Міжнародная сустрэча скаўтаў Еўропы сабрала беларускіх і польскіх удзельнікаў скаўцкага руху 17 лютага ў Гродне, у моладзевым цэнтры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (м-рн Дзевятоўка). Яе ўдзельнікаў благаславіў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Актуальна для Касцёла і грамадства
Пашырэнне скаўцкага руху і выхаванне дзяцей і моладзі праз скаўтынг — гэта тое, што зараз вельмі актуальна для Каталіцкага Касцёла і грамадства ў цэлым. Менавіта так можна акрэсліць асноўную ідэю сустрэчы, падчас якой прадстаўнікі з Польшчы дзяліліся з беларусамі сваім вопытам у скаўцкім служэнні.
Бацькі — гэта анёлы-ахоўнікі ў скаўцкім руху
На сустрэчу былі запрошаныя не толькі тыя, хто непасрэдна займаецца скаўтынгам, але і бацькі, чые дзеці ўдзельнічаюць у скаўцкім руху. Скаўтынг немагчымы без удзелу бацькоў, якія з’яўляюцца вялікай дапаможнай сілай асабліва на першай ступені выхавання дзяцей (8–11 гадоў).
Роля бацькоў не абмяжоўваецца іх прысутнасцю і матэрыяльнай дапамогай, але найперш заключаецца ў падтрымцы дзіцяці, у дапамозе яму зразумець, што скаўтынг — гэта важна і адказна.
На жаль, пакуль яшчэ не ў кожнай беларускай парафіі ведаюць асноўную інфармацыю пра каталіцкіх скаўтаў і магчымасці, якія нясе для дзяцей і моладзі гэты рух і ўдзел у ім. Не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы неабходна папулярызаваць гэты рух, як адзначылі нашы заходнія госці.
Далучыцца да прыгоды
Удзел у скаўтынгу — гэта найперш удзел у прыгодзе, вялікай прыгодзе, без якой не можа адбыцца сталення і якаснага станаўлення асобы.
На чым грунтуецца скаўтынг?
Асновы скаўтынгу:
- служэнне Богу;
- выхаванне характару;
- здароўе;
- прынцып любові да іншых і выйсце з эгаізму;
- педагогіка прыроды;
- братэрства;
- досвед Паўсюднага Касцёла;
- выхаванне маладых маладымі, натуральныя аўтарытэты.
Хто? Калі? Як?
Хто прыходзіць у скаўцкі рух? Чаму прыходзяць у скаўцкі рух? Ці не позна далучыцца, калі табе каля сарака, а не 13–14 гадоў?
Асаблівасці ўзросту і псіхалогіі дзяцей і падлеткаў, патрабаванні да сябе і да тых, каму ты служыш. Цяжкасці і пытанні, якія ўзнікаюць на шляху папулярызацыі гэтага руху. Дапаможныя крыніцы і літаратура. Роля душпастыра ў гэтым руху. Ці можа святар быць скаўтам. Поспехі і паразы. Гэтыя і многія іншыя пытанні былі паднятыя падчас сустрэчы.
Скаўтынг ідзе пад харугвай хрысціянства, якое ўтварыла і сфармавала Еўропу, захоўваючы традыцыі і каштоўнасці продкаў для нашчадкаў.
Варта адрозніваць скаўтынг ад турызму, спорту, рэлігійнага руху
Скаўтынг не з’яўляецца
- ані працягам школы;
- ані спортам;
- ані рэлігійным рухам;
- ані парафіяльнай групай;
- ані арганізацыяй адпачынку;
- ані ніжэйшай духоўнай семінарыяй;
- ані турыстычным клубам.
Скаўтынг — гэта шлях да сталення для маладых людзей, які можна распачаць ужо з васьмігадовага ўзросту. Але далучыцца да гэтага шляху ніколі не позна.
Сустрэча скончылася Гадзінай Святла, як называецца ў скаўтаў малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, а таксама супольнай Эўхарыстыяй.
Больш падрабязна пра скаўцкі рух у Беларусі тут >>>