Пошук

19.04.2018 10:15   Тэкст і фота: Кс. Юзаф Сярпейка / Catholic.by

18 красавіка ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Фашчаўцы (Магілёўскі дэканат) адбылася пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў гэтай усходняй часткі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Яна прайшла ў дзень, калі 37 гадоў таму адышоў у вечнасць слуга Божы Баляслаў Слосканс, біскуп Магілёўскі.

Падчас фармацыйнай канферэнцыі кс. канонік Андрэй Далянскі разважаў над фрагментам Евангелля, які апавядае пра двух вучняў Езуса, якія ішлі з Ерузалема ў Эмаус. Ён засяродзіў увагу святароў і кансэкраваных асобаў на неабходнасці пазбавіцца ад негатыўнага падыходу да жыцця і вярнуцца да Крыніцы жыцця — Хрыста Эўхарыстычнага.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB на пачатку святой Імшы ўзгадаў асобу, жыццё і служэнне свайго папярэдніка cлугі Божага біскупа Баляслава Слосканса, а ў гаміліі, з дазволу Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра, падзяліўся думкамі прадстаўніка Папы ў нашай краіне, выказанымі ім на пленарным пасяджэнні ККББ 11 красавіка ў Гродне.

Звяртаючыся да святароў і кансэкраваных асобаў, а таксама прысутных вернікаў фашчаўскай парафіі, біскуп заахвоціў іх паразважаць над пытаннем: чаго Бог чакае ад нас? Гэтае пытанне было пастаўлена ў кантэксце вучняў, якія, уцякаючы з Ерузалема, з’яўляюцца вобразам людзей, што пакідаюць Касцёл. Што рабіць, сутыкнуўшыся з такой сітуацыяй? Гэта — выклік для Касцёла, перадусім для душпастыраў.

Першы адказ на гэты выклік — прыярытэт фармацыі:

«Важна клапаціцца і развіваць якасную фармацыю, якая рыхтуе людзей, здольных выйсці ў ноч і пры гэтым не даць цемры агарнуць сябе і не згубіцца; здольных слухаць ілюзіі многіх і не спакусіцца; прымаць расчараванні іншых і не паддацца горычы; датыкацца да разгубленасці іншых і не страціць сваёй тоеснасці. Неабходна фармаваць у пакліканых чалавечую, культурную, эмацыйную, духоўную, дактрынальную трываласць».

Другі адказ — калегіяльнасць і салідарнасць духавенства Касцёла. «Камунія, узаемнасць, адзінства — гэта тканіна, якая тчэцца цярпліва і настойліва, каб палатно станавілася ўсё больш шчыльным і шырокім. Коўдра, сатканая з рэдкіх нітак, не грэе».

  

Трэці адказ — памятаць пра пастаянны заклік да місіі і пра неабходнасць пастырскага навяртання. «Гаворачы пра пастырскае навяртанне, я хацеў бы нагадаць, што пастырства — гэта не што іншае, як практыка мацярынства Касцёла. Ён нараджае, корміць, расціць, папраўляе, лечыць, вядзе за руку… Такім чынам, Касцёл пакліканы нанава адкрыць мацярынскае ўлонне міласэрнасці».

Вельмі важнымі адрасатамі місіі, на думку біскупа, з’яўляюцца сем’і, моладзь, жанчыны. Менавіта ад іх перадусім залежыць будучыня Касцёла і грамадства.

Чацвёрты адказ — гэта дзеянне Касцёла ў грамадстве: «Касцёл патрабуе поўнай свабоды абвяшчэння Евангелля, нават калі гэта знаходзіцца ў супярэчнасці са светам, нават калі гэта ідзе супраць цячэння, абараняючы скарб, які толькі ў ім захоўваецца, і каштоўнасці, якія ён атрымаў і якім павінен быць верны».

На заканчэнне пастыр магілёўскага рэгіёна выказаў пажаданне, каб думкі прадстаўніка папы Францішка ў нашай краіне дапамаглі мясцоваму духавенству глыбей спасцігнуць сваё служэнне і станоўча адказаць на важнае пытанне: чаго Бог чакае ад нас?

Пасля святой Імшы былі абмеркаваныя бягучыя справы і вызначаныя душпастырскія планы на бліжэйшую будучыню.

Абноўлена 19.04.2018 14:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа