Велікапосныя рэкалекцыі для дзяўчат 8–10 сакавіка прайшлі ў кляштары сясцёр кармэлітак у Адамавічах і былі прысвечаны тэме «48 гадзін з Езусам Укрыжаваным».
Духоўным кіраўніком рэкалекцый стаў а. Аляксандр Фядотаў SCJ, вікарый гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец).
Першая канферэнцыя была прысвечана пустыні. Адзін з урыўкаў Евангелля апісвае, як сатана спакушаў Езуса ў пустыні (Лк 4, 1–13). Айцец рэкалекцыяніст закрануў таксама тэму вызвалення абранага народу з Егіпта (Зых 16, 1–15).
Ён падкрэсліў, што «Егіпет — гэта сімвал паміраючай надзеі»:
«У кожнага з нас свой Егіпет, які трымае нас, але з якога мы павінны выйсці, асабліва цяпер, у час Вялікага посту. Выйсці назаўсёды, каб увайсці ў зямлю абяцаную».
Чарговая канферэнцыя была прысвечана разважанню аб веры: калі і чаму мы губляем гэтую веру. Айцец Аляксандр падкрэсліў, што «духоўнае жыццё — гэта барацьба». А вера нам патрэбна для таго, каб вытрымаць у гэтай барацьбе і яшчэ больш з’яднацца з Панам Богам.
Вялікі пост — асаблівы час для гэтай барацьбы, калі мы павінны ачысціцца для Пана і пазбавіцца ад усяго, што аслабляе нашу веру і аддаляе ад Бога.
Цытуючы містыка Кармэля св. Ян ад Крыжа, святар адзначыў:
«Няма розніцы, ці птушка будзе прывязана тоўстай вяроўкай, ці тонкай: пакуль не разарве яе, не зможа ўзляцець. Так і ў нашым жыцці: кожнае наша жаданне прывязвае нас і не дае нам з’яднацца з Панам.
А Ён хоча, каб мы адкінулі рэчы, якія не могуць нас напоўніць і адцягваюць ад радасці, якую Ён хоча нам даць. Вера — гэта адна з трох цнотаў, праз якія мы наладжваем яшчэ мацнейшую сувязь з Богам».
Святар распавёў, што праблемай бязвер’я можа быць як сам чалавек, так і акружаючыя яго людзі, нейкія кампаніі. Адметнай рысай разважанняў рэкалекцыяніста стала тое, што ён заўсёды сваю думку мог патлумачыць прыкладам з жыцця.
Атмасфера ўсіх трох дзён рэкалекцый была па-сапраўднаму накіравана на з’яднанне з Езусам Укрыжаваным. Кожная з дзяўчат прыехала туды з нейкімі сваімі праблемамі, смуткамі, цярпеннямі. Праз штодзённае разважанне над Божым словам, праз адарацыю, сакрамэнт паяднання, святую Імшу, Крыжовы шлях і іншыя духоўныя практыкі прысутнасць Хрыста была жывой. Важна памятаць, што Пан асабліва блізка да нас у нашых цярпеннях…