Пошук

29.01.2018 09:06   Руслан Кулевіч / hrodna.life

Гродна далучыўся да сусветнай акцыі «Мы памятаем», якая праводзіцца ва ўсім свеце 27 студзеня, у Дзень памяці ахвяраў Халакосту. Адзначыць памятную дату разам з прадстаўнікамі яўрэйскай абшчыны прышлі прадстаўнікі духавенства і неабыякавыя гараджане.

Cустрэча адбылася пры ўваходзе ў былое гета.

27 студзеня 1945 года Чырвоная армія вызваліла адзін з самых страшных канцлагераў Другой сусветнай вайны — Аўшвіц-Біркенаў каля польскага Асвенцыма. У гэты лагер вывозілі і вялікую колькасць гродзенскіх яўрэяў.

«Мы сабраліся, каб ушанаваць памяць ахвяраў Халакосту, а таксама ўспомніць яўрэяў гродзенскай абшчыны. Тых, якія загінулі, і тых, якія выжылі падчас тых страшных падзей. Мы хочам, каб у грамадстве была памяць», — распавёў прадстаўнік Асацыяцыі юдэа-хрысціянскага дыялогу Shomer — International у Беларусі Яўген Калодзін.

Пра гісторыю памятнай дошкі на ўваходзе ў гета № 1 распавядала краязнаўца Марына Шапялевіч.

Яна ўзгадала чатырох гродзенцаў, былых вязняў гета, якія паспрыялі ўсталяванню памятнай дошкі, — Саламона Жукоўскага, Лізу Чапнiк, Фелікса Зандмана і Рыгора Хасiда. Іх здымак на гэтым месцы цяпер захоўваецца ў музеі сінагогі.

Яны выжылі ў вайне і пасля вайны зрабілі вялікі ўнёсак як у захаванне гісторыі, так і ў развіццё навукі. Фелікс Зандман, якога выратавала польская сям’я каля Гродна, стварыў адзін з элементаў сучаснага тэлефона. Саламон Жукоўскі, якога выратавала беларуская сям’я, стаў захавальнікам гісторыі гродзенскай яўрэйскай абшчыны. Менавіта ён быў ініцыятарам стварэння памятнай дошкі і прынёс у мясцовы гарвыканкам шэсць тамоў расследаванняў фашысцкіх злачынстваў менавіта ў Гродне.

Ліза Чапнiк пасля выратавання з Гродзенскага гета сама дапамагла выратаваць вялікую колькасць яўрэяў. А Рыгор Хасiд усё жыццё пражыў у Гродне, працуючы настаўнікам.

Даведка:

У час Другой сусветнай вайны з 29 тысяч гродзенскіх яўрэяў жывымі засталіся каля 200 чалавек. Большая частка загінула ў канцлагеры пад Асвенцымам Аўшвіц-Біркенаў. Жыць пасля вайны ў Гродна вярнуліся толькі некалькі дзясяткаў яўрэяў. Варта адзначыць, што з Гродна ў лагеры смерці траплялі не толькі яўрэі, але і палякі з беларусамі.

Абноўлена 29.01.2018 17:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.