Пошук

Фота: БелТА

21 сакавіка ў мемарыяльным комплексе Хатынь (Лагойскі раён) прайшла Усебеларуская малітва за мір, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі асноўных рэлігій у Беларусі.

Ад Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне да супольнай малітвы далучыўся Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Як адзначыў іерарх у размове з Catholic.by, сабраныя на трагічным месцы маліліся за мір і за нявінна забітых.

Каталіцкі біскуп, каментуючы выказванне «не забудзем, не прабачым», якое прагучала падчас Усебеларускай малітвы ў адрас забойцаў хатынскіх жыхароў, узгадаў размову Хрыста з двума злачынцамі, якія былі ўкрыжаваныя побач з Ім: адзін злачынец пакаяўся і з пакорай прасіў Хрыста ўзгадаць яго ў сваім Валадарстве.

«Бог будзе судзіць кожнага па справах яго. Але калі Бог будзе бачыць шчырае пакаянне, то будзе і прабачаць. Гэты злачынец з крыжа столькі зла ў сваім жыцці зрабіў, але атрымаў прабачэнне»,— дадаў біскуп Велікаселец.

Іерарх таксама звярнуў увагу на веру Каталіцкага Касцёла ў заступніцкую малітву памерлых перад Богам. Такімі заступнікамі, па словах біскупа Велікасельца, з’яўляюцца і забітыя жыхары Хатыні, і ахвяры, палеглыя ў іншых мясцінах Беларусі, дзе ў розныя часы адбываліся падобныя трагедыі масавых забойстваў нявінных.

«Варта маліцца за памерлых і прасіць іх малітоўнага заступніцтва, каб мы жылі ў святасці і сталі перад Богам з чыстай душой», — дадаў іерарх.

Хатынь — вёска ў Беларусі, знішчаная 22 сакавіка 1943 года карным атрадам нацыстаў. 149 жыхароў Хатыні былі спалены жывымі або расстраляныя. У 1969 годзе на месцы, дзе знаходзілася вёска, быў адкрыты мемарыяльны комплекс. Хатынь стала сімвалам масавага знішчэння мірнага насельніцтва нацыстамі і іх памагатымі на акупаванай тэрыторыі СССР.

Абноўлена 22.03.2021 13:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця