Пошук

16.04.2018 11:37   Падрыхтавала: Святлана Жылевіч / waladarka.by / Catholic.by
© By Media 2018

Радаўніца — гэта дзень памінання памерлых, які праваслаўныя хрысціяне адзначаюць у аўторак другога тыдня Пасхі, што сёлета прыпадае на 11 мая. У Каталіцкім Касцёле падобны ўспамін — Усіх памерлых вернікаў — адзначаецца 2 лістапада.

Аднак маліцца за памерлых і наведваць могілкі можна ў любы дзень, а таму нікому не забараняецца наведваць могілкі ў тым ліку і на Радаўніцу. Тым больш, што ў Беларусі гэта — дзяржаўнае свята, а значыць вольны ад працы дзень, што з’яўляецца добрай магчымасцю, каб паклапаціцца пра стан могілак, асабліва тых, на якіх не ўдаецца бываць часцей.

Варта толькі памятаць, што пакіданне на могілках цукерак, шклянак з рознымі вадкасцямі, хлеба, фарбаваных яек і іншай ежы, цыгарэт або грошай не мае нічога агульнага з хрысціянствам. Таксама нельга спажываць ежу, паліць цыгарэты і распіваць алкаголь на могілках: гэта перадусім непавага да памерлых, блюзнерства ў святым месцы (бо кожныя могілкі з’яўляюцца месцам хрысціянскага культу), а да таго ж і адміністрацыйнае правапарушэнне, паколькі ў Беларусі забаронена спажываць алкаголь у грамадскіх месцах, у тым ліку і на могілках.

Годным успамінам памерлых з’яўляюцца запаленая на магіле свечка і прынесеныя кветкі (пажадана, жывыя), але перш за ўсё — малітва.

Наконт свечак пробашч санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе і настаяцель супольнасці сальватарыянаў на Беларусі кс. Станіслаў Мжыглуд SDS адзначаў: «Свечка — гэта прыгожы сімвал нашай малітвы: агонь, як малітва, узносіцца ў неба, але сама па сабе, без малітвы, свечка нічога не вартая. Памерлым мы можам дапамагчы толькі малітвай, калі яны маюць у ёй патрэбу».

Для інфармацыі: паводле некаторых меркаванняў, слова «Радаўніца» (варыянты — «Радуніца, Раданіца») запазычана ў балтаў: у літоўскай мове raudine азначае «малітву за памерлых з плачам і галашэннем», а rauda — «плач з галашэннем». Іншыя даследчыкі трымаюцца думкі, што назва Радаўніца — трансфармаваная калька ад лацінскай Rosalia — «дзень ружаў» (назва свята памінання мёртвых). Гэты дзень быў прыняты і пераасэнсаваны Праваслаўнай Царквой.

Абноўлена 10.05.2021 07:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.