Пошук

31.03.2018 08:40   Фота: Святлана Лабковіч / Catholic.by

30 сакавіка вечарам Вялікай пятніцы мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ледзь змясціў усіх жадаючых ушанаваць Крыж Збаўцы, які ў гэты дзень аддаў на ім жыццё дзеля адкуплення ўсіх людзей з няволі граху і смерці. Літургію Мукі Пана з адарацыяй Святога Крыжа ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Як вядома, у гэты дзень нідзе ў свеце няма святой Імшы.

У Вялікую пятніцу, калі на алтары крыжа на Галгофе пралілася Найсвяцейшая Кроў Збаўцы, ніводзін святар не здзяйсняе бяскроўнай Эўхарыстычнай ахвяры на касцёльным алтары, які ўвесь дзень з вечара напярэдадні застаецца аголеным.

Як і ў Пальмовую нядзелю, у Вялікую пятніцу чыталася апісанне мукі і крыжовай смерці Хрыста з Евангелля паводле Яна. На словы, у якіх сказана пра смерць Езуса, усе ў касцёле ўкленчылі і пэўны час захоўвалі маўчанне. У гэты момант кожны ўдзельнік набажэнства ў сэрцы перапрашаў Збаўцу за свае грахі, што сталі тымі цвікамі, якімі Ён быў укрыжаваны.

Крыж, які ва ўсе часы быў і застаецца знакам спакусы, паколькі спалучае ў сабе на першы погляд неспалучальныя рэчы, стаў праводнаю думкаю ў гаміліі, з якой звярнуўся да вернікаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх перадусім звярнуў увагу на тое, што ў англамоўным свеце Вялікая пятніца называецца Добрай пятніцай (Good Friday). Разам з тым, у іншых мовах гэты ж дзень называецца таксама Сумнай пятніцай (напрыклад, Страстная пятница на рускай мове).

«Як трагічны і сумны дзень у той жа час можа быць добрым і прыгожым?» — задаўся пытаннем арцыбіскуп Кандрусевіч, падкрэсліўшы, што такую супярэчнасць можна растлумачыць толькі пэўным парадоксам гэтага незвычайнага дня.

«Кожны парадокс мае два твары. Гэта тая самая рэчаіснасць у дзвюх розных праявах. Абедзве яны праўдзівыя і не могуць быць аддзелены адна ад адной, падобна як не могуць быць аддзелены два бакі адной манеты. Вялікая пятніца таксама мае два твары: адзін як быццам глядзіць назад, другі — наперад. Адзін увасабляе цярпенні і крыжовую смерць Езуса, другі — радасць уваскрасення. Гэтыя два аспекты разам складаюць адзіную Пасхальную таямніцу.

Каб лепш зразумець сэнс гэтай таямніцы, Касцёл цэлебруе Пасхальны Трыдуум, які вядзе нас шляхам ад смерці Хрыста да Яго ўваскрасення.

На гэтым шляху ключавое месца займае Вялікая пятніца, калі смерць і жыццё сустракаюцца. Штосьці падобнае мы перажываем апоўначы, калі сустракаюцца канец мінулага дня і пачатак новага».

Пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі падкрэсліў, што ў Вялікую пятніцу ва ўсёй паўнаце раскрываецца сэнс Крыжа Езуса Хрыста:

«Крыж — гэта ўнікальны знак, які дае нам магчымасць зазірнуць у сэнс Пасхальнай таямніцы. Толькі крыж можа паказаць нам, як кантрастныя моманты смерці і ўваскрасення, знявагі і славы „прыміраюцца“ паміж сабой.

Крыж Хрыста дазваляе нам бачыць цярпенні і смерць, а таксама цяжкасці штодзённага жыцця ў святле ўваскрасення».

Заключныя словы арцыбіскупа прагучалі як пажаданне і заахвочванне вернікам:

«Няхай Вялікая пятніца пазначыць нашыя сэрцы знакам крыжа, які заўсёды будзе нагадваць нам пра выклікі жыцця з мэтай верна следаваць за Хрыстом».

Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікую пятніцу >>>

Пад старажытны спеў «Дакораў» Пана няўдзячным людзям: «О, Мой народзе, што табе зрабіў Я...» вернікі адзін за адным падыходзілі да крыжа. Яны пацалункам ушаноўвалі гэтую старажытную прыладу ганебнай смерці, якая ў той жа час стала прыладаю нашага збаўлення: «салодкім дрэвам», чый Плод — Укрыжаваны Збаўца — перамог плод райскага дрэва, які стаў згубным для Адама і ўсяго чалавечага роду.

…Даволі позна ўдзельнікі набажэнства Мукі Пана разыходзіліся з катэдры. Яны вярталіся дадому духоўна ўмацаванымі, гатовымі мужна адстойваць сваю веру ў перамогу Хрыстовага Крыжа.

Абноўлена 31.03.2018 08:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа