Пошук

28.03.2018 18:04   Кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by

У гэтым дзённіку кс. Юрый Марціновіч з Гродзенскай дыяцэзіі запісваў свае ўражанні падчас рэкалекцый у вясковых парафіях, якія адведваў у якасці рэкалекцыяніста.

У гэтых допісах — унутраныя перажыванні, размова з вернікамі, усведамленне святарскай місіі і падзяка Богу.

***

Як заўсёды, «са страхам і трымценнем» (Флп 2, 12) я ехаў у чарговую парафію падчас сёлетняга Вялікага посту, каб правесці парафіяльныя рэкалекцыі. Гэтым разам мяне чакала супольнасць вернікаў з парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мсцібаве, што каля Ваўкавыска. Невялікі «статак» вернікаў, але ж вельмі руплівы, традыцыйны, пабожны…

Людзі часта са спрацаванымі рукамі, з пашчапанымі ад працы на зямлі далонямі, але з цёплымі і любячымі сэрцамі.

Нягледзячы на тое, што іх жыццё часта было вельмі жорсткім і цяжкім, у іх вачах столькі радасці і энтузіязму, а найперш — Божага міру.

Велікапосныя рэкалекцыі ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мсцібаве адбыліся 23-24 сакавіка.

Прыгажосць чалавека ў прастаце

Гэтая іх прастата дакранаецца да сэрца, бо лёгка можна ўзрушыцца, чуючы, як яны спяваюць велікапосныя песні: «О мой народзе, што табе зрабіў Я…»

Рэкалекцыі пачаліся з набажэнства Крыжовага шляху ў парафіяльнай святыні, дзе ўсё яшчэ холадна пасля зімовых маразоў. Чытаючы разважанні да стацый, увесь трасешся ад холаду.

Амаль не чуеш ног, якія праз усё набажэнства стаяць на мармуровай падлозе…

Вернікі стаяць, укленчыўшы, падчас кожнай стацыі. Стараюся быць з імі салідарны, хоць прызнаю, што нялёгка гэта рабіць у такім халодным касцёле. Затым цэлебравалася святая Імша. Першае рэкалекцыйнае казанне… Выходжу да людзей, каб лепш іх бачыць і паглядзець у іх вочы. У гэтых вачах заўважаю надзею і радасць.

Мне прыгадваюцца словы Святога Айца Францішка, які ў сёлетнім пасланні на Сусветны дзень моладзі ў Пальмовую нядзелю пісаў, што прыгажосць чалавека — у яго натуральнасці, шчырасці i прастаце!

Пасля Імшы — сустрэча з людзьмі старэйшага пакалення, якія пасля больш чым дзвюх гадзін малітвы ў касцёле яшчэ не спяшаюцца дадому.

Яны кажуць, што ў іх ёсць час, бо сёння ўсё радзей сустракаюцца разам, радзей адно аднаго адведваюць. А касцёл дае ім магчымасць сустрэцца і  проста быць разам!

Найперш на малітве, а потым — абмеркаваць бягучыя тэмы і справы, падзяліцца перажываннямі і планамі на блізкія святы.

У другі дзень рэкалекцый разам з пробашчам едзем яшчэ ў дзве вельмі сціплыя каплічкі ў Бортніках і Вердамічах, дзе таксама стаіць ужо невялікая чародка вернікаў, што жадаюць прыступіць да сакрамэнту пакаяння…

Я захоплены верай гэтых людзей! Пажылыя жанчыны час Вялікага посту перажываюць сапраўды вельмі глыбока і пабожна. Яны кажуць, што больш часу, чым звычайна, прысвячаюць малітве, прымаюць дабравольныя пасты, вырачэнні…

Заўважаю адну маленькую асаблівасць: Вялікі пост яны перажываюць таксама знешне — усе жанчыны ў хустках фіялетавага колеру!

Там таксама адбываецца св. Імша. Прамаўляю рэкалекцыйнае слова. Кажу пра веру, хоць павінен быў казаць пра грэх і яго наступствы ў жыцці чалавека.

Непакой пра будучыню

Спрабую правесці рэкалекцыйную навуку ў форме дыялогу. Кажу пра веру. Выказваю ўдзячнасць старэйшаму пакаленню за вялікую адвагу ў цяжкія для Касцёла часы.

Дзякую за іх паставу, дзякуючы якой сёння мы, маладыя, з’яўляемся католікамі, людзьмі веры. Дзякуючы гэтай адвазе сёння мы маем месцы малітвы, маем моладзь — будучыню Касцёла і народа.

Кажу пра веру сучаснага маладога пакалення. І тут шмат непакою. З вялікім жалем удзельнікі рэкалекцый адзначаюць, што сёння маладому чалавеку часта не патрэбны Бог, што ён жыве так, быццам Бог наогул не існуе…

З-за гэтага яны вельмі перажываюць. Непакояцца, як будзе выглядаць свет і Касцёл пасля іх адыходу, пытаюцца, што павінны рабіць…

Крыху няўпэўненым і злёгку дрыжачым голасам адказваю: «Нічога». Пераконваю, што трэба з маладым чалавекам толькі пасябраваць. Любіць і патрабаваць! «Тады паміж вамі будзе Бог і Яго любоў, на якую аднойчы маладыя адкрыюць свае сэрцы», — дадаю я.

Пераконваю таксама, што малітва за тых, хто сумняваецца, — адзіны спосаб выпрасіць для іх ласку веры. Нельга нікога прымушаць! Кожную сустрэчу з вернікамі заканчваем супольным здымкам і пажаданнем добрага перажывання Вялікага тыдня.

«Заставайцеся з Богам і будзьце далей такія прыгожыя Богам! Трывайце моцна ў веры!» — зычу ўсім напрыканцы.

Думкі пасля рэкалекцый

Вялікі пост — час сустрэчы з Богам і з чалавекам. Гэта дзяленне сабой. Пасля пяці тураў праведзеных рэкалекцый падчас сёлетняга посту, кажучы шчыра, я крыху стомлены, але шчаслівы.

Пан паставіў на маім велікапосным шляху столькі цудоўных людзей, якія навучылі мяне больш любіць Бога і за ўсё Яму нястомна дзякаваць. Гэта быў цудоўны час, да якога неаднаразова буду вяртацца ва ўспамінах.

У чарговы раз усведамляю, што пакліканне кожнага святара, таксама і маё, — гэта абвяшчэнне Божага слова.

Я быў пасланы, каб казаць пра любоў Бога да чалавека і пра тое, што кожны ў вачах Пана мае аднолькавую вартасць.

Абноўлена 17.08.2018 01:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця