Пошук

21.03.2018 10:53   Catholic.by

Удзельнікі рэкалекцый «Сужэнскіх сустрэч» — пра жыццёвыя змаганні сужонкаў за сваё сямейнае шчасце. Гэта гісторыі пра тое, як пары змаглі справіцца з цяжкасцямі ў сваіх адносінах. Магчыма, гэтыя аповеды дапамогуць камусьцi знайсці выйсце з тупіку і дададуць надзеі.

Чарговая гісторыя — пра сям'ю Змітра і Дар’і Краўчанкаў

Зміцер: У шлюбе мы чатыры з паловай гады. У нас двое цудоўных сыночкаў — Ян і Францішак.

Мяне з Дар’яй пазнаёмілі нашы агульныя сябры. Ужо на першым спатканні яна мне вельмі спадабалася сваёй тактоўнасцю, адкрытасцю, сціпласцю. Памятаю, мы тады прайшлі не менш за 10 кіламетраў і яна ніводнага разу не паскардзілася на стомленасць.

Ужо на першым спатканні выявілася вялікая супярэчнасць у нашых рэлігійных поглядах. Да знаёмства з будучай жонкай я быў няверуючым, а яна — грэка-каталічкай. Тады я вырашыў не падымаць гэтую тэму ў нашых размовах. Чым больш я пазнаваў Дар’ю, тым больш яна мне падабалася, і я ўсё мацней пачынаў хвалявацца, што рознае стаўленне да веры можа зруйнаваць нашы адносіны.

Дар’я: З першых дзён знаёмства са Змітром я ведала, што ён не проста не верыць у Бога, а больш за тое — нічога пра Яго не ведае, ды і ведаць асабліва не хоча. Гэта мяне вельмі засмучала, бо мы даволі хутка закахаліся. Тады я разумела, што не змагу яго змяніць, не змагу прымусіць паверыць.

Усё, што я магла тады рабіць — гэта паказаць яму, якім можа быць жыццё, напоўненае малітвай і дыялогам з Панам, а таксама даверыцца ў пытанні яго веры Хрысту. І Ён увайшоў у яго сэрца і напоўніў яго любоўю і даверам.

Мне здаецца, што вялікая роля ў тым, што Зміцер адкрыў сваё сэрца Богу, належыць нашаму душпастыру, які рыхтаваў нас да вянчання, а таксама «Вечарам для закаханых», бо менавіта падчас іх я заўважыла, як Зміцер пачаў станоўча адказваць на стук Хрыста ў яго сэрца.

Дзякуючы Пану мы сталі нашмат бліжэй, у нас як у будучага сужэнства сфарміраваліся агульныя каштоўнасці, погляды, мы сталі падтрымкай адно для аднаго на шляху да Бога. Хрыстус напаўняе нашы адносіны, мы бачым Яго дары і ласку ў нашым жыцці, Ён стаў для нас прыкладам і памочнікам.

Зміцер: Праз некалькі месяцаў пасля таго, як мы пачалі сустракацца, Даша распавяла мне пра «Вечары для закаханых» і прапанавала паўдзельнічаць у іх. На той момант я быў ужо моцна закаханы ў будучую жонку, і пасля непрацяглых сумненняў пагадзіўся. Так дзякуючы любові да Дашы Пан увайшоў у маё жыццё.

Чаму менавіта ў гэты момант? На сустрэчах для закаханых былі зруйнаваны мае стэрэатыпы пра вернікаў, святароў, адносіны мужчыны і жанчыны і нават пра сябе самога. Я адкрыў для сябе новае вымярэнне. Пасля быў мой хрост, наша з Дашай вянчанне — рамантычны і шчаслівы час, поўны надзей, радасці і энтузіязму.

Дар’я: Сапраўды, у гэты час еднасці нашы адносіны былі вельмі лёгкімі, пяшчотнымі і рамантычнымі, але я добра разумела, што так можа быць не заўсёды.

Я разумела, што самае галоўнае для нас з самага пачатку сужэнства — навучыцца слухаць адно аднаго, дзяліцца адно з адным сваімі пачуцямі і патрэбамі.

Я вельмі хацела, каб наша сям’я будавалася на моцным фундаменце, а не на вельмі прыемным навобмацак, але такім зыбкім пяску. Таму я вельмі была рада выкарыстаць магчымасць і паўдзельнічаць ва ўікэндзе для сужэнстваў, бо была ўпэўнена, што ўдзел у ім дасць шмат плёну для нашай маладой сям’і.

