У мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай прайшоў дванаццаты дзіцяча-моладзевы фестываль мастацкай творчасці «Лошыца-2018». Заснавальнік і духоўны натхняльнік свята творчасці — пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч.
«Бываючы ў сем’ях падчас калядных адведзінаў, я неаднойчы пераконваўся, як шмат здольных і таленавітых дзяцей у нашай парафіі: многія іграюць на розных музычных інструментах, спяваюць, малююць. Тады і прыйшла задума правесці свята творчасці, каб Божымі дарамі дзеці ўслаўлялі Пана і радавалі ўсіх парафіянаў», — адзначае святар.
Падчас фестывалю ўдзельнікі выконваюць мастацкія творы на рэлігійную тэматыку.
Штогод свята праходзіць з нагоды гадавіны нараджэння заснавальніка ордэна айцоў міхалітаў, благаслаўлёнага ксяндза Браніслава Маркевіча, і прысвячаецца яго памяці.
З мінулага года ўдзел у духоўным канцэрце прымаюць не толькі дзеці і моладзь, але і іх бацькі.
Сёлета падчас фестывалю ўдзельнікі разам з падарункамі атрымлівалі і адмысловае Божае слова для сваёй сям’і, якое зачытвалі ўсім прысутным. Завяршэннем свята талентаў стаў супольны здымак «Да пабачэння, “Лошыца-2018”, і чакаем “Лошыцу-2019”».