Пошук

18.04.2018 13:08   Фота: Людміла Казлова, Андрэй Арціш / Catholic.by

16–17 красавіка для вучняў выпускных класаў са Шчучына была арганізавана пілігрымка ў Нацыянальны санктуарый Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе.

Перад цудатворным абразом Маці Божай Будслаўскай выпускнікі ўзнеслі свае малітвы і просьбы, найперш просячы Маці Божую Будслаўскую аб духоўнай падтрымцы і заступніцтве на час экзаменаў, а таксама аб дапамозе ў добрым выбары сваёй будучыні. Менавіта ў такой інтэнцыі ў Нацыянальным санктуарыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў яго кусташ а. Віктар Бурлака OFM.

У кароткай, але насычанай пілігрымцы шчучынская моладзь мела магчымасць наведаць шмат цікавых мясцінаў і святыняў Беларусі. Іх першым малітоўным прыпынкам стаў касцёл св. Пятра і Паўла ў Іўі — выдатны помнік старажытнабеларускай архітэктуры, што спалучае ў сабе элементы першапачатковай готыкі і больш позні барочны выгляд. У гэтым старажытным мястэчку, дзе здаўна жывуць прадстаўнікі беларускай мусульманскай супольнасці, знаходзіцца таксама гістарычная мячэць, якую многія з пілігрымаў убачылі ўпершыню.

Далей па дарозе юнакі і дзяўчаты памаліліся перад цудатворнымі абразамі Маці Божай у Гудагаі і ў Барунах, захапляліся непараўнальнай прыгажосцю касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах і наведалі руіны Крэўскага замка, дзе ў 1385 г. было падпісана пагадненне паміж Вялікім княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім.

Падчас вандроўкі па чароўных мясцінах роднага краю юныя пілігрымы мелі магчымасць адпачыць на самым вялікім беларускім возеры Нарач і ўбачыць найбольшы штучны вадаём у краіне — Вілейскае вадасховішча: асноўны рэзервуар Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, якая з сярэдзіны 70-х гадоў мінулага стагоддзя забяспечае пітной вадой беларускую сталіцу. Акрамя таго, удзельнікі пілігрымкі ўбачылі таямнічы замак у Гальшанах і адчулі гасціннасць вернікаў, святароў і манахаў у святынях Нарачы, Мядзеля і Вілейкі.

Пілігрымка вучняў выпускных класаў у Будслаў стала ўжо сёмай у гісторыі шчучынскай парафіі.

 

Абноўлена 18.04.2018 16:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа