16 красавіка супрацоўніца курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі с. Марцэліна Мігач ISSM абараніла доктарскую дысертацыю ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча) на тэму гісторыі развіцця шанштацкага руху, які налічвае ўжо больш за стагоддзе.
Дысертацыя была падрыхтавана на факультэце гуманітарных навук па спецыяльнасці "гісторыя". Аб’ёмістая праца ў 530 старонак — плён шматгадовых даследаванняў манахіні. У працы шмат увагі прысвечана гісторыі і духоўнасці шанштацкага руху ў Беларусі і Расіі.
Рэцэнзенты падкрэслілі, што гэты гістарычны дослед не толькі стане добрым дапаможнікам па гісторыі, але і паспрыяе глыбейшаму разуменню самога феномену шанштацкага руху як адказу на выклікі часу. Яго заснавальнік, а. Ёзаф Кэнтэніх, казаў, што новаму часу патрэбны новы чалавек. Заснаваны ім рух мае на мэце менавіта выхаванне такога новага чалавека.
Ад рэдакцыі:
Шанштацкі рух бярэ сваю назву ад месца заснавання — Шанштат (раён мястэчка Фалендар непадалёк ад Кобленца, Германія), што азначае «прыгожае месца». Гэты рух марыйны і апостальскі. Айцец Ёзаф Кэнтэніх хацеў перадаць іншым вопыт выхаваўчай прысутнасці Маці Божай у сваім жыцці і Яе дзейснай дапамогі. Таму харызмай заснаванага ім руху з’яўляецца «выхаванне новага чалавека і новай супольнасці».
Новы чалавек — гэта такі чалавек, які, як Марыя, кожную хвіліну жыве ў блізкасці з Езусам і, як Марыя, нясе Езуса свету, дзеліцца Ім з бліжнімі праз ахвяраваную дапамогу, любоў і добразычлівасць. Мэта руху — дапамагчы сучаснаму хрысціяніну жыць у секулярызаваным свеце паводле прынцыпаў Евангелля і быць у гэтым свеце актыўным місіянерам. У рух могуць уваходзіць усе, хто разам з Марыяй адважваецца на такі шлях да святасці — як духоўныя, кансэкраваныя асобы, так і свецкія, якія займаюць розныя грамадскія становішчы.