Пошук


22 сакавіка ў Беларусі ўшанавалі 75-ю гадавіну трагедыі ў Хатыні — спаленай карнікамі ў 1943 г. вёскі на Міншчыне, населенай пераважна католікамі, якая стала ўвасабленнем соцень іншых беларускіх вёсак, знішчаных разам з жыхарамі падчас Другой сусветнай вайны.

У гэты дзень у мемарыяльным комплексе Хатынь, які, як чэшская Лідзіцэ або французскі Арадур, стаў сумнай візітоўкай Беларусі, дзе ў полымі апошняй вайны загінуў кожны чацвёрты жыхар, прайшоў мітынг-рэквіем «Хай ніколі не змоўкнуць Хатыні званы». Яго праграма была пабудавана з выкарыстаннем прыёму «занурэння ў гісторыю», які вёў удзельнікаў ад падзеяў 75-гадовай даўніны да сучаснасці. На жалобных мерапрыемствах у Хатыні прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, грамадскіх і рэлігійных арганізацый, дыпламатычнага корпусу ў Рэспубліцы Беларусь.

У мітынгу-рэквіеме ўзялі ўдзел прадстаўнікі асноўных веравызнанняў краіны. Ад імя каталіцкіх вернікаў памяць загінулых у Хатыні ўшанаваў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх звярнуўся да прысутных са словам, у якім, між іншым, адзначыў:

«22 сакавіка 1943 г., у той далёкі сонечны дзень, карнікі спалілі ў свірне 149 жыхароў гэтай вёскі і наваколля, сярод якіх было 75 дзецей. Аб гэтым, як і аб іншых падобных трагедыях, што адбываліся ў шматлікіх месцах Беларусі, нагадвае нам хатынскі мемарыяльны комплекс. Яго цэнтрам з’яўляецца бронзавая скульптура бацькі з забітым сынам на руках — „Няскораны Чалавек“, — які стаў сімвалам гэтай трагедыі, вядомым ва ўсім свеце».

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу, што ў такіх месцах, дзе адбыліся жахлівыя злачынствы супраць чалавечнасці, нявольна ўзнікае пытанне: а дзе тады быў Бог? Чаму Ён, усемагутны, не стрымаў злачыннай рукі і дапусціў ўсё гэта?

«На такія пытанні Бог <…> кажа, што быў на сваім месцы, бо даў чалавеку закон любіць бліжняга, як самога сябе. Непаслухмянасць Богу і адсутнасць любові да іншага чалавека стала прычынай гэтай і шматлікіх падобных трагедый у Беларусі і многіх краінах свету», — з болем канстатаваў пастыр Мінска-Магілёўскага Касцёла, які асабліва падкрэсліў, што ў такі дзень проста не мог не прыйсці сюды:

«Гэта наш абавязак адносна праўды, адносна ахвяраў Хатыні і многіх іншых месцаў генацыду нявінных людзей і адносна Бога».

Арцыбіскуп Кандрусевіч зазначыў, што Хатынь як месца памяці паказвае, што мы, калі хочам будаваць шчаслівую будучыню, не можам ісці дарогамі нянавісці, а павінны выбраць шлях любові да Бога і бліжняга.

«Мы не прыйшлі сюды, каб вярэдзіць старыя раны, але каб нізка схіліць нашыя галовы перад ахвярамі і маліцца, каб падобнае больш ніколі не паўтарылася. <…>

Голас хатынскіх званоў заклікае: „Людзі, памятайце! Памятайце, да чаго можа давесці незахаванне Божага закону любіць бліжняга, як самога сябе!»

Сваю прамову арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў малітвай:

«Усемагутны і міласэрны Божа, учыні, каб памяць пра нявінна загінулых у Хатыні стала новым імпульсам да прыняцця дараванага ўваскрослым Хрыстом супакою, да малітвы і намаганняў у справе ачышчэння памяці, прымірэння, узаемнай любові, павагі адзін да аднаго і ўсталявання міру ў свеце».

 
Абноўлена 22.03.2018 22:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.