6 сакавіка ў Гродне пасля рэстаўрацыі прэзентавалі дакументы з архіву брыгіцкага касцёла XVI–XX стагоддзяў.
Пра гэта са спасылкай на БЕЛТА паведамляе grodnensis.by.
Магчымасць аднавіць архівы з’явілася дзякуючы супрацоўніцтву Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея і музея Падляшша ў Беластоку.
Дакументы з архіву гродзенскага брыгіцкага касцёла трапілі ў музей больш за 50 гадоў таму. Аркушы былі моцна пашкоджаны, з цвіллю, літаральна рассыпаліся ў руках. Працаваць з архівам у такім стане было немагчыма.
«Пра тое, што ў нас захоўваюцца такія дакументы, стала вядома калегам з Польшчы. Яны атрымалі грант і на працягу двух гадоў праводзілі рэстаўрацыю», — распавёў дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка.
Падчас рэстаўрацыі дакументы апрацавалі спецыяльным рэчывам, якое павінна зберагчы іх ад разбурэння. Важныя фрагменты страчанай паперы былі адноўлены, што стала магчымым дзякуючы сучасным метадам рэстаўрацыі.
Пакуль адноўлена толькі каля 300 аркушаў. Усяго ў Гродне было знойдзена 497 старонак дакументаў — гэта толькі невялікая частка архіву кляштара. Рэшта, у тым ліку надзвычай каштоўныя кнігі і дакументы, на жаль, не захавалася.
Уратаваныя дакументы адносяцца да розных эпох — з XVI да XX ст. Сярод іх — статуты ордэну, падрабязныя рэгламенты жыцця манахінь, зборнікі малітваў і спеваў, інвентары маёмасці, што належала кляштару.
Частка дакументаў напісана па-польску, частка — па-руску. На польскай мове вялася ўнутраная перапіска, на рускай — перапіска з чыноўнікамі. Ёсць запісы аб аплаце «за свечкі», «за крупы», «за бычка-аднагодка».
«У асноўным там змяшчаюцца кляштарныя статуты, казанні, малітвы і мноства гаспадарчых дакументаў — дамовы, вопісы, ацэнка маёмасці. Калі ўзяцца за вывучэнне архіву, можна будзе ўявіць, як жылі людзі ў тыя часы», — адзначыў Юрый Кітурка.
Калі рэстаўрацыя скончыцца, адноўленая частка архіву, як і ўсе дакументы, якія паступаюць у музей, пройдзе навуковую інвентарызацыю: будзе складзена спецыяльная картка, сабрана інфармацыя аб тым, што ў ёй змешчана.
У далейшым паперы, як упэўнены ў музеі, стануць аб’ектам пільнага даследавання з боку навукоўцаў. Частка архіву ўвойдзе ў вялікую выстаўку пад назвай «Сакральная спадчына Панямоння», якую плануюць адкрыць у лістападзе 2018 г. Разам з выстаўкай плануецца арганізаваць і навуковую канферэнцыю.
Даведка:
Каштоўны архіў брыгітак, які ствараўся з 1634 года, калі быў заснаваны кляштар у Гродне, каталагізавалі сёстры назарэтанкі ў 1925 годзе. Пасля 1950 года, калі кляштар перарабілі ў псіхіятрычны шпіталь, вялікая частка архіву загінула.