Так яно і сталася. На ўікэндзе мы са Змітром атрымалі цудоўную магчымасць, гледзячы адно аднаму ў вочы, паразмаўляць на шматлікія важныя тэмы. Вопыт дыялогу, які мы атрымалі падчас гэтага ўікэнду, быў надзвычайна карысным, бо ён стаў асновай нашага сямейнага дыялогу.

Дзякуючы яму мы навучыліся слухаць адно аднаго, дзяліцца думкамі і пачуццямі, не баяцца быць шчырымі.

Мы навучыліся размаўляць на розныя тэмы, у тым ліку і складаныя. Убачылі і прынялі адрозненні нашых тэмпераментаў, якія раней з’яўляліся нярэдкімі прычынамі нашых непаразуменняў.

Дзякуючы пастаяннаму дыялогу адкрытасці і любові, якой мы стараемся напоўніць нашу штодзённасць, наша сямейнае жыццё становіцца больш гарманічным і шчаслівым.

Зміцер: Пасля вянчання мы з жонкай вырашылі не спыняцца на дасягнутым і, як толькі з’явілася магчымасць, прынялі ўдзел ва ўікэндзе руху «Сужэнскія сустрэчы». Усе нашы знаёмыя пыталіся: «Навошта вам гэта патрэбна? У вас і так выдатны дыялог!» На што мы адказвалі: «Дзеля таго, каб ён і далей такім заставаўся!»

І гэта праўда, бо адносіны ў шлюбе патрабуюць штодзённай працы і высілкаў. Мы з Дашай у гэтым не сумняваліся ні хвіліны.

Уікэнд быў проста чароўным! Ён падарыў нам многае, але галоўнае — гэта прынцыпы дыялогу: слухаць, перш чым казаць. Дзяліцца, а не спрачацца. Разумець, а не ацэньваць. Перш за ўсё дараваць.

Дар’я: Пасля ўікэнду дадому мы вярталіся вельмі ўзрушанымі. Гэты ўікэнд дапамог нам не толькі стаць яшчэ бліжэй адно да аднаго, але і наблізіў нас да Бога. Там мы ўсвядомілі, што Ён дае нам мачымасць зрабіць шчаслівымі нашых блізкіх, вучыць нас прабачэнню і бескарыслівай любові, а таксама з’яўляецца той моцай, якая ўтрымлівае нас разам у цяжкія моманты і дапамагае, пераадолеўшы крыўды і эмоцыі, пачаць дыялог.

Зміцер: Мы вярталіся з цвёрдым намерам і далей клапаціцца пра сваё каханне. І былі вельмі шчаслівыя, што зможам гэта рабіць разам з іншымі сем’ямі з супольнасці «Сужэнскія сустрэчы», удзельнікі якой хочуць дзяліцца адно з адным і са сваімі дзецьмі любоўю і клопатам.

Калі бачыш прыклад такіх сем’яў, слухаеш іх сведчанні, то разумееш, што мы не адны такія са сваімі перажываннямі і пачуццямі. Гэтыя прыклады ўзрушваюць нас на ўдасканаленне нашых сужэнскіх адносін, прыняцце нашых дзетак такімі, якія яны ёсць, паважаючы іх асобу і патрэбы кожнага члена нашай сям’і.

Дар’я: З моманту нашага першага ўікэнду прайшло крыху больш за чатыры гады. За гэты час у нас нарадзіліся двое цудоўных хлопчыкаў — Ян і Францішак. Прынцыпы дыялогу настолькі натуральна ўвайшлі ў наша жыццё, што яны сталі асновай не толькі нашых адносін са Змітром, але і адносін з нашымі дзеткамі.

Нягледзячы на тое, што нашы хлопчыкі яшчэ маленькія, яны (асабліва старэйшы) ужо добра ведаюць, наколькі важна ўмець слухаць адзін аднаго, размаўляць, дамаўляцца, а таксама агучваць свае думкі і пачуцці і, самае галоўнае, прабачаць. Такі штодзённы дыялог, напоўнены любоўю, дапамагае стварыць сапраўды шчырыя адносіны і пазбегнуць непаразуменняў.

Зміцер: Нам з Дар’яй вельмі хочацца, каб усё больш сужэнстваў адкрывалі свае сэрцы для дыялогу адно з адным і з Богам, тым самым паляпшаючы свае адносіны і напаўняючыся любоўю адно да аднаго.

Рэкалекцыі для вашага сужэнства

З 20 па 22 красавіка «Сужэнскія сустрэчы» ладзяць чарговыя рэкалекцыі ў в. Ляскоўка (Бараўляны) у цэнтры «Карытас». Яны могуць стаць часам абнаўлення і вашага кахання!

Кантактныя нумары:

Вольга +375 29 779 19 03
Аляксандр +375 29 250 06 99

Абноўлена 21.03.2018 11:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа