Пошук

20.04.2018 16:16   Уладзіслаў Козел / Фота: Арцём Кір’янаў / Catholic.by

З 16 па 19 красавіка праходзіла пілігрымка супольнасці Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску ў Рым. Нагодай для пілігрымкі стала некалькі значных для гэтай духоўнай установы датаў.

 

Па-першае, сёлета Пінская дыяцэзія святкуе 80-ю гадавіну кананізацыі святога Андрэя Баболі, галоўнага апекуна дыяцэзіі, жыццё якога было цесна звязана з Беларуссю і які аддаў жыццё ў мучаніцтве за Касцёл на нашай зямлі. Другой нагодай стала сотая гадавіна біскупскага пасвячэння Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, першага біскупа Пінскага, заснавальніка духоўнай семінарыі ў Пінску.

Шлях пілігрымкі семінарыстаў і фарматараў праходзіў праз месцы служэння і культу св. Андрэя Баболі.

Гэта санктуарый у Янаве (Іванаве) — месцы мучаніцкай смерці святога. Таксама пілігрымы маліліся ў санктуарыі ў Варшаве, дзе захоўваюцца рэліквіі (цела) Андрэя Баболі, і ў базыліцы Іль-Джэзу ў Рыме — галоўным касцёле Ордэна езуітаў, да якога належаў нябесны заступнік Палесся. У гэтай святыні ў адмысловым алтары захоўваецца часцінка рэліквій галоўнага апекуна Касцёла на Піншчыне.

Важным момантам на шляху пілігрымкі было наведванне канфесій-грабніц святых апосталаў Пятра і Паўла ў Рыме, а таксама чатырох галоўных базылік Вечнага Горада.

Семінарысты мелі магчымасць дакрануцца да вялікай і святой спадчыны Касцёла, убачыць катакомбы — неад’емную частку жыцця і веры першых хрысціянаў.

Асаблівым момантам пілігрымкі была сустрэча са Святым Айцом Францішкам. Папа благаславіў супольнасць семінарыі на далейшыя гады выканання яе вялікай місіі па фармаванні будучых пакаленняў святароў.

Апошнім этапам пілігрымкі была святая Імша з удзелам семінарыйнай супольнасці ў Драгічыне-над-Бугам (Польшча). Гэты горад асабліва ў часы атэістычных ганенняў быў цэнтрам жыцця Пінскай дыяцэзіі.

Семінарысты мелі магчымасць дакрануцца да важнай старонкі ў гісторыі нашага Касцёла, каб яшчэ раз падзякаваць Богу за дар вялікіх пастыраў і місіянераў беларускай зямлі: святога Андрэя Баболі і слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага.

Абноўлена 20.04.2018 16:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа