Пошук

09.01.2018 12:14   hrodna.life

Два гады таму польская прафесар Марыя Каламайска-Саед знайшла ў Гродне скрыню старадаўніх дакументаў — частку архіву гродзенскага кляштара брыгітак.

Як піша Gazeta Wyborcza, каштоўныя дакументы, якія рассыпаліся ў руках, удалося захаваць дзякуючы ўдзелу Музея Падляшша ў Беластоку.

Прафесар Каламайска-Саед — гісторык мастацтва, супрацоўніца польскай Акадэміі навук, якая вывучала помнікі сакральнай архітэктуры на ўсходзе былой Рэчы Паспалітай. Яна даследавала многія касцёлы Беларусі і даўно супрацоўнічае з Музеем Падляшша.

Знайшоўшы каштоўныя дакументы ў Гродне, вучоная адразу звязалася з музеем. Беластоцкая ўстанова ў рамках міністэрскіх праграм атрымлівае гранты на такую дзейнасць — ратаванне гістарычнай спадчыны за межамі Польшчы.

Дакументы рассыпаліся ў руках

Дырэктар музея Анджэй Ляхоўскі зазначае, што не вагаўся ані хвіліны: «Нельга было чакаць, папера літаральна рассыпалася ў руках».

Музей атрымаў значную суму ад Міністэрства культуры, яшчэ частку грошай выдзелілі улады Падляшскага ваяводства. Выратаваныя дакументы вернуцца ў Гродна — у Гісторыка-археалагічны музей. У канцы 2018 года там плануецца правядзенне выстаўкі, прысвечанай выратаванаму архіву брыгітак. У Беластоку застануцца копіі дакументаў, іх перавядуць у лічбавы фармат і перададуць у дзяржаўны архіў.

Каштоўнасці з XVI да XX ст.

Усяго ў Гродне было знойдзена 497 старонак дакументаў. Іх аднаўляла спецыялізаваная рэстаўрацыйная майстэрня з Варшавы. Але гэта толькі невялікая частка архіву кляштара. Рэшта, у тым ліку надзвычай каштоўныя кнігі і дакументы, на жаль, не захавалася.

Уратаваныя дакументы адносяцца да розных эпох — з XVI да XX ст. Сярод іх — статуты ордэну, падрабязныя рэгламенты жыцця манахінь, зборнікі малітваў і спеваў, інвентары маёмасці, што належала кляштару.

Частка дакументаў напісана па-польску, частка — па-руску. На польскай мове вялася ўнутраная перапіска, на рускай — перапіска з чыноўнікамі. Ёсць запісы аб аплаце «за свечкі», «крупу», «за бычка-аднагодка».

Большасць архіву знікла

Каштоўны архіў брыгітак, які ствараўся з 1634 года, калі быў заснаваны кляштар у Гродне, каталагізавалі сёстры назарэтанкі ў 1925 годзе. Пасля 1950 года, калі кляштар перарабілі ў псіхіятрычны шпіталь, вялікая частка архіву загінула.

Абноўлена 09.01.2018 16:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа