Пошук


Моладзевая місія «Чыстае сэрца» і парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Мінску ў асобе свайго дырэктара і пробашча кс. каноніка Юрыя Санько прынялі ўдзел у раённым этапе конкурсу шматдзетных сем’яў Савецкага раёна г. Мінска. Кс. Юрый Санько ўвайшоў у журы гэтага мерапрыемства, што ўжо традыцыйна арганізуецца перад Днём сям’і, які ў Беларусі адзначаецца ў сярэдзіне мая.

Гэтым разам удзельнікі спаборніцтва за права звацца лепшай шматдзетнай сям’ёй Савецкага раёна сабраліся ў актавай зале элітнай беларускамоўнай гімназіі № 23.

У конкурсе бралі ўдзел 5 сем’яў, якія выхоўваюць ад 3-х да 7-х дзяцей. Удзельнікам трэба было паказаць свае разнастайныя здольнасці і ўменне быць адзіным калектывам.

Першае заданне — «Радавод» — соеасаблівая візітоўка, у якой кожная сям’я прадставіла сябе, распавяла пра свае захапленні, паказала ўласны герб. Заўзятары даведаліся пра спартовыя дасягненні і прыхільнасць здароваму ладу жыцця сям’і Фадзеевых, пра любоў да падарожжаў сям’і Панцюхіных; сям’я Жукоў у вершаванай форме распавяла пра свае ўлюбёныя заняткі ў вольны час — рыбалку і «ціхае паляванне», як у нас прынята называць збор грыбоў, а ўдзельнікі з красамоўным прозвішчам Філосаф таксама ў вершах сцвердзілі, што сям’я — гэта дом, любоў у якім немагчыма вымераць. Самая шматлікая сямейная суполка, у якой бацькі выхоўваюць ажно сямёра дзяцей, Касцянкі-Блыкіны, здзівілі сваёй непасрэднасцю і з’яднанасцю.

У творчым конкурсе сем’і паказалі свае вакальныя і харэаграфічныя таленты, мастацкія здольнасці, спартовую падрыхтоўку. Між тым з залы групы падтрымкі гучна скандавалі прозвішчы сваіх фаварытаў. Журы было нялёгка ацэньваць сем’і, таму што ўсе ўдзельнікі конкурсу паказвалі высокія вынікі.

Конкурс працягнула нечаканае заданне: за 5 хвілін проста на сцэне бацькам было неабходна прыдумаць арыгінальны аповед пра родны раён, якому нядаўна споўнілася 80 гадоў. І тут было шмат крэатыву: Панцюхіны і Жукі паспелі скласці вершы, Фадзеевы прадэманстравалі добрае веданне гісторыі раёна, а Касцянкі-Блыкіны правялі арыгінальную экскурсію па ўлюбёных мясцінах. Завяршыўся конкурс шматдзетных сем’яў «смачным» заданнем — дэманстрацыяй сямейнага кулінарнага шэдэўра. І тут удзельнікі паказалі высокі клас майстэрства.

Пасля кароткага выступу старшыні журы, намесніцы кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна А. Воўкавай, былі абвешчаны вынікі конкурсу. Роўную колькасць балаў набралі адразу 2 каманды, якія і сталі пераможцамі: гэта сем’і Рамана і Таццяны Філосаф, якія выхоўваюць трох дзяцей, і сям’я Андрэя Касцянкі і Наталлі Блыкінай, у якіх гадуюцца сямёра дзетак.

«Нізкі вам паклон за тое, што ў адзін момант вы адмовіліся ад свайго „я“ і вырашылі жыць дзеля гэтых цудоўных чалавечкаў, у якіх укладаеце сэрца і душу,

— звярнуўся да шматдзетных сем’яў дырэктар місіі «Чыстае сэрца» і пробашч парафіі касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы кс. канонік Юрый Санько. — Сёння вы ўсе пераможцы, жадаю вам поспехаў, здароўя, далейшага развіцця».

Пасля заканчэння конкурсу ўсе яго ўдзельнікі атрымалі ад імя парафіі і місіі падарункі і адсвяткавалі гэтую прыемную падзею за супольным кубкам гарбаты.

Абноўлена 11.05.2018 15:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.