Пошук

09.04.2020 11:44   Catholic.by
Фота Аляксандры Шчыглінскай

Вялікая субота — дзень надзеі і малітоўнага чакання ўваскрасення Пана, які спачывае ў гробе. У гэты дзень людзі ідуць у святыню, каб благаславіць стравы на велікодны стол. Благаслаўленне ежы і напояў здзяйсняе біскуп, прэзбітэр або дыякан ці лектар, які прамаўляе малітвы, благаслаўляе стравы і акрапляе іх асвячанай вадой.

У сярэдзіне кошыка для велікодных страваў можа ляжаць белая сурвэтка, на якую і кладуцца стравы для благаслаўлення. Кошык павінен быць упрыгожаны, напрыклад, самшытам або веснавымі кветкамі і прыкрыты таксама белай сурвэткай, каб спалучыць эстэтыку і гігіену.

Для благаслаўлення ў кошыку можна пакласці: яйкі, хлеб, соль, велікодная здоба, пасхальны баранак, вяндліны, хрэн, перац, сыр і інш.

Пафарбаванае яйка

Яйка — традыцыйны святочны падарунак, аздоба кошыкаў і велікодных сталоў. Гэта сімвал плоднасці, жыцця, якое адраджаецца, і знак перамогі Хрыста над смерцю.

Фота з адкрытых крыніц

Святы Ян з Дамаска бачыў аналогію паміж будовай яйка і космасу. Шкарлупіну ён параўноўваў з небам, мембрану — з небасхілам і аблокамі, бялок — з водамі, жаўток — з зямлёй і мінераламі.

Пафарбаванае яйка — асноўны складнік святочнага кошыка. Найбольш вядомыя карычнева-залацістыя, пафарбаваныя ў лісцях цыбулі. Дзяленне яйкам падчас складання ўзаемных віншаванняў павінна ўмацоўваць сямейныя і суседскія повязі.

Хлеб

Ён благаслаўляецца на ўспамін аб тым Хлебе, які сышоў з неба, — Езусе, і на ўспамін цудоўнага насычэння вялікай колькасці людзей, якія слухалі Хрыста. Вернікі кожны дзень просяць Бога ў Малітве Панскай аб хлебе штодзённым, а паколькі маюць яго з Божай шчодрасці, то прыносяць яго для благаслаўлення.

Фота з адкрытых крыніц

У хрысціянскай традыцыі хлеб з’яўляецца вельмі важным сімвалам. У Эўхарыстыі від хлеба мае Цела Пана, якое з’яўляецца пасілкам для людскіх душаў. Хлеб — гэта Божы дар.

Нас вучаць незвычайнай пашане да хлеба; яго нельга марнаваць, бо гэта выклікае гнеў Бога. Калі хлеб падае на зямлю, яго трэба падняць і пацалаваць. У многіх краінах свету хлеб з’яўляецца асноўнай ежай. Таксама гэта сімвал штодзённых патрэб чалавека: годнага жыцця, сытасці, гасціннасці.

Пасхальны баранак

У велікодным кошыку ён мае прывілеяванае месца. Гэта сімвал Езуса Уваскрослага, а таксама сімвал пакоры і лагоднасці. Звычай благаслаўлення баранка паходзіць з VII стагоддзя, а звычай ставіць баранка на велікодны стол увёў у XIV стагоддзі Папа Урбан V. Гэта рабілася з адной мэтай: каб вернікі, частуючыся, не забывалі аб найважнейшым пасланні гэтага свята.

Фота з адкрытых крыніц

Пасхальны баранак, пастаўлены на стол, нагадвае аб тым, што Хрыстус адкупіў людзей і што яны прызначаны да вечнага святкавання шлюбнай вячэры Баранка.

Пасхальны баранак быў выразным прадказаннем і вобразам Езуса Хрыста, чыя кроў павінна была выбавіць ад смерці ўвесь чалавечы род, пра што казаў прарок Ісая за сем стагоддзяў да нараджэння Езуса.

Сёння на велікодны стол найчасцей ставяць баранкаў, вырабленых з цукровай масы, або гіпсавых, фарфоравых, шкляных, гліняных, пластыкавых.

Мяса і вяндліна

Вяндліна — сімвал дабрабыту і заможнасці сям’і, яна гарантуе сям’і здароўе і дастатак. У велікодным кошыку павінны быць разнастайныя віды вяндліны ці каўбаса. Можна таксама пакласці ў кошык кавалак сала ці ялавічыны.

Фота з адкрытых крыніц

Соль, перац і хрэн

Соль. Хрысціяне — соль зямлі. Гэты патрэбны мінерал не толькі дадае стравам смаку, але і з’яўляецца сімвалам захавання ад псавання і мае ачышчальныя ўласцівасці. Хлеб і соль — нібыта квінтэсенцыя жыцця і азначаюць прастату жыцця. Таксама імі вітаюць шаноўных гасцей. Паводле Кнігі Сіраха 39, 26 і Ёва 6, 6 соль з’яўляецца неабходным складнікам пасілку.

Фота з адкрытых крыніц

Чорны перац (змелены) сімвалізуе горкія зёлкі, якія іўдзеі дадавалі да пікантнага соўсу колеру цэглы. У яго абмоквалі кавалкі пасхальнага ягняці на ўспамін аб цяжкай нявольніцкай працы пры вырабе цэглы ў Егіпце.

Хрэн. Ён пікантны на смак і выклікае слёзы. Потым яго рэжуць на тонкія пласцінкі і частуюць сабраных гасцей. Хрэн можа быць таксама цёрты і змешаны з яйкам і смятанай.

Прысмакі

Дзеці часам кладуць у кошык шакаладнага зайчыка. Заяц — сімвал вясны, адраджэння прыроды, жыцця. Заяц спіць з адкрытымі вачыма, таму ён нібыта быў першай з жывёл, якая ўбачыла Уваскрасенне Пана.

Фота з адкрытых крыніц

У хрысціянскай традыцыі ён сімвалізаваў грэшнікаў, ачышчаных праз пакаянне. У кошыку шакаладны зайчык — хутчэй прадмет, які сюды добра дапасоўваецца для агульнай карціны, а не напамін аб даўнім звычаі.

Велікодная здоба

На святочным стале павінна быць здоба, найлепш хатняй выпечкі. Дражджавая бабка — так званая велікодная — сімвал умеласці і дасканаласці, да якіх павінен імкнуцца кожны чалавек як у духоўным жыцці, так і ў навакольнай рэчаіснасці.

Фота з адкрытых крыніц

Сыр

У велікодны кошык можна пакласці і кавалак сыру. Найлепш, калі ён выраблены з малака авечкі, казы або каровы. Можна пакласці таксама тварог, выраблены ў хатніх умовах.

Абноўлена 09.04.2020 14:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа