Пошук

28.02.2018 16:55   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

«Пад блакітам нябёсаў» — пад такой назвай 21 лютага ў віцебскім Мастацкім музеі адкрылася юбілейная выстаўка мастака Вячаслава Шамшура, прафесара кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, кандыдата мастацтвазнаўства і сябра Беларускага саюза мастакоў.

Выстаўка была прымеркавана да юбілею мастака, які ён адзначыў у мінулым годзе. З гэтай нагоды ў музеі сабралася вялікая колькасць калегаў, вучняў і прыхільнікаў творчасці мастака, каб павіншаваць юбіляра і выказаць словы падзякі не толькі за ягоную творчасць, але і за яго педагагічную дзейнасць.

Карціны, прадстаўленыя на выстаўцы, выкананыя пераважна ў тэхніцы пастэлі і алейнага жывапісу. Сярод іх найбольш пейзажаў. Вельмі выразных, напоўненых святлом, каларыстычных і эмацыйных.

Відаць, што гэта адна з улюбёных тэмаў маэстра, своеасаблівае адлюстраванне светапогляду мастака, які з такой любоўю перадае хараство краявідаў Беларусі. Пры гэтым назвай адной з карцін «Боская раніца» мастак падкрэслівае, Хто з’яўляецца Творцам гэтай дасканаласці.

А што датычыцца творчасці мастака, то, здаецца, самую высокую яе ацэнку даў адзін з ягоных сяброў, паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч, выступаючы на адкрыцці выстаўкі: «Бачна, што гэтыя карціны намаляваў беларус».

На юбілейнай выстаўцы Вячаслава Шамшура было прадстаўлена і шмат карцін з выявамі культавых аб’ектаў — як праваслаўных, так і каталіцкіх. Гэта цэрквы Віцебска, Плісы, касцёлы Слабодкі, Мёраў, сярод якіх вылучаецца адмысловая серыя «Касцёл святой Барбары».

Гэта дзесяць карцін з выявай касцёла святой Барбары ў Віцебску ў розныя часы дня, намаляваныя ў 2008 і 2015–2016 гг. Чамусьці адразу прыгадваецца серыя карцін з выявай Руанскага сабора, створанага ў свой час імпрэсіяністам Клодам Мане.

Сам мастак, адказваючы на пытанне, чаму ён малюе менавіта храмы, кажа: «Калі б не было храмаў, не было б і твару горада», — і дадае: «Хоць я сам і праваслаўны, але вельмі люблю бываць у каталіцкіх храмах».

Распавядаючы пра акалічнасці напісання серыі «Касцёл святой Барбары», мастак кажа, што менавіта гэта храм для выявы ён выбраў адмыслова:

«Тут у свой час служыў мой вучань, выпускнік мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута айцец Міхал Ермашкевіч ОР. Па-другое — гэта своеасаблівая дамінанта горада, асаблівасць таго шэрага раёна, дзе знаходзіцца гэты касцёл. Гэта радасць узнясення, радасць готыкі...

Вячаслаў Шамшур прымаў удзел у шматлікіх пленэрах як за мяжой, так і ў Беларусі. У мінулым годзе ён быў удзельнікам «Скарынэра» ў Друі пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы, пакінуўшы для збораў будучага музея сучаснага мастацтва пры парафіі карціну «Боскі дзень» з выявай друйскага касцёла. На юбілейнай выстаўцы мастака была прадстаўлена і карціна, створаная падчас «Скарынэра» — «Пільніца».

Дарэчы, некалькі гадоў таму мастак падараваў катэдральнаму касцёлу Езуса Міласэрнага ў Віцебску сваю карціну з выявай святога папы Яна Паўла II. Цяпер партрэт знаходзіцца ў канферэнц-зале Моладзевага цэнтра пры парафіі.

           
Абноўлена 28.02.2018 20:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.