узмацніўся. Я не бачыла перад сабой ніякай мэты. Дзеля чаго жыць?

У той час я пачала вучыцца ў школе. Я сядзела за партай з дзяўчынкай, якая выхоўвалася ў вельмі веруючай сям’і. Паступова мы сталі сябрамі. Часта гаварылі пра Бога, яна расказвала пра сустрэчы ў касцёле, і я захаплялася яе энтузіязмам і радасцю жыцця. Аднойчы яна запрасіла мяне ў касцёл. Я была поўная надзеі і страху адначасова. Я падумала: яны будуць там маліцца, а я не змагу! Як адрэагуюць на гэта? Можа, не прымуць мяне? Калі я ішла ў касцёл, маё сэрца моцна білася. Там я пазнаёмілася са святаром і іншымі асобамі, яны аказаліся вельмі вясёлымі і адкрытымі. Я адчувала сябе сярод іх добра. Надышоў момант малітвы. Мы падалі адзін аднаму рукі, утвараючы кола. Паплылі словы малітвы “Ойча наш”. Вядома, я не ведала яе. Мае вусны маўчалі, але сэрца з усёй сілай крычала да майго Айца, які ў небе. Я гаварыла яму пра тое, што прагну праўдзівага жыцця, любові, якая не заканчваецца праз некалькі месяцаў ці некалькі гадоў, пра маю адзіноту і расчараванне.

Я пачала хадзіць на святыя Імшы. Прыцягваў мяне Езус, які прысутнічаў на алтары, вельмі хацела прымаць Яго да сэрца. Знайшла сэнс жыцця. Хацела жыць для Бога, які любіць мяне і якога я люблю. Аднойчы ў нядзелю падчас казання я пачула ліст аб пакліканні да жыцця законнага, запрашэнне да таго, каб аддаць сябе Богу і належаць толькі Яму. Я была ў захапленні! Я зразумела, што мае жаданне, якое да гэтага часу не магла дакладна вызначыць, і ёсць запрашэнне самога Бога.

Я вырашыла рыхтавацца да святых сакрамэнтаў паяднання, Эўхарыстыі і канфірмацыі. У падрыхтоўцы і афармленні розных справаў мне вельмі дапамог святар і мая сяброўка, пра якую я ўжо згадвала. Я напісала некалькім кангрэгацыям, каб яны даслалі мне інфармацыю. Я не хацела заканчваць школу, здаваць экзамены. Маім адзіным жаданнем было далучыцца як мага хутчэй да закону.

Аднак рэалізацыя гэтага жадання павінна была быць адкладзена на пазней, таму што я даведалася, што спецыяльнасць, на якую я вучылася, у законе мне будзе вельмі патрэбная. Я скончыла школу і ўладкавалася на працу ў іншым горадзе, досыць далёка ад дома, каб мець магчымасць свабодна перапісвацца з рознымі кангрэгацыямі і гэтым самым ажыццявіць свой выбар і ўступіць у закон.

Выбар быў складаным, але ў рэшце рэшт я спынілася на кангрэгацыі, якая займалася працай сярод хворых, бяздомных, найбольш апушчаных. Мне вельмі падабаўся харызмат і заснавальнік кангрэгацыі. Паехала да генеральнага настаяцеля, мяне прынялі і вызначылі тэрмін уступлення. Я пакінула сваю працу і за некалькі дзён да ўступлення паехала дадому, каб расказаць усё бацькам і развітацца з імі. Бацькі адчулі сябе бяссільнымі, зразумелі, што яны нічога не могуць зрабіць. Нам было вельмі цяжка, усе маўчалі і плакалі.

Радасць уступлення ў закон змешвалася з вялікім болем. Я баялася, што мая сям’я не захоча мяне больш убачыць. Разам з сёстрамі, якія мяне вельмі падтрымлівалі, малілася ў інтэнцыі бацькоў. Неўзабаве яны прыехалі. Яны лічылі, што я прычыніла ім крыўду, шкадавалі мяне, але іх любоў да мяне была мацнейшай за жаль. Гэта была цяжкая сустрэча, поўная слёз, але была таксама і радасць, што мы пабачыліся і што хоць некалькі гадзін пабудзем разам. Так працягвалася некалькі гадоў. За гэты час я склала першыя манаскія абяцанні і працавала ў розных месцах, служачы хворым і бедным. Я радавалася, што служыла непасрэдна самому Езусу ў іх, але я пачала сумнявацца: ці менавіта сюды мяне паклікаў Езус?

Усё больш мяне прыцягвала схаванае жыццё, ціхае, нікому не вядомае, жыццё малітвы і пакуты за агароджай кантэмпляцыйнага закону. Спачатку я думала, што стомлена цяжкай фізічнай працай, вялікай адказнасцю і таму хачу цішы і малітвы.

Вырашыла, што адыйду. Было не так лёгка расстацца з сёстрамі, якіх ужо ведала і любіла, і пайсці ў невядомае. Я ўступіла ў кляўзуровы закон, пра які ведала мала. Ведала з чытання постаці святых, якія жылі ў ім, і вельмі палюбіла іх. Хацела б жыць такім чынам. Езус напоўніў маё сэрца супакоем і ўпэўненасцю ў тым, што гэтае месца выбраў для мяне, што гэта мая “абяцаная зямля”, у якой я пушчу карэнне. Вялікім перажываннем для мяне быў першы дзень прабывання ў законе. Езус, мой Абраннік, падрыхтаваў мне цудоўны падарунак. Пасля ўрачыстай святой Імшы, падчас якой я склала Богу чыстасць, убоства і паслухмянасць, мой бацька, які каля 30 гадоў не прыступаў да сакрамэнтаў, паспавядаўся і прыступіў да святой Камуніі. З таго часу маліўся і часта прыступаў да сакрамэнтаў. Відавочна, што Езус жыве ў ім і дзейнічае. Некалькі месяцаў таму я склала вечныя абяцанні і вельмі шчаслівая. Цяпер я магу сказаць так, як св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус: “Колькі ў мяне ёсць падставаў дзякаваць Езусу, які змог выканаць усе мае жаданні. Цяпер у мяне іх няма, акрамя толькі таго, каб да шаленства любіць Езуса”.

Дарагія бацькі! Памятайце, што пакліканне нараджаецца і ўзрастае перш за ўсё ў сям’і. Таму, калі вы хочаце належным чынам выканаць свой доўг, дапамажыце вашаму дзіцяці выбраць правільную жыццёвую дарогу, і калі высветліцца, што гэта шлях да Божага паклікання, прыміце гэта як найбольшую ласку для дзіцяці і асабліва для сябе. Далей з’яўляецца абавязак культываваць пакліканне сына ці дачкі і дапамагчы дзіцяці ў выкананні гэтай высакароднай місіі. Такім чынам, вы не толькі не губляеце свайго дзіцяці, але яшчэ больш захоўваеце для сябе. Дарагія бацькі, калі Бог шчодра ўзнагароджвае за кубак вады, пададзены бліжняму, то якая вялікая ўзнагарода чакае вас, калі праз выхаванне сына да святарства вы паклалі ў яго рукі келіх Крыві Пана.

Дарагая моладзь! Ісці за Хрыстом патрабуе мужнасці, бо гэта выбар цвёрдай і цяжкай дарогі, акрамя таго, не вельмі папулярнай, але я не баюся, што гэта можа пазбавіць вас ахвоты. І калі вы чуеце голас Бога ў сваім сэрцы, то не бойцеся нічога, не адчайвайцеся, ні на што не звяртайце ўвагі, але ахвотным сэрцам адкажыце на заклік Бога, і вам будзе дадзена магчымасць перажыць самыя прыгожыя, самыя радасныя і найлепшыя прыгоды».

Дарагія браты і сёстры, я хацеў бы падзякаваць вам за вашы ахвяры на семінарыю і на «справу пакліканняў». Наша семінарыя ўтрымліваецца толькі на вашы ахвяры. Але шчырыя словы ўдзячнасці мы накіроўваем і тым, хто моліцца за нас, г.зн. падтрымлівае нас духоўна. Са свайго боку, я хацеў бы запэўніць вас, што наша супольнасць штодзённа моліцца за ўсіх ахвярадаўцаў і дабрадзеяў. Таму яшчэ раз ад імя ўсіх клерыкаў і выкладчыкаў прагну шчыра сказаць: «Аддзяч, Божа!»

Кс. д-р Раман Рачко, рэктар;

выхаваўцы, выкладчыкі і навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне

Абноўлена 21.04.2018 16:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця