25 сакавіка Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр цэлебраваў у мінскай архікатэдры святую Імшу на 13.00.
«Пальмовая нядзеля — гэта ўспамін таго, як Езус Хрыстус увайшоў у Ерузалем. Ён прыехаў з вядомай ужо Яму і Богу мэтай — збаўленне свету праз сваю смерць і ўваскрасенне», — адзначыў іерарх.
Паводле яго слоў, разважаючы ў Вялікі тыдзень над шляхам Езуса, «варта быць уважлівым да кожнай хвіліны і кожнага дзеяння Пана ў дачыненні да нас, як шмат гадоў таму, так і цяпер».
У сваёй гаміліі Апостальскі Нунцый звярнуў увагу на тое, што літургія Пальмовай нядзелі ўводзіць у Вялікі тыдзень — тыдзень Мукі, Смерці і Уваскрасення Езуса.
«Без падзей гэтага тыдня марная была б наша вера і пустое нашае жыццё», — падкрэсліў іерарх.
Арцыбіскуп Пінтэр нагадаў вернікам пра важнасць Вялікага тыдня і выказаў спадзяванне, што шматлікія прысутныя на Пальмовай нядзелі будуць прыходзіць у Касцёл таксама і ў Вялікі чацвер, і Вялікую пятніцу.
«Мы ўсе розныя, у нас розны ўзрост, звычкі, характары, меркаванні, але мы адзін народ, адна Божая сям’я, якая ў гэтыя дні збіраецца ў адзінстве вакол Езуса ў гадзіну крыжовай мукі».
Звяртаючыся да Евангелля з гэтага дня, іерарх заахвоціў услухацца ў гэты ўрывак яшчэ раз:
«Голас нашага свету не адрозніваецца ад тых, хто звяртаўся да ўкрыжаванага Езуса, кажучы: „Выратуй сябе сам“. Здаецца, што гэта — закон жыцця і выжывання. Але Езус папярэдзіў нас: „...хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго“ (пар. Мк 8, 35). У гэтым і ёсць таямніца хрысціянскага жыцця, браты і сёстры, і ў гэтыя дні мы зможам яе адкрыць, ідучы за Езусам і слухаючы Яго словы».
Арцыбіскуп адзначыў, што гісторыя мукі Хрыста пачынаецца і заканчваецца ўспамінам пра жанчын, якія клапоцяцца пра Езуса.
«Жанчыны дапамагаюць нам апрануцца ў пачуццё, якое знікае з нашага свету: у спагаду, у спачуванне, — сказаў Апостальскі Нунцый. — Іх любоў не крыклівая, не развязная, яна далікатная, бо праяўляецца праз прысутнасць і дробныя, амаль нязначныя, жэсты».
Паводле слоў іерарха, тым не менш ёсць вялікая адлегласць паміж гэтымі жэстамі і палахлівымі ўцёкамі вучняў, здрадай Юды, адрачэннем Пятра, рову натоўпу, які прагне ўкрыжавання, насмешкамі рымскіх салдат і абыякавасцю мінакоў.
«Браты і сёстры, крык Езуса на крыжы парушае цішыню абыякавасці і гвалту над церпячым чалавекам. Гэты крык абуджае нас, як спеў пеўня, што нагадаў Пятру словы любові Пана і прымусіў яго заплакаць», — сказаў арцыбіскуп.
«Крык Езуса — гэта таксама малітва, звернутая да нас і да ўсяго свету: не пакідайце Мяне, не ўжывайце гвалт і здзекі, не жывіце для сябе, не ўцякайце ад болю, навучыцеся міласэрнасці і спачуванню, жывіце ў любові.
Яго крык — гэта таксама просьба да нас: выбірай жыццё са Мной і, як Я, не бойся любові „задарма“, жыві з пакорай і лагоднасцю, будзь са Мной у цярпенні, тады зможаш цешыцца радасцю ўваскрасення.
Давайце сёння будзем слухаць гэты крык, каб не працягваць слухаць саміх сябе. Давайце ў гэтыя дні чыніць простыя, дармовыя жэсты любові ў адносінах да іншых, беручы прыклад з Езуса, лагоднага і пакорнага сэрцам», — заклікаў іерарх.
«Няхай гэта будзе наш спосаб наблізіцца да Сына Бога, які пакутуе і ідзе на смерць. Яго крык на крыжы нагадвае нам, што ў свеце ёсць шмат людзей, якія пакутуюць больш, чым мы. Давайце навучымся быць з імі побач, дапамагаць і не ігнараваць», — заключыў Апостальскі Нунцый.